Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ты ня поўная?..


Тэму наступнага матэрыялу падказаў слухач Радыё Свабода Раман. Ён абураны зьнішчэньнем у Магілёве рэчышча ракі Дубравенкі. Паводле спадара Рамана, рачулку ўзялі ў калектар, папярэдне сьпілаваўшы старыя дрэвы. На заканчэньне, піша слухач, будаўнікі спрасталі бульдозэрамі рачны рэльеф. Спадар Раман, зазначае, што рэчышча Дубравенкі было адной зь нешматлікіх мясьцін, дзе адчуваўся подых старога гораду. Наш магілёўскі карэспандэнт высьвятляў абставіны, якія выклікалі заклапочанасьць слухача.

На месцы, якое пазначыў наш слухач, будаўнікі пракладаюць гарадзкія камунікацыі. Пра гэта, аднак, можна даведацца толькі ад саміх будаўнікоў. На аб’екце няма шыльды пра тое, што тут дзеецца.

Ва ўправе капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму запэўнілі, што пра зьнішчэньне ўнікальнай магілёўскай мясьціны гаворкі быць ня можа. Будаўнікі працуюць згодна з плянам.

Шыльды пра будаўніцтва няма, затое ёсьць ахоўны знак

“Дрэвы там старыя. Вярба. Пастанова ёсьць гарвыканкаму пра знос гэтых дрэваў. Трубы былі пакладзеныя ў рэчышча ракі часова. Цяпер яны дэмантуюцца, і мы пачынаем упарадкоўваць рэчышча ракі Дубравенкі”, — зазначыў начальнік управы Аляксандар Казакоў.

Усе баяцца, мабыць, што сапраўды калектарам стане рэчка, зьнікне зусім
Паводле спадара Казакова, неўзабаве берагі Дубравенкі адновяць, і тут будзе гарадзкое месца адпачынку.

Рэчышча Дубравенкі трапляе ў межы ахоўнай гістарычнай часткі Магілёва. Таму заклапочанасьць слухача тым, што там адбываецца, апраўданая, лічыць дэпутат Магілёўскага гарсавету Аляксандар Агееў:

“Усе баяцца, мабыць, што сапраўды калектарам стане рэчка, зьнікне зусім. Хоць, наколькі я ведаю, будаўнікі ўжо ўлічваюць незадаволенасьць грамадзянаў тым, як пачыналася ўпарадкаваньне рэчышча Дубравенкі, і гэта дакладна пазначана цяпер у праектах. Удалося дамагчыся таго, што яны прызналі, што рэчышча павінна захоўвацца натуральнае, як Дубравенка цячэ, толькі з упарадкаваньнем берагоў”.

Тры гады таму блізу пяцісот мэтраў дубравенкаўскіх берагоў будаўнікі забэтанавалі. Гэта выклікала хвалю людзкіх пратэстаў. І хоць забэтанаваныя берагі засталіся, будаўнікі цяпер ставяцца да меркаваньняў людзей з большай увагай.

Вядзецца ўпарадкаваньне

Аляксандар Агееў лічыць, што шмат якіх праблемаў з упарадкаваньнем у Магілёве магло і ня быць, каб улады праводзілі грамадзкае абмеркаваньне. Ён ня памятае, ці праводзілі ўлады абмеркаваньне, калі распачыналі ўпарадкаваньне Дубравенкі:

“Ну, калі й было, значыць, было так незаўважна, што мы ня ведаем. Значыць, было дрэнна зроблена. Раз грамадзкасьць ня ў курсе, раз плянаў ня вывешана, значыць, грамадзкасьць ня ведае, што там будзе”.

XS
SM
MD
LG