Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Процька нарадзілася ў Менску. Скончыла Белдзяржунівэрсытэт, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук. Працавала на катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыцай на катэдры ядзернай фізыкі БДУ. Пазьней – старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Рэдактар радыёчасопісу “Наша мінуўшчына”, палітычны камэнтатар на Беларускім радыё.

У 1995 годзе ўзначаліла Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сёлета ў траўні абвясьціла пра сыход з кіраўніцтва БХК.

Цягам гэтага тыдня яна будзе гаварыць пра тое, што ўяўляе сабой сёньня дзейнасьць КДБ й іншых спэцслужбаў, а таксама ўзгадае гістарычныя паралелі.

Сёньня Тацяна Процька параўноўвае, як спэцслужбы Беларусі і ЗША выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці праслухоўваньне тэлефонаў.

Сёньня мы пагаворым пра тое, якімі мэтадамі дзейнічаюць спэцслужбы для выконваньня зазначаных у законе “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі”задач. Гэтыя мэтады, а таксама органы, якія маюць права імі карыстацца, вызначаюцца законам”Аб апэратыўна-вышукавай дзейнасьці”.

Каб у слухачоў са спэцслужбаў не было ніякіх пытаньняў пра крыніцы маёй інфармацыі, адразу зазначу, што адпаведная інфармацыя атрымана мною на міжнароднай канфэрэнцыі “Службы бясьпекі ў грамадзянскай супольнасьці: кантроль і адказнасьць”, а таксама ў прыватных гутарках з амэрыканскімі і расейскімі дасьледчыкамі праблем спэцслужбаў.

Адзін са спосабаў апэратыўна-вышукавай дзейнасьці — праслухоўваньне тэлефонаў. У большасьці дарослага насельніцтва Беларусі існуе ўпэўненасьць у тым, што іхнія размовы кантралююцца. Людзі баяцца шчыра размаўляць нават праз мабільнікі.

Ці ёсьць падставы для такога страху? Пэўна, так, хоць і ня ў кожнага грамадзяніна. Перш-наперш — у грамадзка значных асоб, буйных бізнэсоўцаў і кіраўнікоў дзяржаўных структур, нават вельмі высокага рангу. Чаму менавіта ў іх? Бо заўсёды спэцслужбы могуць сказаць, што маюць зьвесткі пра карупцыю або дзейнасьць, якая наносіць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі — вызначыць дакладна, што сабой уяўляе гэтая шкода, заканадаўцы не захацелі ці не змаглі.

Тым ня менш паводле закону падставы для праслухоўваньня павінен высьветліць пракурор. Ён жа дае адпаведны дазвол. У свой час я спыталася ў аднаго з папярэднікаў сёньняшняга генэральнага пракурора — ці давала пракуратура дазвол на тое, каб сачыць за тэлефонамі апазыцыйных лідэраў? На што атрымала адказ — не, ніколі.

Праслухоўваньне без такога дазволу — незаконнае, бо парушае тайну асабістага жыцьця чалавека, пазбаўляе яго свабоды адкрыта выказваць свае думкі. Давесьці факт “праслушкі” цяжка, бо для гэтага патрабуецца спэцыяльная апаратура. Але калі вы маеце такія доказы — сьмела зьвяртайцеся ў пракуратуру, а потым у суд. Нават, калі вы ня зможаце дабіцца пакараньня вінаватых, вы ім шмат папсуяце крыві — столькі, колькі яны вам.

А як у іншых краінах? Напрыклад, у ЗША, дзе барацьба з тэрарызмам значна пашырыла магчымасьці спэцслужбаў? Там праслухоўваньне рэгулююць тры асобныя законы. Першы — электроннае назіраньне і ўсталяваньне прыладаў для праслухоўваньня, другі — перахоп электроннай пошты і інтэрнэт-паведамленьняў, трэці — назіраньне ў мэтах выведкі.

Усе тры законы патрабуюць, каб дазвол на назіраньне быў папярэдне атрыманы ад фэдэральнага судзьдзі пры наяўнасьці дастатковых падставаў. Пры гэтым, калі назіраньне скончыцца, той, каго праслухоўвалі, мае права даведацца, што ягоныя тэлефоны праслухоўваліся і калі менавіта.

У ЗША невядома ніводнага выпадку, калі спэцслужбы праслухоўвалі людзей без дазволу судзьдзі. Бо за гэта абавязкова будзе пакараньне — той, хто парушае закон, апынецца ў турме. У ЗША дзейнічае грамадзкае аб’яднаньне — Цэнтар дасьледаваньня праблемаў нацыянальнай бясьпекі, які займаецца праблемамі грамадзкага кантролю над спэцслужбамі. Дырэктарка гэтага Цэнтру, Кэйт Марцін, нават выйграла судовы працэс супроць ЦРУ.

Эўрапейская Камісія і суд па правох чалавека неаднаразова разглядалі скаргі людзей на праслухоўваньне іхніх тэлефонаў спэцслужбамі, спасылаючыся на парушэньне артыкула 8 Эўрапейскай канвэнцыі па абароне правоў чалавека, які тычыцца права людзей на павагу да іх прыватнага жыцьця і карэспандэнцыі. І выйгравалі справы.

На жаль, наша краіна не падпісала Канвэнцыю, і ў Эўрапейскі суд нашы грамадзяне ня могуць падаваць скаргі. Але, мабыць, калі-небудзь і мы зможам абмежаваць дзейнасьць спэцслужбаў, спасылаючыся на міжнародныя дамовы”.

*******
Сёньня Тацяна Процька раскажа пра тое, якія задачы паводле беларускага заканадаўства павінны выконваць спэцслужбы.
“Органы дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь” – так ў Беларусі афіцыйна называюць спэцслужбы. Да іх адносяць структуры дзяржаўнага кіраваньня, якія маюць права займацца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю. Што гэта за дзейнасьць, мы пагаворым заўтра. Сёньня ж паглядзім, якія задачы паводле беларускага заканадаўства мусяць выконваць спэцслужбы.

Акрамя КДБ, да іх адносяць органы унутраных спраў (міліцыя), памежныя войскі, службу бясьпекі прэзыдэнта, камітэт дзяржаўнага кантролю (служба фінансавых расьсьледаваньняў), мытныя органы, органы зьнешняй выведкі Міністэрства абароны і савет бясьпекі.

Гэта значыць, што ня толькі КДБ, як у нас прынята думаць, мае права ўстанаўліваць праслухоўваньне, весьці зьнешняе назіраньне і гэтак далей. Але праслухоўваньне і назіраньне – толькі сродкі. Закон “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь” больш-менш ясна вызначае, чым павінны займацца спэцслужбы.

Усяго пералічаныя дзевяць накірункаў дзейнасьці органаў дзяржбясьпекі, у тым ліку абарона незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, інфармаваньне прэзыдэнта пра стан нацыянальнай бясьпекі, выяўленьне дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі спэцслужбаў іншых дзяржаў, барацьба з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасьцю, карупцыяй, кантрабандай, незаконнай міграцыяй, пранікненьнем і распаўсюдам наркотыкаў, зброі, ядзерных матэрыялаў, абарона дзяржсакрэтаў, забесьпячэньне ўрадавай сувязі й іншыя важныя для разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці задачы.

У адным артыкуле высокапастаўленага супрацоўніка КДБ я прачытала, што прыярытэтнымі для гэтага органа зьяўляюцца дзьве задачы: забесьпячэньне вышэйшых органаў улады і кіраваньня краінай (чытай – прэзыдэнта і таго, каму ён скажа) праўдзівай, дакладнай і своечасовай інфармацыяй пра рэальныя і патэнцыйныя пагрозы нацыянальнай бясьпецы, а таксама непасрэднае процідзеяньне любым спробам нанесьці шкоду ўнутранай і зьнешняй бясьпецы краіны.

У такой пастаноўцы прыярытэтных задач КДБ ёсьць пэўная рацыя. Ва ўмовах, калі фактычна адсутнічае незалежная і альтэрнатыўная прэса, калі пашыраецца дзяржаўнае кіраваньне эканомікай, расьце карупцыя дзяржапарату. Зразумела, у такіх умовах цяжка камусьці давяраць. І прэзыдэнту, які ў Беларусі ўсімі кіруе і за ўсё адказвае, толькі й застаецца, што зьвяртацца ў КДБ за інфармацыяй ды парадамі.

Менавіта такая практыка была характэрная для савецкіх часоў, калі вядучыя лідэры КПСС і дзяржапарату знаходзіліся ў поўнай інфармацыйнай залежнасьці ад КДБ і карысталіся іхнімі парадамі, як законамі.

Мы, грамадзяне краіны, маем права ведаць, наколькі якасна спэцслужбы выконваюць пастаўленыя Законам задачы.

Калі я ўважліва слухала выступы прэзыдэнта, то шмат разоў чула, мякка кажучы, недакладную інфармацыю пра падзеі й сытуацыю ў краіне. Асабліва пра дзейнасьць і нібыта пагрозу з боку беларускай апазыцыі для нацыянальнай бясьпекі. І

заўсёды ў мяне ўзьнікала думка – гэта проста брак у працы ці сьвядомае парушэньне Закону, бо менавіта на падставе атрыманай ад спэцслужбаў інфармацыі прэзыдэнт, іншыя дзяржаўныя кіраўнікі павінны прыняць тое ці іншае палітычнае, эканамічнае – дзяржаўнае рашэньне. І безумоўна, яно павінна быць правільным, адпавядаць нашым нацыянальным інтарэсам.

Таму, калі мы, як звычайна, будзем вінаваціць прэзыдэнта ў парушэньні нашых правоў ці ў іншых хібах нашага грамадзтва, давайце ўзгадаем, што адпаведныя рашэньні ён прымаў зыходзячы зь інфармацыі ў першую чаргу менавіта спэцслужбаў. А паколькі пэрсанальную адказнасьць за яе нясе старшыня КДБ, можна, нават трэба ўспомніць і яго.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG