Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Сідні Полак


На 74-м годзе жыцьця памёр выдатны амэрыканскі кінарэжысэр, актор і прадусар Сідні Полак. Ягоныя фільмы добра вядомыя і беларускім гледачам.


Фільм 1969 году “Загнаных коней прыстрэльваюць, ці ня так?” ў савецкай інтэлектуальнай публікі выклікаў шок. Нічога падобнага мы раней ня бачылі. Дзьве гадзіны на экране танцавальны маратон часоў амэрыканскай Вялікай дэпрэсіі 1930-х гадоў, зьняможаныя ўдзельнікі ягокага гатовыя памерці за прыз. Глыбокая напружанасьць дзеяньня, ашаламляльны драматызм акторскага выкананьня. Тады мы ўпершыню ўбачылі і палюбілі акторку Джэйн Фонду. Фільм меў сем намінацыяў на “Оскара” і артыст Гіг Янг атрымаў прэстыжную статуэтку за лепшую мужчынскую ролю другога пляну.

З усіх амэрыканскіх рэжысэраў “залатога часу” амэрыканскага кіно тысяча дзевяцьсот шасьцідзесятых і сямідзесятых гадоў з гледзішча савецкага пракату найбольш пашанцавала Сідні Полаку і Стэнлі Крэймэру. Іх фільмы куплялі за палітычную і сацыяльную скіраванасьць. Крытыка пісала пра крызыс буржуазнага амэрыканскага грамадзтва, а савецкая публіка адкрывала для сябе невядомую ёй раней кінамову і імёны галівудзкіх зорак. Скажу болей – менавіта дзякуючы карцінам Крэймэра і Полака мы па-сапраўднаму і пазнаёміліся з амэрыканскім рэжысэрскім і акторскім мастацтвам. З выхадам на савецкія экраны фільмаў Полака “Загнаных коней прыстрэльваюць, ці ня так?”, “Тры дні Кандора” “Жыцьцё ў доўг”, “З Афрыкі”, ”Тутсі” акторы Джэйн Фонда, Барбара Стрэйзанд, Робэрт Рэтфард, Дастын Хофман, Мэрыл Стрып уварваліся ў замкнёную савецкую прастору і пацясьнілі зь ліку любімцаў расейскіх кіназорак.

Памятаю чэргі ля касаў менскіх кінатэатраў, калі дэманстравалі “Тры дні Кондора” – па-майстэрску зьнятую шпіёнскую гісторыю, у якой усе пэрсанажы зьяўляюцца двайнымі агентамі, што меркавана працуюць на ЦРУ. У залаты фонд усясьветнай кінакамэдыі ўвайшла стружка Сідні Полака “Тутсі”.

Самы знакаміты фільм Полака “З Афрыкі” быў у 1986 годзе намінаваны на 11 “Оскараў” і атрымаў сем. Прычым, дзьве статуэткі атрымаў сам Полак – за лепшы фільм і за лепшую рэжысуру.

Сідні Полак ня толькі ставіў фільмы, але і сам актыўна здымаўся, як у карцінах выдатных рэжысэраў, прыкладам, Вудзі Алена (“Мужы і жонкі”), ці Стэнлі Кубрыка (“З шырока заплюшчанымі вачыма”), гэтак і ў сваіх. Апошні фільм, дзе ён зьявіўся ў кадры, быў ім жа зьняты ў 2007 годзе, -- “Майкл Клейтан”.

Полак нарадзіўся 1 ліпеня 1934 году ў штаце Індыяна ў габрэйскай сям’і, выхадцаў з Расеі. Памёр у сваім доме ў Лос-Анжэлесе ад раку. Дыягназ яму паставілі яшчэ летась, але лякалізаваць хваробу лекары не змаглі.

Сёньня ў сотнях нэкралёгаў па ўсім сьвеце нагадваецца меркаваньне амэрыканскіх крытыкаў, што Полак рабіў фільмы з вялікай павагай да інтэлекту і густаў публікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG