Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя Amnesty International выдала штогадовую справаздачу аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце за мінулы год (з траўня 2007 па травень 2008 г.).


У разьдзеле даклада, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца ціск уладаў на грамадзянскую супольнасьць, юрыдычны перасьлед апазыцыйных актывістаў, а таксама працяг выкананьня сьмяротных пакараньняў.


Беларускія праваабаронцы камэнтуюць разьдзел справаздачы Amnesty International, прысьвечаны Беларусі


Сёлета — 60-я гадавіна прыняцьця краінамі ААН Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. У гэтую гадавіну Amnesty International заклікае краіны сьвету вярнуцца да выкананьня тых абяцаньняў, якія іх папярэднікі давалі 60 гадоў таму.

Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека была прынятая ААН 10 сьнежня 1948 году. Яе падпісалі ўсе дзяржавы, якія тады ўваходзілі ў ААН. Аднак за 60 гадоў, што прайшлі з таго часу, далёка ня ўсе зь іх прытрымліваліся высокіх прынцыпаў, запісаных у Дэклярацыі. І сёлетняя справаздача Amnesty International поўная сьведчаньняў пра адвольныя арышты і катаваньні людзей за іх перакананьні, пра ўціск свабоды слова, пра брутальныя дзеяньні супраць мірных дэманстрацый у розных краінах сьвету.

Гаворыць генэральны сакратар Амністыі Ірэн Хан:

“Гэта — шасьцідзясятая гадавіна прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, самы час, каб урады папрасілі прабачэньня за парушэньні правоў чалавека на працягу 60 гадоў і вярнуліся да абяцаньняў, якія яны давалі ў 1948 годзе”

Прыняцьцё Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ўсё ж шмат у чым зьмяніла сьвет. Пытаньне правоў чалавека перастала быць унутранай справай дзяржаваў. Прымушэньне рэпрэсіўных рэжымаў да захаваньня правоў чалавека стала важным элемэнтам палітыкі заходніх краін. Праўда, праваабаронцы часта крытыкуюць заходнія ўрады за тое, што яны гатовыя караць санкцыямі за парушэньні правоў чалавека такія краіны, як Судан і М’янму, але значна больш абачліва падыходзяць да такіх важных гандлёвых партнэраў і магутных дзяржаваў, як Расея і Кітай.

Летась пра гэтыя дылемы заходняй палітыкі гаварыў на канфэрэнцыі ў Празе былы савецкі дысыдэнт, ізраільскі палітык Натан Шчаранскі.

Шчаранскі: “Гэтая дваістасьць існавала заўсёды. Пытаньне ў прапорцыі: ці галоўны акцэнт у адносінах з рэпрэсіўнымі рэжымамі робіцца на патрабаваньні, каб яны палепшылі становішча з правамі чалавека і вызвалілі палітзьняволеных, ці гэта — апошні пункт у вашых адносінах, а на першым месцы — прыбытак. І мэта нашай барацьбы — зрабіць пытаньне правоў чалавека і лёсу іншадумцаў галоўным у парадку дня міжнародных адносінаў”.

Пры гэтым варта адзначыць, што правы чалавека — гэта не інструмэнт заходняга ўплыву, палітыка правоў чалавека — гэта палітыка прынцыпаў, а не інтарэсаў. Пра складаную сувязь паміж правамі чалавека і палітычнымі зьменамі гаварыў на леташняй канфэрэнцыі ў Празе кіраўнік праекту транзытных дэмакратыяў Брус Джэксан.

Джэксан: “Я мяркую, што мы перабольшваем ролю грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянская супольнасьць падтрымлівае дэмакратыю, яна можа быць умовай дэмакратыі, але яна не заваёўвае дэмакратыю. Зараз у Беларусі больш няўрадавых арганізацый, чым у Грузіі, і калі б няўрадавыя арганізацыі адны маглі заваяваць дэмакратыю, то прэзыдэнтам свабоднай Беларусі быў бы зараз Аляксандар Мілінкевіч”

Сёлетняя справаздача Amnesty International сапраўды пацьвярджае, што Беларусь застаецца несвабоднай краінай. У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, нагадваецца, што ў сьнежні летась Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой асуджаюцца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Пералічваючы выпадкі парушэньні права на свабоду выказваньня ў Беларусі, Amnesty International асабліва засяроджвае ўвагу на двух сюжэтах: зьняволеньні былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які адбывае тэрмін за арганізацыю мірнай дэманстрацыі, і рэпрэсіі ўладаў супраць удзельнікаў сёлетніх дэманстрацый на Дзень Волі 25 сакавіка.

У частцы справаздачы, якая тычыцца парушэньняў свабоды асацыяцый, гаворыцца пра шматлікія выпадкі крымінальнага перасьледу актывістаў “Маладога Фронту”, якія прыцягваліся да адказнасьці за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Таксама прыгадваецца выпадак з праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, якая была зьліквідаваная ў 2003 годзе. Летась у ліпені Камітэт ААН па правах чалавека прыняў пастанову, у якой расцаніў ліквідацыю “Вясны” як парушэньне беларускімі ўладамі права на свабоду асацыяцый. Пасьля гэтага рашэньня сябры ліквідаванай арганізацыі падалі заяву на новую рэгістрацыю, але атрымалі адмову.

У частцы, якая тычыцца свабоды сумленьня, адзначаецца, што адпаведны закон, прыняты ў Беларусі ў 2002 годзе, дае магчымасьць весьці паўнацэнную дзейнасьць толькі зарэгістраваным канфэсіям. Пры гэтым многія пратэстанцкія цэрквы сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі. Amnesty International прыводзіць выпадак пратэстанцкага пастара Яраслава Лукашыка. Ён быў арыштаваны па абвінавачваньні ў “незаконнай рэлігійнай дзейнасьці”, а потым дэпартаваны з краіны, хоць жонка і трое дзяцей пастара — грамадзяне Беларусі.

Змаганьне супраць сьмяротнага пакараньня было адным з галоўных напрамкаў дзейнасьці Amnesty International ад пачатку яе стварэньня. Юрыдычная практыка Беларусі кідае выклік гэтым памкненьням арганізацыі. Беларусь — адзіная краіна ня толькі ў Эўропе, але і ў рэгіёне, якая працягвае выконваць сьмяротныя пакараньні. Нават Узбэкістан абвясьціў мараторый на іх выкананьне з пачатку бягучага году, у Беларусі ж, паводле Amnesty International, сёлета ў лютым былі выкананыя тры сьмяротныя прысуды.


Amnesty International — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая мае на мэце “рабіць дасьледаваньні і дзеяньні, скіраваныя на папярэджаньне і спыненьне парушэньня правоў на фізычную і псыхічную недатыкальнасьць, на свабоду сумленьня і выказваньня”. Заснаваная ў Вялікай Брытаніі ў 1961 годзе. У 1977 годзе ўганараваная Нобэлеўскай прэміяй міру.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG