Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Працэс 14-ці": абвінавачаных сьведкі ўбачылі ў судзе


Пачаўся суд яшчэ над трыма абвінавачанымі ў справе, якую празвалі “справай 14-ці”: Паўлам Вінаградавым, непаўналетнім Максімам Дашуком і прадпрымальнікам Міхаілам Субачам.

Іх абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта прывялі да грубага парушэньня грамадзкага парадку. Раней 9 чалавек суд пакараў штрафамі і абмежаваньнем волі, а Андрэя Кіма — пазбаўленьнем волі на паўтара году.

Судзьдзя Валеры Есьман пачаў працэс з апытаньня сьведкаў. Дырэктар ГУМу, дырэктар унівэрсаму “Цэнтральны”, дырэктар крамы “Ласунак”, а таксама дырэктар парку маршрутных таксовак “Экспрэс” паведамілі, што 10 студзеня, калі адбывалася акцыя прадпрымальнікаў, працавалі амаль у звычайным рэжыме. Ніякіх фінансавых прэтэнзіяў да абвінавачаных яны ня маюць.

Супрацоўнікі ДАІ казалі, што ўпершыню бачаць абвінавачаных і нічога наконт іх актыўнага ўдзелу ў акцыі сказаць ня могуць. Больш за тое, яны казалі, што ня бачылі, каб паміж дэманстрантамі і супрацоўнікамі міліцыі адбываліся нейкія сутычкі. Выключэньнем былі паказаньні намесьніка кіраўніка Менскага ДАІ Максіма Падбярэзкіна. Ён заявіў, што бачыў Максіма Дашука і Міхаіла Субача. Больш за тое, ён абвінаваціў іх у тым, што хлопцы нібыта білі міліцыянтаў па нагах і ўсяляк іх абражалі.

Адвакатка папрасіла занесьці ў пратакол заўвагу наконт выказваньняў сьведкі. Калі яна спыталася, якім чынам удзельнікі дэманстрацыі білі яго падначаленых па нагах, калі іх не было наперадзе калёны і сам ён быў у машыне, то ён заявіў: “Не рабіце тут цырку”.

Маці Максіма Дашука казала, што сын ёй дапамагае. Ён нават уладкаваўся на працу, каб дапамагаць ёй матэрыяльна. 24 красавіка памёр ягоны бацька, і Максім дапамагае ёй выхоўваць 9-гадовага брата. Старшыня камісіі ў справах непаўналетніх сп.Бажэнава ў характарыстыцы хлопца адзначыла той факт, што летась Максім прагуляў два ўрокі 29 лістапада, а потым яшчэ адзін урок 30 лістапада без паважнай прычыны.

Максім так пракамэнтаваў гэта “Свабодзе” падчас перапынку:

“Гучала гэта вельмі сьмешна — прагуляў урокі там, два дні... Гэта было ў мінулым годзе і да справы ня мае ніякага дачыненьня. У мяне была звычайная сярэдняя школа, і пропускі ўрокаў там былі звычайнай справай. Лічу, што прысуд мне будзе — штраф”.

Пасьля допыту сьведак прагледзелі пісьмовыя і відэаматэрыялы крымінальнай справы.

Заўтра ў 10.15 пачнуцца спрэчкі. Адвакаты мяркуюць, што пасьля перапынку на абед можа быць агучаны прысуд.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG