Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь рыхтуецца да падпісаньня канкардату з Ватыканам. Пра гэта нядаўна паведаміў упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка. Ці можна сказаць, што стаўленьне беларускіх дзяржаўных органаў да каталіцкай царквы апошнім часам мяняецца ў пазытыўны бок? Як выглядае сёньня міжканфэсійная сытуацыя ў краіне? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць сустаршыня арганізацыйнага камітэту партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Аляксей Шэін і філёзаф Валянцін Акудовіч.


Цыганкоў:
Сайт рыма-каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі апублікаваў інфармацыю пра тое, што Беларусь рыхтуецца да падпісаньня канкардату з Ватыканам. Дарэчным будзе таксама ўзгадаць, што сёлета ўпершыню Аляксандар Лукашэнка на каталіцкі Вялікдзень наведаў касьцёл. Ці лічыце вы, што стаўленьне беларускага кіраўніцтва да каталіцкай царквы апошнім часам зьмяняецца, і калі так, то чаму гэта адбываецца?”

“Гэтым актам Беларусь робіць крок да эўрапеізацыі самой сябе”


Акудовіч: “Перадусім — мяне гэтая навіна надзвычай усьцешыла. І мне хацелася б, каб гэтая дамова была падпісаная, каб яна была важкая, грунтоўная і плённая. Бо ў гістарычным лёсе нашых земляў роля каталіцкай царквы заўсёды была вельмі істотнай. І нават калі нашы землі былі далучаныя да Расейскай імпэрыі, калі тут запанавала праваслаўе, роля каталіцтва ўсё роўна заставалася вельмі істотнай.

Бо ў гістарычным лёсе нашых земляў роля каталіцкай царквы заўсёды была вельмі істотнай
І калі зараз гэтай дамовай гэтая роля будзе як бы легітымізаваная, то гэта бясспрэчна будзе казаць на карысьць і нашых уладаў, і на карысьць таго, што Захад, лацінскі сьвет пачынае ўсё больш цікавіць нашыя ўлады. Гэтым актам Беларусь робіць у пэўным сэнсе крок да эўрапеізацыі самой сябе”.

Цыганкоў: Аляксей, ці бачыце вы нейкія прыкметы зьмяненьня стаўленьня ўладаў да каталіцкай царквы? Калі так, то чым гэта выклікана — унутрыпалітычнай неабходнасьцю альбо замежнапалітычнымі чыньнікамі?

“Галоўнае — каб у каталіцкай царквы не запатрабавалі за гэта ляяльнасьці”

Шэін:
“На маю думку, верагоднае падпісаньне канкардату — гэта зьява (як яе ні разглядай) пераважна станоўчая. Мы можам толькі меркаваць пра тое, якія чыньнікі падштурхнулі ўладу да гэтага. Мая вэрсія — тут найбольшую ролю адыграў ня столькі нейкі замежны ціск — бо Заходняя Эўропа цяпер сьвецкае сэкулярызаванае грамадзтва, якое не зьвяртае асаблівай увагі на духоўны чыньнік. Эўропа гэтым проста не займаецца, не настойвае на тым, што беларуская дзяржава павінна наладзіць там нейкія шчыльнейшыя стасункі з каталіцкай царквой.

Галоўную ролю тут граюць унутрыпалітычныя чыньнікі — жаданьне здабыць падтрымку вельмі ўплывовай інстытуцыі. Гэтае жаданьне і вымушае ісьці на падпісаньне пэўных дамоваў. Сам факт канкардату — зьява станоўчая, але галоўнае, каб у каталіцкай царквы не запатрабавалі за гэта плату ў форме ляяльнасьці па ўсіх пытаньнях, у тым ліку — пытаньнях грамадзкага жыцьця".

Цыганкоў: “Але як вы сабе гэта ўяўляеце? Цяжка ўявіць гэта як пункт, запісаны ў нейкім дакумэнце...”

дадзены канкардат спросьціць пытаньні сацыяльнай працы для каталіцкай царквы
Шэін: “Гэта можа быць вусная дамова, ніяк фармальна не зафіксаваная, на ўзроўні тых людзей, якія будуць падпісваць гэты дакумэнт. Зноў-такі, гэта толькі гіпотэзы, якія мы можам вылучаць. Зразумела, дадзены канкардат спросьціць пытаньні сацыяльнай працы для каталіцкай царквы. Ці ня будзе платай за гэта маўчаньне ў іншых пытаньнях — гэта праблема, на самой справе”.

“Улада нарэшце канцэптуальна адмаўляецца ад аднавэктарнай палітыкі, завязанай на Расею”

Акудовіч:
“Мне здаецца, што гэты крок уладаў падпадае пад агульную тэндэнцыю, якая пачынае выяўляцца ва ўсіх сфэрах жыцьця — ад палітыкі і эканомікі да духовай сфэры. Гэта вельмі значная прыкмета таго, што ўлада нарэшце канцэптуальна адмаўляецца ад аднавэктарнай палітыкі, завязанай на Расею. Як распродаж дзяржаўнай маёмасьці, як кантакты з самымі рознымі палітычнымі партнэрамі, так і гэты акт сьведчыць, што ўлада зразумела і адчула сэнс і смак у тым, каб быць адразу ў розных вэктарах.

Па-першае, гэтыя вэктары адзін аднаго гарманізуюць, супрацьстаяць і не даюць аднаму станавіцца дамінуючым. Але самае істотнае — яны тоесныя нашай зямлі, гісторыі і мэнтальнасьці. Бо заўсёды ў калектыўнай сьвядомасьці беларусаў каталіцызм, Касьцёл прысутнічалі як важны і рэальны яе складнік.

Мне здаецца, што гэтае рашэньне ляжыць у плашчыні сёньняшняй агульнай тэндэнцыі дзяржаўнай ідэалёгіі”.


“Тыя канфэсіі, якія ня хочуць быць трансьлятарамі дзяржаўнай ідэалёгіі — прыцясьняюцца”


Цыганкоў: “Аляксей, вам як прадстаўніку БХД, напэўна, вядомыя шматлікія факты таго, што ўлады ня так спрыяльна ставяцца да прадстаўнікоў некаторых рэлігійных канфэсіяў, магчыма, найперш пратэстанцкай. Ці вы згодныя з тэзісам Валянціна, што беларуская ўлада адмаўляецца ад аднавэктарнай палітыкі і ўжо ня робіць адназначную стаўку на Расею і праваслаўе?”

Акудовіч: “Пачынае адмаўляцца”.

Цыганкоў: “Папраўка прымаецца”.

Шэін: “Я тут бачу ня столькі геапалітыку, колькі ўнутраную палітыку. На жаль, Эўропа, па сутнасьці, перастала быць хрысьціянскім кантынэнтам, большасьць заходнеэўрапейскіх краінаў жывуць не па тых запаведзях, што ёсьць у Бібліі, прымаюць такія законы, якія катэгарычна супярэчаць маральным законам, што ёсьць у Новым Запавеце.

Трэцяя вялікая хрысьціянская канфэсія — пратэстанты — як зазнавалі перасьлед, так і зазнаюць
На маю думку, галоўная задача ўлады — гэта арыентавацца на падтрымку ўнутры краіны і знайсьці ў каталіцкай царкве той інстытут, які стаў бы калі не ляяльным, то хаця б нэўтральным у сэнсе грамадзка-палітычнай актыўнасьці.

Трэцяя вялікая хрысьціянская канфэсія — пратэстанты — як зазнавалі перасьлед, так і зазнаюць. Дзяржава не разглядае іх як канфэсію, на якую можа абаперціся ва ўнутранай палітыцы, а хутчэй разглядае іх як частку апазыцыі (дарэчы, Лукашэнка ў пасланьні сказаў пра пратэстантаў — “они хуже, чем оппозиция”). Гэта кажа пра тое, што дзяржава мае вельмі дыфэрэнцыяваны падыход. Тыя канфэсіі, ініцыятывы, на якія немагчыма разьлічваць у якасьці трансьлятараў дзяржаўнай ідэалёгіі — прыцясьняюцца, і, думаю, будуць прыцясьняцца надалей.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG