Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ЗША спрыяюць дэмакратыі ў Беларусі?


Як Злучаныя Штаты спрыяюць разьвіцьцю дэмакратыі і выкананьню правоў чалавека ў замежных краінах? Адказу на гэтае пытаньне прысьвечаная апублікаваная ўчора справаздача дзярждэпартамэнта ЗША.


Яна ахоплівае 106 дзяржаваў, якія Злучаныя Штаты трактуюць, як “недэмакратычныя краіны" ці краіны, якія пераходзяць да дэмакратыі. Асобны разьдзел дакумэнту прысьвечаны Беларусі.

У справаздачы адзначаецца, што галоўная мэта палітыкі ЗША адносна Беларусі палягае ў тым, каб спрыяць ўсталяваньню дэмакратычнай , мірнай і заможнай краіны, якая паважала б правы чалавека і праўныя нормы. Урад ЗША разам з Эўразьвязам і іншымі міжнароднымі партнэрамі робіць захады супраць беларускіх урадоўцаў, адказных за парушэньні правоў чалавека, падаўленьне дэмакратыі і карупцыю. Адначасна ЗША падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць Беларусі , у тым ліку незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі, незалежныя прафсаюзы і прадпрымальнікаў.

Летась у жніўні амэрыканскі ўрад пасьля кансультацый з Эўразьвязам увёў візавыя санкцыі супраць шырокага кола беларускіх ўрадоўцаў і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама супраць іх сужэнцаў.

У лістападзе летась былі замарожаныя актывы беларускага дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” і ягонага амэрыканскага філіялу. У сьнежні мінулага году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сустрэўся ў Авальным кабінэце з дэлегацыяй беларускай апазыцыі.

У справаздачы падкрэсьліваецца, што, каардынуючы свае высілкі з Эўразьвязам, ЗША дамагаліся вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі. Да лютага гэтага году былі вызваленыя 5 з шасьці асобаў. прызнаных ў сьвеце палітычнымі зьняволенымі. Аднак за кратамі застаецца Аляксандар Казулін.

У дакумэнце таксама пералічваюцца праграмы дапамогі і спрыяньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі: 50 грантаў на падтрымку незалежных выданьняў і Інтэрнэт-рэсурсаў, 14 правабарончых праектаў, спрыяньне працы незалежнага тэлеканала для Беларусі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG