Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе адбылася літаратурная вечарына Альгерда Бахарэвіча – празаік, які апошнімі гадамі жыве ў Нямеччыне, прэзэнтаваў у чэскай сталіцы фрагмэнты свайго найнавейшага раману.

Бушлякоў: “Учора ў Празе ты прадстаўляў фрагмэнты сваёй найнавейшай кніжкі. Хто слухаў цябе ў Празе і як прайшла гэтая міні-прэзэнтацыя?”

Бахарэвіч: “Так, учора ў Празе я чытаў фрагмэнты з сваёй новай кнігі, яшчэ пакуль не апублікаванай, – з раману “Сарока на шыбеніцы”. Прыйшла на сустрэчу ў асноўным моладзь. Моладзь зацікаўленая. Магчыма, упершыню я чытаў перад аўдыторыяй, людзі зь якой пакуль што зусім не знаёмыя з маёй творчасьцю. Мне здаецца, ім было цікава. Мне здаецца, што я прыдбаў новых чытачоў”.

Бушлякоў: “Ты сьвядома выбраў нешта інтрыгоўнае, вострасюжэтнае?”

Бахарэвіч: “Я спрабаваў чытаць урыўкі з розным настроем. Каб неяк і павесяліць чытача, прымусіць яго задумацца, каб і адчуць нейкую магію мовы. Я так заўсёды раблю”.

Бушлякоў: “Сарока на шыбеніцы” – гэта будзе такі чарговы шматпластавы твор? Я ведаю, што ты ня надта любіш адказваць на пытаньне “пра што твор?”...

Бахарэвіч: “У адрозьненьне ад маёй папярэдняй кнігі “Праклятыя госьці сталіцы”, гэтая спроба напісаць раман аказалася больш удалая. Мінулая кніжка – гэта былі такія штучна зьлепленыя паміж сабой апавяданьні. Гэтая спроба атрымалася лепей. Тут усё нашмат больш арганічна, тут сюжэтныя лініі пераплеценыя больш цікава. Стараемся”.

Бушлякоў: “Хто галоўны герой гэтай “Сарокі...”?”

Бахарэвіч: “Калі так казаць коратка, то галоўны герой – гэта дзяўчына, якая працуе недзе ў раённай адміністрацыі, у горадзе, які вельмі нагадвае Менск. І гісторыю яе жыцьця распавядае цела. Раман складаецца з 12-ці частак, і кожная частка – гэта аповед нейкай часткі цела. Не пазьбягаючы самых інтымных падрабязнасьцяў”.

Бушлякоў: “Самы інтымна-шчыры твой твор?”

Бахарэвіч: “Можна сказаць і так. Ён ужо завершаны. Ужо ў Менску падрыхтаваны макет, рыхтуецца вокладка, выдавец абяцае, што сёлета ён зьявіцца ў продажы”.

Бушлякоў: “Пра што пыталіся ў цябе ўдзельнікі праскай сустрэчы? Што іх найбольш цікавіла?”

Бахарэвіч: “Гэта даволі дзіўна, бо шмат пытаньняў было прысьвечана маёй біяграфіі: дзе вучыўся, што скончыў, дзе працаваў. Гэта было нешта кшталту допыту, але прыемны допыт. Заўсёды людзям цікава, калі ім задаюць пытаньне наконт іхнага жыцьця. Я адказаў усё вельмі шчыра. Аўдыторыі спадабалася. І былі пытаньні літаратурныя, якія тычыліся майго стаўленьня да Набокава, маёй ацэнкі сучаснай беларускай літаратуры. Добрыя былі пытаньні. Адчувалася, што не было выпадковых людзей на гэтай сустрэчы”.

Бушлякоў: “Ці пыталіся ў цябе, чаму жывеш у Гамбургу, ці не зьбіраесься ў Менск?”

Бахарэвіч: “Вось якраз “чаму” – не пыталіся. Мне здаецца, і так было зразумела. Неяк людзі, відаць, адчуваюць маё стаўленьне да гэтай дзяржавы, да Рэспублікі Беларусь. Ім і так усё зразумела”.

Бушлякоў: “Пакуль ты жывеш у Гамбургу, стаўленьне да Рэспублікі Беларусь, да сучасных беларускіх парадкаў не зьмяняецца?”

Бахарэвіч: “Не, не зьмяняецца. Хіба што мая нянавісьць становіцца больш вострай. Учора ў інтэрвію расейскай службе Чэскага радыё я нават прачытаў верш Уладзіміра Набокава на гэтую тэму, але сёньня я чытаць ня буду, бо ён па-расейску: па-расейску на “Свабодзе” я чытаць не хачу. Але сутнасьць у тым, што гэтая дзяржава, гэтая Рэспубліка Беларусь, яна зрабіла ўсё, каб не было вяртаньня”.

Бушлякоў: “Каб не было твайго вяртаньня ў Беларусь?”

Бахарэвіч: “Так. Зрабіла ўсё, што магла. Ёсьць рэчы, якія ніколі немагчыма дараваць. Я магу толькі яшчэ раз паўтарыць, што галоўнае злачынства гэтага рэжыму – ён забіў мае мары. Гэта самае страшнае, калі ў чалавека забіваюць ягоную мару. Ён проста зьнішчыў тую краіну, у якой я зьбіраўся жыць, пра якую я марыў калісьці, на пачатку 1990-х. Я вельмі добра памятаю той час і той уздым”.

Бушлякоў: “Ты можаш сказаць, што на сёньняшні дзень абжыўся ў Гамбургу, што гэта тое месца, дзе можна жыць далей?..”

Бахарэвіч: “Гэта тое месца, дзе можна жыць далей, але ў Гамбургу я яшчэ не абжыўся. Наадварот, маё становішча вельмі хісткае і няпэўнае, бо, пакуль мяне падтрымліваюць нямецкія літаратурныя арганізацыі і фонды, я магу там жыць, але некалі гэтая дапамога скончыцца. Давядзецца прымаць тыя правілы гульні. І гэта будзе даволі цяжка. Але я кажу, што ў Беларусі адчуваў сябе заўсёды чужым. У Нямеччыне я таксама адчуваю сябе чужым. Прынцыповай розьніцы тут няма. Гэта нармальны стан для пісьменьніка – такая адчужанасьць”.

Бушлякоў: “Няма жаданьня знайсьці краіну, у якой бы ты адчуваў сябе ну трошкі больш сваім?”

Бахарэвіч: “Я думаю, такой краіны насамрэч не існуе. Мая краіна заўсёды ўва мне, са мной. Я такі смоўжык з сваёй хаткай заўсёды. Не, гэта нармальна”.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG