Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Краснапольшчыне ствараюць “супэркалгас”


Усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці аб’ядноўваюць у адно дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства.


Старшыня райвыканкаму Аляксандар Вятошкін заяўляе, што рэарганізацыя дазволіць узьняць эфэктыўнасьць раённай гаспадаркі. Тым часам незалежныя экспэрты ня вераць у плён такой рэарганізацыі, а чыноўнікі ня ведаюць, як будзе працаваць рэарганізаваная гаспадарка. Улады рэарганізацыю яшчэ не завяршылі, а людзі ўжо пачалі зьяжджаць з раёну.

На Магілёўшчыне Краснапольскі раён найбольш пацярпелы ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Тут усяго шэсьць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, на якіх працуюць каля адной тысячы чалавек.

Як будзе функцыянаваць рэарганізаваная гаспадарка ў Краснапольскім райвыканкаме ня ведаць.

“Ніхто тут у раёне не разумее, што з гэтага будзе. У нас жа няма ніякай прамысловасьці абсалютна. Людзі нейкім чынам тут затрымліваліся ў гэтых сельгаспрадпрыемствах. Атрымлівалі, хоць маленькі заробак, але атрымлівалі. Разьвівалі свае прыватныя гаспадаркі. Што далей будзе? Людзі разгубленыя”, – зазначае супрацоўнік райвыканкаму.

Паводле старшыні райвыканкаму Аляксандра Вятошкіна, рэарганізацыя задуманая дзеля найбольш эфэктыўнага выкарыстаньня сродкаў, якія ідуць на адраджэньне вёскі.

У райвыканкаме запэўніваюць: аб’яднаньне гаспадарак нібыта ўхвалілі іхныя работнікі.

Жыхар Краснапольля Аляксандар цьвердзіць адваротнае. Людзей змусілі, кажа ён, пагадзіцца на аб’яднаньне:

“Пяць разоў зьбіралі сходы, каб людзі прагаласавалі за аб’яднаньне. Пяць разоў яны праваліся – усе былі супраць. Апошні раз сагналі ўсіх у раённы дом культуры. Нагналі міліцыі й сказалі, што ня выпусьцяць пакуль не прагаласуеце “за”. Хто супраць пачынаў гаварыць, яго затыкалі: “Ты выпіўшы, ты больш збожжа не атрымаеш”.

Людзі ў паляпшэньне жыцьця ня вераць. Працягвае спадар Аляксандар:

“Што толку ад гэтага аб’яднаньня? Сыстэма засталася тая ж самая. Толькі замест старшыняў калгасаў паставілі ўпраўляючых. Сутнасьць не мяняецца, нічога не мяняецца, абсалютна”.

Улады рэарганізацыю гаспадаркі яшчэ не завяршылі, а ўжо сутыкнуліся з праблемамі.

“У выніку гэтай рэарганізацыі сто чалавек ужо некуды зьбеглі. Плянуецца, што яшчэ прыкладна дзьвесьце чалавек будуць звольненыя. Куды гэтыя людзі пойдуць і чым яны будуць займацца – ня ясна. На гэтыя пытаньні ніхто не адказвае”, – кажа супрацоўнік райвыканкаму.

Былы дырэктар саўгасу “Дрыбінскі” Мікалай Юркоў упэўнены: аб’яднаньнем гаспадарак улада імкнецца прадэманстраваць, што пачала рэфармаваць сельскую гаспадарку:

“Гэта робіцца з-за таго, што ўлада тады пад выглядам рэформаў дае нейкія прэфэрэнцыі. Гэтыя грошы асядаюць галоўным чынам у тых фірмах, якія дзеюць пад дахам улад. У калгасьніка як нічога не было, так і ня будзе. Рэформы патрэбныя ўнутры гаспадарак. Трэба ствараць гаспадара”, – лічыць Мікалай Юркоў.

Магілёўскі палітык, былы дырэктар саўгасу “Іскра” Рыгор Кастусёў лічыць: ўлада вымушаная аб’ядноўваць гаспадаркі, каб затуліць нястачу працоўных рук:

“Проста ў некаторых калгасах цяпер няма людзей, няма каму працаваць на зямлі. З Краснапольскага раёну людзі зьяжджаюць хто ў Магілёў, хто ў Расею. Канечне, у той сытуацыі, якая склалася ў Краснапольскім раёне, аб’яднаньне – гэта тая саломінка, за якую ўхапіліся, каб выратаваць сытуацыю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG