Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрствы фінансаў і падаткаў ды збораў распрацавалі рэформу падатку на прыбытак, якая прадугледжвае адзіную для ўсіх грамадзянаў стаўку гэтага падатку. Прыхільнікі рэформы прагназуюць павялічэньне сумы сабраных з грамадзян грошай, але крытыкі папярэджваюць пра небясьпеку сацыяльных пратэстаў.


У прэсавай службе Міністэрства фінансаў пацьвердзілі пляны рэфармаваць падатак на прыбытак, але не пракамэнтавалі дэталі магчымых навацыяў. Між тым зьвестак пра рэформу даходзіць усё болей. Сутнасьць зьменаў — пераход на адзіную стаўку падатку, 12%.

Зараз у Беларусі дзейнічае гэтак званая “прагрэсіўная стаўка”, паводле якой людзі з большым прыбыткам плацяць больш, зь меншым — меней. Шмат хто лічыць гэтую сыстэму няўдалай, бо яна стымулюе багатых хаваць свае прыбыткі, каб ухіліцца ад вялікіх падаткаў. “Будзе меншы падатак — больш зьбяром”, — абяцаюць распрацоўшчыкі рэформы.

Крытыкі адказваюць на гэта лічбамі статыстыкі: амаль 90% беларусаў цяпер плацяць падатак на прыбытак у памеры 9%, і, такім чынам, падвышэньне стаўкі да 12% найперш ударыць па бедных, а багатыя толькі стануць багацейшыя. Што думаюць пра рэформу незалежныя эканамісты?

Кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук вітаў пляны ўраду рэфармаваць падатак на прыбытак праз увядзеньне адзінай стаўкі:

Расея такую сыстэму ўвяла, Грузія, Літва, Славенія, Польшча праз два гады ўводзіць, увялі Баўгарыя, Румынія. Шмат краінаў гэта ўводзіць, і нездарма, ніводная яшчэ ня мела ад гэтага шкоды
“Расея такую сыстэму ўвяла, Грузія, Літва, Славенія, Польшча праз два гады ўводзіць, увялі Баўгарыя, Румынія. Шмат краінаў гэта ўводзіць, і нездарма, ніводная яшчэ ня мела ад гэтага шкоды. Пры іншых падатковых рэформах — 12% гэта безумоўны пазытыў. Перш за ўсё, гэта значна падвышае якасьць у гэтай галіне. Калі ў нас захаваецца 30% падаткаў, то людзі будуць езьдзіць у Расею, дзе 13%, там рэгістравацца і легалізоўваць свае капіталы. Таму мы павінны стварыць канкурэнтаздольную падатковую сыстэму, і гэта, безумоўна, крок у добрым кірунку”.

Мікалай Тоўсьцік, эканамічны аглядальнік газэты Камуністычнай партыі Беларускай “Товарищ”, падзяляе боязь, што адзіная стаўка падатку на прыбытак у 12% нэгатыўна адаб’ецца на сямейным бюджэце простых людзей. На думку Мікалая Тоўсьціка, уводзіць такі падатак магчыма толькі разам з пэўнымі льготамі для бедных, інакш не пазьбегнуць новых сацыяльных канфліктаў:

“Абвясьціўшы на прэзыдыюме Савету міністраў пра пляны ўвядзеньня такога падатку з будучага году, намесьнік міністра фінансаў Андрэй Харкавец нічога не сказаў пра кампэнсацыі тым, хто ад гэтага пацерпіць. І гэта насьцярожвае”.

Як паставяцца да плянаў рэформы дэпутаты беларускага парлямэнту? Дэпутатка Ганна Бурава кажа, што прагаласуе за зьмены пры пэўных умовах:

“Чула падчас абмеркаваньня прапанову абараніць бедных людзей празь зьмяншэньне базы, якая будзе абкладацца новым падаткам. Тады я буду галасаваць за такую рэформу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG