Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Цэнтральны суд Менску прыйшлі каля трыццаці моладзевых актывістаў, палітыкаў і прадпрымальнікаў, каб падтрымаць абвінавачаных у “працэсе 14”.

На вуліцы Кірава, дзе знаходзіцца суд, стаялі тры аўтобусы са спэцназам. Міліцыянты патрулявалі вуліцу, дзяжурылі ля ўваходу ў будынак суду, аднак усіх, хто хацеў, на працэс прапусьцілі. Некалькі моладзевых актывістаў засталіся ў двары суду.

Калі ўжо пачаўся працэс, невядомыя прымацавалі на даху аднаго з будынкаў расьцяжку “Не рэпрэсіям!” Празь некалькі хвілінаў міліцыянты яе прыбралі, а ў двары застаўся дзяжурыць спэцназавец.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў заявіў, што сёньняшні працэс — гэта працяг расправы над моладзьдзю:

“Першапрычыны, чаму гэты мітынг адбыўся, ніхто і не зьбіраецца расьсьледаваць. Мітынг адбыўся, бо прадпрымальнікі выкарыстоўвалі сваё права на мірныя сходы. У прадпрымальнікаў былі ўсе маральныя і юрыдычныя матывы выходзіць на мітынг і ладзіць свой пратэст. А тое, што моладзь падтрымала, вельмі вялікі дзякуй гэтым маладым людзям. Гэта будучыня нашай нацыі. Бачная замова палітычная, каб асудзіць моладзь”.

Спадар Макаеў нагадаў, што ўдзельнікі акцыі 10 студзеня пратэставалі супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760, які супярэчыць Канстытуцыі.

Палітык Вячаслаў Сіўчык кажа, што прыйшоў у суд, каб падтрымаць моладзь, якую судзяць па палітычнай справе:

“Паказаньні сьведак я праслухаў. Нічога па Дашуку, Субачу, Вінаградаву не прагучала. Судзьдзя спрабуе нешта выціснуць. Ён нават разглядаў прагул Дашука ў школе. Вельмі вялікая за іх трывога, бо шкада моладзь, якую такім чынам зноў спрабуюць засудзіць. Дзеля таго, каб запалохаць усіх, і судзяць гэтых трох”.

Уладзімер Раманоўскі сказаў:

“Сёньня я мог назіраць, што некаторыя сьведкі выступалі вельмі стрымана, разумеючы, відаць, што яны проста становяцца ўдзельнікамі расправы ўлады над маладымі людзьмі, якія імкнуцца да дэмакратыі”.

Антон Койпіш, як і яшчэ дзевяць фігурантаў “справы 14-ці”, ужо асуджаны. Яго пакаралі штрафам. Антон лічыць сябе невінаватым і цяпер абскарджвае прысуд. Ён параўноўвае сёньняшні суд з папярэднім:

“Суд даволі моцна адрозьніваецца. Мне здаецца, нейкую працу над памылкамі зрабілі арганізатары гэтага суду. Напрыклад, цяпер апытваюцца дырэктары ГУМа, ЦУМа і гэтак далей. Але цывільныя, якіх апытваюць, у бальшыні хутчэй спачуваюць нам”.

Сярод назіральнікаў на працэсе — дарадца чэскай амбасады Гержман Хромы.

XS
SM
MD
LG