Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці захоча беларускі спажывец набываць толькі беларускае?


Прэ’ем-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад міністэрства прамысловасьці ў сьціслыя тэрміны прыняць рашэньне пра будаўніцтва прадпрыемстваў па вырабе бытавой тэхнікі.


Сваю заяву старшыня ўраду, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, аргумэнтаваў тым што на набыцьцё замежнай бытавой тэхнікі нібыта штомесяц выдаткоўваецца дваццаць пяць мільёнаў даляраў. Паводле Сідорскага гэтую тэхніку можна выпускаць у Беларусі. Што азначае гэтая заява й наколькі яна адпавядае густам спажыўцоў?

Эканаміст Міхась Залескі лічыць, што заява Сяргея Сідорскага ніякага дачыненьня да эканомікі ня мае:

“Сідорскі не зьяўляецца самастойнай фігурай. Ён дадатак да адміністрацыі прэзыдэнта. Ён паўтарае тое, што напісала ідэалягічнае ўправа. Ён цудоўна разумее чаго вартыя адны нашы тавары й другія. Ён ведае, які экспарт ідзе ў нас. Нашы ж рэчы некаторыя купляюць. І ёсьць тое, што мы ня можам рабіць. Ну трэба ж выбіраць, спэцыялізавацца. Цяпер ува ўсім сьвеце падзел працы ідзе. У Злучаных Штатах ужо дзесяць ці пятнаццаць гадоў ня шыюць амэрыканскіх джынсаў і ня плачуць праз гэта”.

Спадар Залескі зазначае, што сам спажывец выбірае, які тавар яму купіць – беларускай вытворчасьці альбо замежнай.

А якому тавару аддаюць перавагу жыхары Магілёва:

Спадар: “Замежнаму. Замежная якасьць адпавядае нейкім замежным стандартам, якія адказваюць усяму сьвету. Увесь сьвет жыве ў дваццаць першым стагодзьдзі, а Беларусь у дваццатым.

Спадар: “Замежнай. Ён больш якасны, больш сучасны, больш тэхналягічны. Сучасныя тыя ж DVD, тэлевізары ўсё адно той жа “Гарызонт” выкарыстоўвае тэхналёгіі, камплектуючыя заходнія”.

Юнак: “Замежнаму, у нас якаснага нічога ня робяць”.

У магілёўскіх крамах замежная бытавая тэхніка крыху даражэй за беларускаю. Розьніца аднак не вялікая. Гандляры кажуць: ад пяці да пятнаццаці працэнтаў. Пакупнік найчасьцей выбірае марку замежнага вытворцы.

“Брэнды заходніх фірмаў раскручваліся гадамі. Пацьвярджалі не адзін год, што іх тавар адпавядае сваёй гучнай назьве, то бок ён служыць, ён працуе. Беларускаму тавару складана й цяжка прабівацца. Яму трэба рабіць нейкія найскладанейшыя маркетынгавыя крокі. Мы адсталі ад захаду гадоў на дваццаць пяць па тэхналёгіі. Нагнаць іх за два тры гады цяжка. Проста нерэальна”, зазначае адзін з прадпрымальнікаў.

На думку прадпрымальніка мала пабудаваць заводы, трэба мяняцца самім:

“Беларус – разумны, таленавіты чалавек, аднак яму не даюць самарэалізавацца. Чым раней мы памяняем сваё стаўленьне да жыцьця, да працы, тым хутчэй мы пачнём выходзіць зь сёньняшняга крызысу”.

У адной з крамаў бытавой тэхнікі карэспандэнту “Свабоды” паведамілі, што беларускую тэхніку гандляры могуць закупіць у абмежаванай колькасьці:

“Рэч у тым, што беларускі тавар, як лядоўні “Атлянт”, напрыклад, кватаваны тавар. Таму яго менш. Ён выдзяляецца па квотах, толькі пэўную колькасьць”, – паведаміў гандляр

Супрацоўнік управы гандлю Магілёўскага гарвыканкаму дапускае, што такое можа надарыцца, але толькі ў рэдкіх выпадках:

“Мы патрабуем ад усіх гандлёвых арганізацыяў, каб у першую чаргу былі нашы айчынныя тавары ў продажы. Пакупніцкі попыт у нас разны. Таму побач зь беларускімі таварамі будуць прысутнічаць і імпартныя тавары. Аднак прыярытэт павінен аддавацца нашым беларускім таварам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG