Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі: былая намесьніца міністра адукацыі Тацьцяна Галко і кандыдат пэдагагічных навук Сьвятлана Мацкевіч.


Прынятае рашэньне не працягваць школьную рэформу, а захаваць 11-гадовае школьнае навучаньне. Дзеля чаго ў 90-я гады была распачата рэформа сярэдняй школы? Чаму беларускія ўлады адмовіліся ад яе? Якія могуць быць практычныя наступствы такога рашэньня?

Дзеля чаго ў 90-я гады была распачата рэформа сярэдняй школы?

Валер Карбалевіч: “У 1998 годзе было прынятае рашэньне правесьці школьную рэформу, перайсьці на 12-гадовае навучаньне ў сярэдняй школе. Наколькі абгрунтаваным было такое рашэньне? Навошта яно спатрэбілася? Дзеля чаго патрэбнае 12-гадовае навучаньне? Або яго вырашылі ўвесьці толькі таму, што такая сыстэма існуе ў большасьці краін сьвету? Ці існуюць сур’ёзныя прычыны для такой рэформы?”
У большасьці краін сьвету існуе 12 і 13-гадовае навучаньне ў школе, невыпадкова. Аб’ём інфармацыі павялічваецца

Тацьцяна Галко: “Тое, што ў большасьці краін сьвету існуе 12 і 13-гадовае навучаньне ў школе, невыпадкова. Да гэтага падштурхоўваюць дзьве прычыны. Першая — гэта інфармацыйны выбух. Аб’ём інфармацыі павялічваецца.

Але проста павялічыць колькасьць гадоў навучаньня — гэтага мала, гэта ня выхад. Трэба па-іншаму вучыць і школьнікаў, і студэнтаў. Галоўны кірунак сучаснай адукацыі — крэатыўнае навучаньне. Трэба навучаць моладзь самім атрымліваць новыя веды, крытычна мысьліць. Менавіта гэта найбольш важна для сучаснага грамадзтва і эканомікі.

Гэтыя ж праблемы паўсталі і перад нашай краінай. Думаю, гэтымі матывамі кіраваліся нашы ўлады, калі прымалі рашэньне перайсьці да 12-гадовага навучаньня”.

Карбалевіч: “Але калі галоўная праблема сёньняшняй адукацыі — гэта навучыць маладых людзей уменьню думаць, крэатыўна мысьліць, то якая розьніца, 11 ці 12 гадоў вучыцца?”

Галко: “Інфармацыя таксама важная і патрэбная. Бо пустая галава не разважае. Дый для таго, каб навучыць крэатыўна мысьліць, таксама патрэбен нейкі тэрмін. Таму і адбываецца ва ўсім сьвеце павялічэньне тэрміну навучаньня”.

Сьвятлана Мацкевіч: “У сярэдзіне 90-х гадоў, калі прымалася рашэньне пра школьную рэформу, адбывалася дыскусія. Большасьць яе ўдзельнікаў аргумэнтавалі неабходнасьць рэформы ростам інфармацыйных плыняў. Але шэраг экспэртаў казалі пра іншы зьмест навучаньня, пра ўменьне крытычна мысьліць, пра функцыянальную пісьменнасьць, пра беларусізацыю адукацыі. Але дыскусіі пра мэты адукацыйнай стратэгіі не атрымалася.

Тады існавалі тры праекты рэформы. Першы — гэта праект Нацыянальнай школы, які распрацоўваўся Міхаілам Гусакоўскім. Другі праект быў падрыхтаваны Уладзімерам Мацкевічам разам з намесьнікам міністра адукацыі Пятроўскім. У яго распрацоўцы давялося ўдзельнічаць і мне. І быў афіцыйны праект, які распрацоўваў Нацыянальны інстытут адукацыі. Быў прыняты менавіта гэты афіцыйны праект.

Міністэрства адукацыі ўсю рэформу зьвяло да працэдурных і тэхналягічных момантаў: павялічэньне тэрміну адукацыі, пачатак навучаньня з шасьці гадоў, пераход на 10-бальную сыстэму ацэнкі ведаў, цэнтралізаванае тэставаньне.
Ці будзе эканомія сродкаў? Любыя зьмены, як рэформа, так і контррэформа, патрабуюць выдаткаў


Чаму беларускія ўлады адмовіліся ад школьнай рэформы?

Карбалевіч: “І вось на самым фінішы падрыхтоўкі да пераходу на 12-годку ўлады прынялі рашэньне ўсё павярнуць назад, вярнуцца да 11-годкі. Падрыхтаваны адпаведны прэзыдэнцкі дэкрэт. Гэта пасьля таго, як былі распрацаваны праграмы, мэтодыкі, выдзелены рэсурсы, падрыхтаваны кадры.

Аргумэнты прыхільнікаў павароту назад такія: эканомія бюджэтных сродкаў; 12-годка арыентуе моладзь на вышэйшую адукацыю, а краіне не хапае рабочых спэцыяльнасьцяў; супраць 12-годкі выступае большасьць настаўнікаў і бацькоў. Як вы пракамэнтуеце гэтую сытуацыю?”

Галко: “Ці будзе эканомія сродкаў? Любыя зьмены, як рэформа, так і контррэформа, патрабуюць выдаткаў. А калі глядзець на пэрспэктыву, то страты большыя. Бо галоўны рэсурс Беларусі — гэта інтэлект. І калі на гэтым эканоміць, то страты будуць стратэгічнымі.

Няпраўда, што 12-годка арыентавала ўсіх школьнікаў на вышэйшую адукацыю. Наадварот, яна давала варыятыўнасьць, магчымасьць выбару свайго адукацыйнага і жыцьцёвага шляху. Гэта заходняя мадэль адукацыі, якая дазваляе стварыць індывідуальную траекторыю засваеньня ведаў у сярэдняй і вышэйшай школе, ведаў і прафэсійных, і агульнаадукацыйных”.

Мацкевіч: “Гэтыя захады ўладаў сьведчаць пра тое, што ў іх няма дакладнай стратэгіі разьвіцьця адукацыі. Гэтая рэформа мела чатыры этапы. Але ўсе яны былі да канца не прадуманыя, не распрацаваныя па тэхналёгіі і зьмесьце.

У выніку цяпер мы вымушаны канстатаваць нізкую якасьць адукацыі як у школьнікаў, так і ў студэнтаў. Для ўладаў прызнаць, што рэформа не атрымалася, вельмі цяжка. Таму робяцца захады, якія павінны схаваць нізкую якасьць адукацыі. Пераход да 11-гадовага навучаньня — гэта імкненьне закрыць тэму школьнай рэформы. Адбываецца гульня на паніжэньне. Найперш паніжэньне патрабаваньняў пэдагогаў да вучняў і студэнтаў.

Спасылкі на грамадзкую думку несур’ёзныя. Бо народ ня можа быць экспэртам у такім складаным пытаньні, як стратэгія адукацыі. Гэта павінна вырашацца адмыслоўцамі, прафэсіяналамі ў адукацыйнай сфэры”.


Наступствы вяртаньня да 11-годкі

Карбалевіч: “Якія практычныя наступствы гэтага рашэньня пра вяртаньне да 11-годкі? Кароткатэрміновыя наступствы навідавоку. Гэта неабходнасьць скарачэньня амаль што двух дзясяткаў тысяч настаўнікаў і супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі. Цяперашнія вучні 10-х клясаў будуць вымушаныя за год асвоіць двухгадовую праграму. Але ёсьць, мусіць, і доўгатэрміновыя наступствы. Напрыклад, як Беларусь упісваецца ў сусьветны адукацыйны працэс?”
Наступствы гэтага рашэньня будуць цяжкімі і для вучняў, і для настаўнікаў

Галко: “Наступствы гэтага рашэньня будуць цяжкімі і для вучняў, і для настаўнікаў. Але адмоўныя наступствы закранаюць ня толькі адукацыю, але і краіну, грамадзтва ўвогуле. Бо гэта падрывае інтэлект — галоўнае багацьце краіны.

Праціўнікі рэформы кажуць, што яна не дала выніку. Але як можна казаць пра вынікі, калі яшчэ не адбылося ніводнага выпуску школьнікаў, якія вучыліся па новай праграме? Не кажу ўжо пра выпускі студэнтаў ВНУ, якія паступілі ва ўнівэрсытэты пасьля 12-гадовага школьнага навучаньня. Трэба было дачакацца гэтых вынікаў, а потым ужо рабіць высновы”.

Мацкевіч: “Некаторы час сыстэму будзе трэсьці. У Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі я сустракаюся з дырэктарамі школ, і яны ў роспачы.

У выніку гэтага рашэньня мы страцім цэлае пакаленьне новых беларусаў. Яны будуць валодаць пэўнай інфармацыяй, мець прафэсійныя навыкі. Але большасьць іх ня будзе валодаць сучасным мысьленьнем, ня будзе ўмець праектаваць свой жыцьцёвы шлях, мець уласную пазыцыю”.

Галко: “Гэтым рашэньнем мы створым жалезную заслону, ізалюем моладзь ад сусьветнага адукацыйнага працэсу. Так не бывае, што адзін салдат ідзе ў нагу, а ўся рота не ў нагу.

Наша моладзь будзе імкнуцца перайсьці ў віртуальную адукацыйную прастору, інтэрнэт, паедзе ў іншыя краіны. Мы можам страціць цэлае пакаленьне”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG