Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Кіма зьмясьцілі ў карантын Бабруйскай калёніі


Belarus - Trial of "14", Andrey Kim, 22Apr2008

Belarus - Trial of "14", Andrey Kim, 22Apr2008

У гэтай калёніі палітвязень можа прабыць 1,5 году зьняволеньня.


26 траўня ў Беларусі скончылася амністыя, якая пачалася яшчэ на пачатку году. За гэты час, паводле прэсавай службы міністэрства ўнутраных спраў, з турмаў на волю датэрмінова выйшлі болей за 2 тысячы вязьняў. Амністыя прыпала на час, калі на волю выйшлі і некаторыя з палітвязьняў.

У прыватнасьці, былы дэпутат Андрэй Клімаў, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Праўда, іх выпусьцілі не па амністыі, а пасьля перагляду справаў. Але потым колькасьць палітвязьняў зноў стала павялічвацца: у красавіку да Аляксандра Казуліна дадаліся актывіст Андрэй Кім і прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, якіх арыштавалі пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сёньня, 26 траўня, Андрэй Кім патрапіў у Бабруйскую калёнію. Пра гэта маці палітвязьня даведалася ў спэцаддзеле калёніі:

“Я патэлефанавала туды, і сказалі, што так, ёсьць такі, і нават сказалі, што ён яшчэ не асуджаны, а “на касацыйнай скарзе”.

Што вядома пра Бабруйскую калёнію, куды патрапіў актывіст? Бабруйскі журналіст Алесь Чыгір кажа: умовы побыту ў гэтай калёніі нядрэнныя — будынак узьведзены ў другой палове мінулага стагодзьдзя, адмыслова як турэмны. Паказчык адноснай “мяккасьці” рэжыму — тое, хто зь вядомых людзей адбывае пакараньне ў Бабруйску, мяркуе журналіст Алесь Чыгір:

“Наколькі мне вядома, у гэтай калёніі адбывае пакараньне былы старшыня “Белнафтахіму” Аляксандар Бароўскі. Збольшага, нечага дрэннага пра ўмовы ў гэтай калёніі я ня чуў”.

Паводле Тацяны Кім, яе сына зьмясьцілі ў карантын. Чым адметны гэты пэрыяд турэмнага зьняволеньня, патлумачыў былы палітвязень Валер Леванеўскі, знаёмы з карантынам некалькіх беларускіх калёній. Паводле спадара Леванеўскага, звычайна ў карантыне вязьня дадаткова абмяжоўваюць у ліставаньні і ў спатканьнях, але галоўнае — адміністрацыя адразу пачынае “ціснуць” на непакорных вязьняў, у тым ліку празь зьмяшчэньне ў карцэр.

“Ня ведаю, у якім ён байцоўскім настроі. Звычайна, каб чалавека зламаць, паказаць яму, хто тут гаспадар, што ты нічога ня зробіш, нават не паскардзісься, адміністрацыя ідзе і на такія захады, як зьмяшчэньне паводле надуманай прычыны ў карцэр. Ва ўсякім разе, так было пры мне”.

Нагадаю, Цэнтральны суд Менску асудзіў Андрэя Кіма на 1,5 года зьняволеньня нібыта за напад на міліцыянта. Актывіст сваёй віны не прызнаў і абскардзіў прысуд. Калі адбудзецца разгляд скаргі Андрэя Кіма, яшчэ невядома.


XS
SM
MD
LG