Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: праваабаронцы пакараны штрафам і арыштам


Аштрафаваны Павел Левін, на допыт у КДБ пасьля ператрусу выкліканы Леанід Сьвецік


Сябру БХК зь Віцебску Паўлу Левінаву прысуджаны штраф і арышт на 10 сутак нібыта з дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыянтам. Яшчэ аднаго віцебскага правваабаронцу, Леаніда Сьвеціка, супрацоўнікі КДБ выклікалі на допыт, папярэдне правёўшы ператрус у ягонай кватэры.

У Чыгуначным райсудзе развяршыўся разгляд справы Паўла Левінава. Суддзя Чыгуначнага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала яго вінаватым паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыйных правапарушэньнях.

Спадару Левінаву прысуджаны арышт на 10 сутак – за дробнае хуліганства, і штраф 700 тысяч рублёў – за непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня каля кватэры незалежнага журналіста Вадзіма Баршчэўскага, да якога праваабаронца прыехаў, каб аказаць юрыдычную дапамогу падчас ператрусу 27 сакавіка.

Судовую пастанову суддзя зачытала ў адсутнасьць падсуднага праваабаронцы, хаця ён загадзя папярэдзіў, што ня зможа прыйсьці на сёньняшняе судовае пасяджэньне. Гэтую акалічнасьць Павал Левінаў лічыць парушэньнем закону, і з гэтае нагоды ён ужо скіраваў скаргу ў вярхоўны суд. Пастанову суду ён таксама мяркуе абскардзіць, бо катэагрычна ня згодны з абвінавачаньнем.

Складзеныя міліцыянтамі пратаколы пра правапарушэньні ён лічыць сфальшаванымі, з гэтае нагоды ён з 27 сакавіка па 10 красавіка трымаў галадоўку пратэсту, а на суд прыходзіў у майцы з надпісам «Нецензурно не выражаюсь».

Сёньня ж стала вядома, што 23 траўня у кватэры віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, прад”явіўшы пастанову пракуратуры аб узбуджэньні крымінальнай справы па артыкуле 130.1 крымінальнага кодэксу “распальваньне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасьці”. Паводле гэтага дакумэнту, Леанід Сьвецік нібыта зьяўляецца сьведкам па факце пагрозаў да некаторых грамадзянаў з боку мясцовага РНЕ.

Ператрус працягваўся з 9-й раніцы да 6-й вечара, пасьля чаго супрацоўнікі КДБ забралі з кватэры праваабаронцы кампутар, іншае тэхнічнае абсталяваньне і друкаваную прадукцыю. Самога Леаніда Сьвеціка пасьля дапыталі ў КДБ, запісаўшы ягоныя паказаньні на відэакамэру.

На думку віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, які неаднаразова кансультаваўся зь Леанідам Сьвецікам па атрыманьні лістоў з пагрозамі ад імя “Віцебскай філіі РНЕ”, ператрус і допыт у КДБ можна лічыць спробай запалохаць праваабаронцу, які дапамагаў складаць заявы ў пракуратуру з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу і знайсьці тых, хто пагражае віцебскім актывістам ад імя незарэгістраванай у Беларусі прафашыстоўскай арганізацыі. Лісты ад імя “РНЕ” пачалі зьяўляцца ў Віцебску з 2005 году, і да гэтага часу так і не было заведзена ніводнае крымінальнае справы.
XS
SM
MD
LG