Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь павінна прыбраць перашкоды на шляху расейскіх інвэстараў”



Тэма нумару тыднёвіка “БелГазета” – выбары ў Палату прадстаўнікоў. У зьвязку з тым, што лідэры аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі абвясьцілі пра свой удзел у выбарчай кампаніі, журналісты газэты шукаюць адказу на пытаньне, хто зь дзейсных лідэраў апазыцыі здолее патрапіць у вышэйшы заканадаўчы орган краіны, улічваючы іх біяграфіі стаўленьне да ўладаў.

У артыкуле пад назваю “Муру мір” “БелГазета” паведамляе пра візыт амэрыканскага дыплямата Джонатана Мура ў адміністрацыю кіраўніка Беларусі. Гаворыць намесьнік рэдактара выданьня Віктар Марціновіч:

“У нас, на жаль, няма ніякай новай інфармацыі, а таму гэта такі аналіз пра што яны маглі там казаць. І спрабуем адказаць на пытаньне ці дамовіліся яны пра нешта”.

Газэта “Беларусы і Рынак” сёньня друкуе інтэрвію зь вядомымі беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі: Аляксандрам Мілінкевічам і Міколам Статкевічам. Тэма гаворкі – Беларусь у Эўразьвязе: магчымае ці неверагоднае? Паведамляе аўтар публікацыі Генадзь Барбарыч:

“Мікола Статкевіч лічыць, што гэта магчыма. Што паміж Беларусьсю і Эўропай не такая вялікая розьніца, як гэта падаюць дзяржаўныя ідэолягі. Аляксандр Мілінкевіч падтрымлівае гэтае меркаваньне. У інтэрвію яны не апанэнты. Проста Мілінкевіч больш прывязваецца да рэчаіснасьці, а Статкевіч разважае пра агульныя рэчы”.

Значная частка матэрыялаў сёньняшняга нумару тыднёвіка “Беларусы і Рынак” прысьвечана эканамічнай тэматыцы. Так, у артыкуле “МАЗ у абмен на газ” гаворыцца, што ў кіраўніцтве Расейскай Фэдэрацыі заяўляюць, што Беларусь павінная прыбраць перашкоды на шляху расейскіх інвэстараў. У адваротным выпадку яна рызыкуе пазбавіцца льгот і прэфэрэнцый. У артыкуле “Два ў адным фляконе” паведамляецца, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы “Нафтан” і “Палімір” падрыхтаваныя да продажу, так бы мовіць, у адным пакеце”.

Сацыяльна-эканамічнай тэматыцы надае ўвагу і незалежнае выданьне “Брестская газета”. У прыватнасьці, у сьвежым нумары выданьня зьмешчаны артыкул пад назваю “Гэтыя дзіўныя прыборы ўліку цяпла”. У публікацыі – прыватнае дасьледаваньне чытача, кажа рэдактар “Брестскай газеты” Віктар Марчук:

“Аўтар прыводзіць лічбы: пры аднолькавай тэмпэратуры паветра паказчыкі лічыльнікаў розныя. Прычым, там, дзе гэта кантралюе грамадзкасьць, паказчыкі меншыя. А там, дзе кантралююць ЖЭС – большыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG