Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Толькі на гэтую моладзь і надзея”


7
7

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 26 траўня, панядзелак.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

У Менску распачаўся суд у крымінальнай справе, якую назвалі “справаю 14-ці”. Маладых людзей судзяць за парушэньне грамадзкага парадку, якое нібыта мела месца падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар Фёдар Лашкевіч, в. Ліпень, Асіповіцкі р-н: “Ёсьць пытаньне да роднай міліцыі. Яна, вядома, нас беражэ, але неяк непасьлядоўна. Затрымаюць на пратэстнай акцыі чалавека — і, за адсутнасьцю нечага іншага, прад’яўляюць яму стандартнае абвінавачваньне: “нецэнзурная лаянка”. Па гэтай лёгіцы, фраза “Жыве Беларусь!” — таксама лаянка, бо за яе ў нас людзей затрымліваюць. Дык вось пытаньне да адказных чыноў: ці трэба беларусу, які недзе прылюдна захоча крыкнуць: “Жыве Беларусь!”, мець пры сабе мяшэчак сухароў?

Задаць вашае пытаньне адказным чыноўнікам, паважаны слухач, магчымасьці ня выпала. А таму адказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Спадар крыху перабольшвае, бо “Жыве Беларусь!” на вуліцы можна крычаць колькі заўгодна. Іншая рэч, што ў нас сапраўды вельмі часта выкарыстоўваецца артыкул № 17 — дробнае хуліганства — супраць грамадзка-палітычных актывістаў. Прычым робяць гэта абсалютна незаконна, на падставе сьпісаў, складзеных спэцслужбамі. Гэта сапраўды так”.

Сёлета ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Лідэры апазыцыйнага палітычнага руху заявілі пра свой удзел у выбарчай кампаніі. Выказваньні на гэтую і іншую тэмы ў наступных тэлефанаваньнях:

Спадар: “Вось наконт выбараў. У нас жа ніякіх выбараў няма. Іх трэба неяк па-іншаму назваць, гэтыя прызначэньні. Пэнсіянэраў у вёсках зьбіраюць і кажуць: “заўтра машына павязе, а пасьля — не”. Трэба, каб вы ўсе заўтра прыехалі і прагаласавалі. На прадпрыемствах пасылаюць прадстаўніка з аддзелу кадраў і аб’яўляюць: “Заўтра трэба ўсім ісьці галасаваць”. І адзначаюць, калі хто прагаласаваў. Значыць, яму выходны. Не прагаласаваў — ставяць прагул. Ну, а ў войску ды студэнтаў вядома ж, як заганяюць мятлой”.

Спадарыня: “На дадзеным этапе самым лепшым прэзыдэнтам зьяўляецца Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. Нягледзячы на розныя падкопы з боку розных паганцаў, ён добрасумленна працуе дзеля дабрабыту народа, які яго абраў”.

Спадар: “Ён хутка сам павязе. Да гэтага справа ідзе. Прыйшоў заказ: Алег Дзерыпаска купляе беларускі “МАЗ”. Цяпер наш бацька за ўсё ў адказе. Калі пойдзе ён у адстаўку, яму дададуць прыстаўку: быў дырэктарам, стаў сьлесарам. І рабіць яму на “МАЗе”. Беларусы хоць на “МАЗе” будуць нешта зарабляць”.

Спадар Рыбакоў: “Шаноўная “Свабода”, адкажыце, калі ласка, на наступнае пытаньне. Раней па нашым падатковым заканадаўстве простаму грамадзяніну можна было 40 дзён на год гандляваць на любым месцы на рынку і плаціць пры гэтым толькі за гандлёвае месца. А што ў падатковым заканадаўстве на сёньняшні момант? Можа, гэта крыху дапаможа нашым простым прадпрымальнікам”.

На пытаньне адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў:

На сёньня — 60 дзён чалавек, як фізычная асоба, можа гандляваць без падатку, толькі аплочваючы арэнду месца. Іншая рэч, што падатковыя службы сваімі мэтадычкамі могуць абмяжоўваць нейкія пункты ці пералік людзей, якія маюць на гэта права”.

На сцэне Эўрабачаньня зь Біланам выступаў скрыпач і фігурыст. Перамога на траіх: па 33% на кожнага. Скакаць яму ня варта” — піша ў СМС слухачка Галіна. У працяг тэмы — тэлефанаваньне:

Спадар: “На гэтым дзікім Захадзе нават прыбіральшчыкі лепей сьпяваюць, чым нашыя народныя артысты”.

Працытуем выказваньнямі слухачоў наконт праграм Радыё Свабода, якія гучалі ў эфіры.

Спадарыня: “Пачула размову Вячаслава Ракіцкага з мамай асуджанага Андрэя Кіма. Якія сьветлыя, поўныя веры словы Тацяны Кім пра апазыцыйную моладзь! Ды толькі на яе, на гэтую моладзь, і надзея. Нярэдка чую з гаўбца сваёй кватэры іншых маладзёнаў: грубую лаянку, непрыстойныя выкрыкі зь месцаў іх збору на ўвесь наш невялікі мікрараён. Праедзе міліцэйская машына паўзь іх, на хвілінку прыціхнуць. А дзе ж наш хвалёны БРСМ? За 13 год у квітнеючай Беларусі мы дайшлі да нейкай небясьпечнай рысы ў нашым жыцьці. Што далей?

Спадар Віктар: “Хачу выказаць меркаваньне наконт капіталу беларускага, расейскага і гэтак далей. Сяджу і слухаю Радыё Свабода, і сьмешна слухаць, што ў Беларусі няма капіталу. А хто будуе супэрмаркеты ў Менску?! Хто будуе ўласныя крамы? Хто валодае рынкамі ў Малінаўцы, у Ждановічах, Камароўкай? І гэта толькі ў Менску. А хто будуе палацы ў Тарасаўцы, Ратамцы? Ці не расейская нафтавая мафія і алігархі? А палацы вакол Менска і абласных цэнтраў! А колькі іх будуецца ў глухіх прыгожых месцах! На якія грошы?! І дзе гэты наш антыкарупцыянэр, гэты наш самы справядлівы і самы разумны, самы варты? І дзе ён быў ды выбараў? Хто яго ведаў? Дзякуй”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG