Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе віцебскаму КДБ шукаць актывістаў РНЕ?


Сёньня віцебскага праваабаронцу Леаніда Сьвеціка дапытаюць ў мясцовым КДБ. А папярэднічаў гэтаму сьледчаму дзеяньню ператрус, які супрацоўнікі спэцслужбы правялі ў кватэры праваабаронцы.


У позьве, якую атрымаў з КДБ Леанід Сьвецік, не пазначана, у якой якасьці яго зьбіраюцца дапытаць. Праваабаронца не выключае чаго заўгодна, бо ўжо мае досьвед стасункаў з гэтай ўстановай. 23-га траўня да яго ў хату прыйшлі з пастановай на ператрус тры супрацоўнікі КДБ. У гэтым дакумэнце спадар Сьвецік быў названы не падазроным, а сьведкам ў справе пра “распальваньне міжнацыянальнай варожасьці”. Праваабаронца тлумачыў, што сам ініцыяваў завядзеньне справы і не ўяўляе, якія рэчавыя доказы зьбіраюцца шукаць ў ягонай кватэры супрацоўнікі КДБ. Дарэмна. Ператрус адбыўся. Пасьля яго Леаніда Сьвеціка адвезьлі ў КДБ і дапытвалі там яшчэ дзьве гадзіны, здымаючы допыт на відэа. Потым ўзялі з праваабаронцы і ягонай жонкі Людмілы падпіскі пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. На сёньня прызначаны новы допыт Леаніда Сьвеціка.

Вядомы грамадзкі актывіст Барыс Хамайда нагадвае, што справу пра “распальваньне міжнацыянальнай варожасьці” віцебскі КДБ завёў пасьля шматлікіх патрабаваньняў мясцовых палітыкаў і праваабаронцаў. Людзі пратэставалі супраць хвалі запалохваньня з боку актывістаў РНЕ – экстрэмісцкай арганізацыі “Русское национальное единство”, якая заявіла пра сваю дзейнасьць ў Віцебску. Пагрозы ад РНЕ раней атрымлівалі віцебскія актывісты БНФ і АГП, тэатральныя дзеячы, журналісты. Лісты з пагрозамі прыходзілі па пошце і да Барыса Хамайды. Доўгі час віцебскі КДБ ніяк не рэагаваў на гэтыя факты і гэта дало падставы актывісту скласьці сваю вэрсію адносна мясцовых фашыстаў.

“Увогуле ня ўпэўнены, што гэта рэальныя людзі. У мяне такое адчуваньне, што нехта можа сядзець ў кабінэце і пісаць гэтыя лісты, а потым нам дасылаць”.

Я дазваніўся да дзяжурнага віцебскага КДБ і спытаў, у якім статусе запрошаны на допыт праваабаронца Леанід Сьвецік і чаму ў яго правялі ператрус. Таксама мяне цікавіла, ці знайшлі сьледчыя КДБ актывістаў з РНЕ, якія пагражалі жыхарам гораду. Дзяжурны не валодаў гэтай інфармацыяй і тады я папрасіў даць мне тэлефон прэсавай службы. Але мне адмовілі.

Карэспандэнт: “Чаму вы не даяце тэлефон прэсавай службы? Нават ў Менску даюць, а вы – не? “

Дзяжурны: “Такі загад кіраўніцтва.”

Дзяжурны паабяцаў, што мае пытаньні перададуць прэсавай службе і тая мне патэлефануе. Але да канца працоўнага дня званку зь віцебскага КДБ я не дачакаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG