Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 19 траўня.


У Баранавічах сустрэчу са швэдзкімі і беларускімі літаратарамі, якая мелася адбыцца ў рамках Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі, адмянілі. Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадарыня: “У горадзе бракуе культуры. Нават сярод унівэрсытэцкай моладзі. Тым часам сустрэча зь літаратарамі ў Цэнтральнай бібліятэцы Баранавічаў не адбылася. Чаму?”

Адказвае дырэктарка баранавіцкай цэнтралізаванай бібліятэкі Людміла Максімовіч:

“Сустрэчу скасавалі за тыдзень у сувязі з тым, што ў горадзе праводзіўся першы міжнародны фэст духавой музыкі. Мы ўсе былі задзейнічаныя на гэтым фэсьце: і куратарамі, і дзяжурылі, і паўсюдна дапамагалі. Таму так і атрымалася. Але да мяне з гэтай нагоды ніхто са скаргамі не зьвяртаўся”.

Міжведамасная камісія, якая займаецца рэформай сярэдняй адукацыі, абмяркоўвае магчымасьць аб’яднаць два прадметы — “Усясьветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”. Калі гэты праект зацьвердзяць, з наступнага навучальнага году ў школах ня будуць выкладаць гісторыю Беларусі асобным прадметам.

Спадар Мікалай, былы настаўнік: “У наступным навучальным годзе ў школах Беларусі ня будзе прадмета “Гісторыя Беларусі”. Кожная дзяржава ў першую чаргу ганарыцца сваёй гісторыяй і выхоўвае ў моладзі пачуцьцё годнасьці і любові да сваёй Радзімы. У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне: а якую мэту паставіла наша дзяржава, якая ліквідавала ў школе прадмет “Гісторыя Беларусі”?

Адказвае старшыня аб’яднаньня “Таварыства беларускай школы” Алесь Лозка:

“Думаецца, што гэта падзеі з аднаго шэрагу. Са школьных праграмаў нават пачалі выкідаць творы беларускіх клясыкаў, народных пісьменьнікаў. Падмяняць іншымі, менш значнымі. Гэтая рэформа накіраваная на дысцыпліны, якія зьяўляюцца важнымі складнікамі фармаваньня грамадзянскай супольнасьці, выхаваньня высокіх маральных якасьцяў. Гэта найперш тычыцца літаратуры, гісторыі і мастацкай культуры”.

На чарзе такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Пачуў, як адна кабета хваліла Лукашэнку, што ён добры прэзыдэнт. Можа, яно і так. Але ўжо надыходзіць той час, калі вам, Радыё Свабода, трэба рыхтаваць цытаты, у якіх Лукашэнка зьняважліва ставіўся да таго ж Ганчарыка, нават прыпісваў яму гады, казаў, што таму ўжо 70. Такім жа чынам ён выказаўся і наконт Мілінкевіча, што той, маўляў, пэнсійнага ўзросту. Вось Рыгоравіч зьбіраецца яшчэ на адзін тэрмін прэзыдэнцкі, дык час ужо яму нагадаць, як ён выказваўся наконт пэнсіянэраў”.

Скончым перадачу водгукам на працу Радыё Свабода:

Спадар: “Што для мяне “Званкі на Свабоду”? Гэта раніцою пакінуць на аўтаадказьніку сваё меркаваньне — і ўвечары яго чуе ўся краіна. Раніцою пакінуць на аўтаадказьніку сваё пытаньне — і ўвечары атрымаць на яго адказ. Гэта вельмі добра, што Радыё Свабода прадстаўляе такі шанец простаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь. Тым больш, што ніводзін дзяржаўны тэлеканал ці радыё такой магчымасьці не дае бясплатна”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG