Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, якая трэці дзень знаходзіцца ў Варшаве, абмяркоўвае з польскімі палітыкамі, сярод іншага, праблему кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. На 30 траўня заплянаваная сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі зь міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім.


Паводле Віктара Карняенкі, акрэсьліліся тры групы пытаньняў, якія выклікаюць найбольшую цікавасьць:

1. Зьмяншэньне кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі;

2. Павышэньне эфэктыўнасьці праграмы Каліноўскага для студэнтаў, выключаных зь беларускіх навучальных установаў за палітычныя погляды.

3. Падрыхтоўка да выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ўвосень.

Што тычыцца візаў, дык спадар Карняенка адзначае:

“Нам трэба праводзіць добрую агітацыйную кампанію сярод насельніцтва. І патлумачыць людзям, хто вінаваты ў тым, што склалася такая сытуацыя. І нагадваць пра 12 прапановаў Эўразьвязу для Беларусі. А што да польскіх палітыкаў, дык яны, як суседзі, добра разумеюць сытуацыю і гатовыя спрыяць гэтаму працэсу”.

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Віктар Гайсёнак кажа: беларускія ўлады таксама робяць захады для зьніжэньня кошту шэнгенскіх візаў. Дзеля гэтага Беларусь спрабуе весьці двухбаковыя перамовы з краінамі гэтай зоны. Учора, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, спадар Гайсёнак назваў гэтую праблему складанай:

Мы спрабуем весьці двухбаковыя перамовы. Але пакуль парушыць салідарнасьць краінаў шэнгенскай зоны нам не ўдаецца
“Гэта пытаньне, якое тычыцца нашых дачыненьняў з Эўразьвязам наагул. Эўразьвяз увязвае пачатак перамоваў па коштах візаў з рэалізацыяй палітыкі добрасуседзтва, стварэньнем пляну працы ў гэтай палітыцы. Але пры гэтым у наш адрас выстаўляюцца палітычныя патрабаваньні — тыя самыя знакамітыя 12 пунктаў. Таму праца ў гэтым напрамку надзвычай цяжкая. Мы спрабуем весьці двухбаковыя перамовы. Але пакуль парушыць салідарнасьць краінаў шэнгенскай зоны нам не ўдаецца”.

Праграму Каліноўскага абодва бакі ацэньваюць высока. Але ёсьць і грунтоўная праблема — як падвысіць яе эфэктыўнасьць? — кажа Віктар Карняенка:

“Вельмі цікавіць тое, каб людзі, якія атрымалі добрую эўрапейскую адукацыю, потым вярталіся ў Беларусь. І гэта залежыць, зразумела, не ад польскага боку, а ад нашых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў. Яны павінны трымаць студэнтаў у курсе беларускіх справаў, каб яны былі заангажаваныя ў гэтай справе.

Гэта адзін з момантаў. Ёсьць і іншыя. Гэта — адбор, сэлекцыя студэнтаў. І як ім выбіраць тую ці іншую навучальную ўстанову”.

У першыя два дні візыту апазыцыйныя палітыкі зь Беларусі правялі перамовы ў Міністэрстве замежных справаў і парлямэнце. Учора іх прымаў старшыня сэнату Богдан Барусевіч.

Сустаршыня Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька, нягледзячы на свой статус невыязнога зь Беларусі, таксама знаходзіцца ў Варшаве:

“Вядома, абмяркоўваецца сытуацыя, наколькі беларускія ўлады гатовыя на нейкі дыялёг. Тут ёсьць пэўныя адценьні. Але ў цэлым дамінуе адна пазыцыя — і ў выканаўчых, і ў заканадаўчых структурах польскай улады кажуць: усе рашэньні па Беларусі будуць прымацца толькі пасьля кансультацыяў з Аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі. І гэта вельмі важна, бо яны разглядаюць АДС як суб'ект, безь якога немажліва прыняцьцё сур’ёзных рашэньняў у беларускім пытаньні”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG