Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва зьняла вета на перамовы ЭЗ з Расеяй


Рада Эўразьвязу на ўзроўні міністраў замежных справаў зацьвердзіла ў Брусэлі мандат Эўракамісіі на перамовы з Расеяй пра новае пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве. У міністэрстве замежных справаў Літвы заяўляюць, што літоўскія інтарэсы будуць улічаны пад час перамоваў.


Пачатак перамоваў Эўразьвязу з Расеяй стрымліваўся Літвой, якая вылучыла чатыры патрабаваньні. Сярод іх аднаўленьне паставак нафты па нафтаправодзе “Дружба” на перапрацоўчы завод “Мажэйкю нафта”.

Дырэктар дэпартамэнту інфармацыі міністэрства замежных справаў Літвы Віялета Гайжаўскайтэ сказала:

“Мы задаволеныя тым, што мандат, у якім патрэбным чынам адлюстраваныя выказаныя Літвой прапановы, пацьвердзілі ўсе 27 дзяржаў Эўразьвязу. І на нашу думку, гэты дакумэнт зьяўляецца цьвёрдай асновай для будучых перамоваў з Расеяй. Гэтыя інтарэсы, якія выказвала Літва – усе ўвойдуць у мандат, у агульную пазыцыю ўсіх эўрапейскіх краінаў для перамоваў з Расеяй”.

Што да аднаўленьня паставак нафты па нафтаправодзе “Дружба”, то гэтае пытаньне дагэтуль ня вырашана. Паводле спадарыні Гайжаўскайтэ, яно важнае ня толькі для Літвы, але і для ўсяго Эўразьвязу.

“ЭЗ фармуе агульную палітыку ў пытаньнях энэргетычнай бясьпекі і, канечне, калі ўзьнікаюць пытаньні адной краіны, гэта азначае, што гэта мае значэньне і для ўсіх іншых краінаў ЭЗ”.

Па “Дружбе” нафта паступае на беларускія заводы, але далей, на Літву, ня ідзе. Расейцы тлумачаць гэта наступствамі аварыі, якая здарылася амаль два гады таму. Аўтар ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара Станіслаў Гусак, які 30 гадоў адпрацаваў у беларускай энэргетыцы мяркуе, што транзыт быў бы выгадны Беларусі. Аднак ў накірунку “Мажэйкю нафта” і Вэнспілса пастаўкі спынены.

“Таму я за тое, каб гэта было. Бо Беларусь чыста для сябе будзе мець магчымасьць зарабляць грошы. І апроч таго, калі суседзям добра, то і нам будзе дабрэй. Сёньня, напрыклад, завантажана лінія Гомель-Мазыр, праз Украіну на Славаччыну,Чэхію. Завантажана й нітка Гомель-Берасьце і далей на Польшчу. А вось гэта нітка, - так, гэта была эканамічная блякада краінаў Балтыі. І Расея не давала туды нафту. Гэта рабілася наўмысна. Але трэба шукаць адказы па іншаму. Трэба рабіць той калектар, пра які мы казалі, рабіць сыстэму нафтаправодаў Адэса-Мажэйкяй. І тады мы здымем з Расеяй усе гэтыя балячкі. А Расея на гэтым робіць палітыку”.

Дагэтуль прадстаўнікі беларускіх уладаў ня выказаліся ў падтрымку патрабаваньня літоўскага боку аб аднаўленьні паставак. Спадар Гусак мяркуе, што гэта робіцца хутчэй з палітычных прычынаў:

“Я думаю, што тут шмат палітыкі. І Лукашэнка праводзіць палітыку Масквы на тэрыторыі Беларусі. Яна ў гэтай палітыцы стала сатэлітам. Калі няма сваёй палітыкі, то іншага месца няма: трэба быць пад Масквой. Няма сваёй палітыкі, не агучаны нацыянальныя інтарэсы з погляду гэтых міжнацыянальных інжынэрных камунікацый”.
XS
SM
MD
LG