Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Баразенка — адзіны з 14 абвінавачаных у крымінальнай справе, распачатай уладамі паводле падзеяў 10 студзеня падчас акцыі прадпрымальнікаў, які пакуль ня быў асуджаны.


Справу супраць Аляксандра Баразенкі з абвінавачваньнем у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта пацягнулі за сабой грубае парушэньне грамадзкага парадку падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, не перадалі ў суд з тае прычыны, што Аляксандар дагэтуль не азнаёміўся зь ёй.

Аляксандар вучыцца на першым курсе Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту на факультэце грамадзкіх навук па праграме Кастуся Каліноўскага. Летась яго адлічылі з БДУ, дзе ён вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў. Гэта здарылася адразу пасьля таго, як ён быў пакараны арыштам за ўдзел у студэнцкай акцыі “Пахаваньне льготаў”.

10 студзеня Аляксандар удзельнічаў у акцыі, паколькі быў у Менску, каб падоўжыць візу. Прыехаць зноў у Менск, каб азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, ён ня змог, бо здаваў экзамэны, якія прапусьціў падчас адбыцьця арышту.
Бацькі, канешне, хочуць, каб я застаўся. Але гэта ня мой выбар.

“Я адразу пасьля адбыцьця арышту на Акрэсьціна, пабыў яшчэ пару дзён дома, каб пабыць з бацькамі. Я мусіў ехаць у Польшчу на сэсію, бо і так пад час арышту я прапусьціў амаль усю сэсію і мяне ледзь не выключылі з унівэрсытэту за гэта”, - гаворыць Аляксандар Баразенка.

Аляксандар Баразенка даведаўся, што сьледчы Павал Міхалькевіч абвясьціў яго ў крымінальны вышук. На практыцы гэта азначае, што як толькі ён перасячэ беларускую мяжу, яго затрымаюць і могуць да суду ўтрымліваць у сьледчым ізалятары. Аляксандар паведаміў “Свабодзе”, што разьлічваў прыехаць у Менск пасьля сэсіі ў ліпені, каб да пачатку новага навучальнага году атрымаць прысуд.

“Бацькі, канешне, хочуць, каб я застаўся. Яны, увогуле, хочуць, каб застаўся тут назаўсёды. Але гэта ня мой выбар. Я, безумоўна, так не зраблю. Маё жыцьцё зьвязанае з Беларусьсю і там буду да канца, пакуль мы не пабудуем новую квітнеючую Беларусь. Што буду рабіць летам я дакладна ня ведаю. Шмат будзе залежыць ад таго, як павядзе сябе сьледчы: дазволіць ён мне прыбыць у Беларусь пад падпіску пра нявыезд, ці аддасьць загад зьмясьціць мяне ў СІЗА. Гэта вельмі важны фактар”.

23 красавіка суд Цэнтральнага раёну пакараў дзесяць абвінавачаных штрафамі і абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру.

27 траўня Паўла Вінаградава і Міхаіла Субача суд пакараў абмежаваньнем волі на два гады, а 16-гадовага Максіма Дашука — на паўтара года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG