Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: музэй зьнішчылі дзеля эканоміі


У вёсцы Маслакі, што на Гораччыне, ліквідаваны музэй некалі вядомага калгасу-мільянэра “Шлях Леніна”.


У трохпавярховым будынку неўзабаве разьмесьцяць бальніцу аграгарадка. У аддзеле культуры горацкага райвыканкаму шкадуюць, што музэй давялося зачыніць. Так пастанавіла начальства, апраўдваюцца ў аддзеле. Дырэктар гаспадаркі матывуе закрыцьцё музэя эканоміяй сродкаў.

Музэй у вёсцы Маслакі праіснаваў каля трыццаці гадоў. Яго пачалі ствараць у 1980-х гадах на калгасныя сродкі. Апекаваўся музэем старшыня калгасу Ігнаці Медзьвядзёў. Ён асабіста шукаў па архівах зьвесткі пра мінулае вёскі й папаўняў імі экспазыцыю. Калгасныя адмыслоўцы вырабілі стылізаваную беларускую хатку з прадметамі сялянскага побыту. У музэі рэгулярна ладзіліся выставы.

Былая загадчыца музэю Людміла Шылава паведаміла “Свабодзе”, што трохпавярховы будынак музэю ўжо пачалі перабудоўваць. Экспазыцыю перадалі мясцовай школе й горацкаму гісторыка-этнаграфічнаму музэю.

“Мне ўжо ў музэй доступу няма. Там ужо ўсё разбурылі. Пачалі завозіць матэрыялы, якімі будуць аздабляць бальніцу. Цяпер гэта будзе школьны музэй, а маслакоўскі філіял ліквідуецца. Яго ня будзе. Людзі ёсьць, якія й за, і якія супраць. Але цяпер, калі ўжо ўсё разбурылі, людзі пачалі казаць, што гэта кашчунства, ну як так можна было разламаць такое дабротнае”, — зазначае Людміла Шылава.

Спадарыня Шылава кажа, што летась у сьнежні на хаўтурах па Ігнацію Медзьвядзёву чыноўнікі абяцалі не зьнішчаць музэю, што пад бальніцу знойдуць іншы будынак, аднак слова сваё не стрымалі.

Людміла Шылава спрабавала абараніць музэй, але марна. Сабраныя ёю сто подпісаў вяскоўцаў за захаваньне музэю не зьмянілі пазыцыі раённай улады. Праз сваю актыўнасьць яна засталася беспрацоўнай. У школьны музэй яе чамусьці не бяруць.

У аддзеле культуры райвыканкаму шкадуюць пра музэй, аднак ківаюць на вышэйшае начальства выканкаму: маўляў, яно так пастанавіла.

“Галоўнае, што было ў музэі, — быў будынак і яго экспазыцыя. Цяпер жа, калі мы будынак гэты страцілі, яго перадалі на балянс раённай бальніцы, то ў нас інтарэс да гэтага музэю адпаў. Улада вырашыла, што гэты кавалачак гісторыі можна адлюстраваць у кабінэце ў школе”, — зазначыла супрацоўніца аддзелу культуры.

Кіраўнік гаспадаркі Арыф Насыраў матывуе закрыцьцё музэю эканоміяй сродкаў:

“Сёньня ў гэты музэй мала хто ходзіць. Гэты музэй павінен быць пры школе, каб дзецям паказаць, як людзі працавалі. Сёньня бальніца больш карысная. Навошта гэтыя лішнія выдаткі, кідаць грошы ў паветра?”

Арыф Насыраў без адказу пакінуў пытаньне, ці можна было захаваць музэй і пабудаваць новы будынак бальніцы. На будаўніцтва аграгарадкоў выдзяляюцца ж сродкі?

З пазыцыяй Арыфа Насырава не згаджаецца горацкі журналіст Эдуард Брокараў. Музэі, кажа ён, ствараюцца ня дзеля камэрцыйнага прыбытку, у іх захоўваецца памяць.

“Улады вымушаныя эканоміць. Эканомяць яны, ясная рэч, не на саміх сабе, любых, а на культуры, адукацыі. Калі ўлада хваліцца сваімі аграгарадкамі, знаходзіць грошы на будаўніцтва домікаў, якія часьцяком застаюцца незаселенымі й развальваюцца, то пры вялікім жаданьні ўлада знайшла б грошы й для бальніцы”, — мяркуе Эдуард Брокараў.

Вяскоўцы кажуць, што бальніца патрэбная, але й музэй ня варта было чапаць. Вось адно з характэрных меркаваньняў:

“Можна было б начальству падумаць і рашыць інакш, каб музэй не чапаць. Ведаеце, балюча глядзець. Як народжаная ў Маслаках, я вырасла тут на ўсім на гэтым. Нядобра гэта атрымліваецца”.
XS
SM
MD
LG