Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этэр 25 траўня 2008 году

Гэта выніковая перадача з сэрыі да 20-х угодкаў адкрыцьця праўды пра Курапаты. Мы разглядалі лёсы рэпрэсаваных беларусаў з 60-тысячнай картатэкі, што захоўваецца ў архіве КГБ. Мінула даволі шмат часу, каб мы маглі ня толькі ацаніць тое, што адбылося, але і пераацаніць гэта з гледзішча прыярытэтаў і зацікаўленьняў найноўшага часу. Таму гаворка ішла пра жывыя нэрвы гэтай трагедыі, якія дагэтуль азываюцца у душы і будуць азывацца яшчэ доўга. Такіх нэрваў шмат. Магчыма, дваццаць і сорак гадоў таму яны папросту не адчуваліся, ім не надавалася значэньня, бо надта жывы быў боль стратаў і жах катаваньняў. Сёньня гэтыя пачуцьці прытупіліся і на іх месцы ажылі іншыя.
Адзін афіцыёзны журналіст, які імкнецца затушаваць праўду пра Курапаты, піша, што масавыя расстрэлы – гэта прыдумка беларускіх нацыяналістаў. А насамрэч расстрэльвалі ў Курапатах немцы, і расстрэльвалі галоўным чынам не беларусаў, а габрэяў, латышоў, палякаў, пра што сьведчаць знойдзеныя ў пахаваньнях прадметы, вырабленыя ў розных краінах Эўропы. Журналіст, відавочна, знаходзіцца ў палоне таго стэрэатыпу, які пасуе для расейскай гісторыі й геаграфіі, але не надаецца для Беларусі.
Па-першае, Беларусь – былая рыса аселасьці габрэяў, якім на тэрыторыі Расеі было жыць забаронена. Ня дзіва, што ў нашых гарадах і мястэчках габрэі за стагодзьдзі сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі тутэйшага жыцьця. Нямала іх і сярод рэпрэсаваных. Па-другое, у адрозьненьне ад Тамбоўшчыны ці Разаншчыны, Беларусь – край на сямі вятрах, таму тут заўсёды было шмат і палякаў і ўкраінцаў і літоўцаў і латышоў, бо гэтыя народы – нашы найбліжэйшыя суседзі. Войны празь Беларусь у 20-м стагодзьдзі ішлі туды-сюды, амаль не спыняючыся, межы рухаліся таксама шматразова. І напэўна знайсьці ў 1937-м хоць адну вясковую гаспадарку, дзе не было б якога аўстрыйскага сьцізорыка ці чэскай пантофлі, немагчыма. Нехта езьдзіў да сваякоў, нехта на заработкі, нехта вяртаўся з вайны. Гэта ўжо потым, бліжэй да нашых часоў беларусам будзе накідацца расейскі стэрэатып аднастайнасьці ды самадастатковасьці насельніцтва паводле крыві і плакатнага “славянскага тыпу”. Але да рэпрэсіяў і да другой сусьветнай вайны Беларусь была зусім іншай – тым, што называюць катлом народаў і культур. Нездарма ў гэтым катле “зварылася” так шмат славутых дзеячоў польскай, расейскай, габрэйскай ды іншых нацыяў. Іх посьпех дадае нам гонару. А страта іх супляменьнікаў у Курапатах успрымаецца як страта сваіх, беларускіх людзей. Іх прыналежнасьць да іншых нацыяў ці наяўнасьць швэйцарскага гадзіньніка ў кішэні ня робіць іх для нас чужымі або экзатычнымі. Тым часам большасьць рэпрэсаваных, пра што сьведчаць справы ў архівах КГБ – гэта этнічныя беларусы, для якіх таксама ня быў дзівам фанцускі грабеньчык у кішэні ці чэскія пантофлі на нагах.
Курапаты ня маюць дачыненьня да беларускага нацыяналізму. Гэта злачынства супраць беларускае нацыі і супраць чалавечнасьці.
Што да штучнае спрэчкі пра тое, хто і калі расстрэльваў у Курапатах, могуць быць розныя дапушчэньні, але сутнасьць справы ад гэтага не зьмяняецца. Напрыклад, дасьледнік Леанід Маракоў настойвае на тым, што ў Курапатах і падобных месцах чэкісты толькі закапвалі трупы, а расстрэльвалі -- у турмах. Архіўныя справы КГБ яснае карціны гэтых злачынстваў не даюць. У кагосьці ў справе напісана -- расстраляны ў Менскай, Віцебскай, Аршанскай, Барысаўскай, Слуцкай і г.д. турме, а ў кагосьці – расстраляны ў г. Менску, Віцебску, Воршы, Барысаве, Слуцку. Сутнасьць справы ў тым, што расстрэльвалі па ўсёй краіне сотні людзей, прычым кожны дзень. Гэты факт дакумэнтальна пацьвярджаюць кагэбэшныя архівы 1930-х гадоў. Пры чым тут вайна і немцы? Ясна, што сотні трупаў штодзённа трэба было кудысьці дзяваць. А паколькі іх не палілі, таму і зьяўляліся пад кожным горадам, дзе была турма НКВД, свае пахавальныя ямы – Курапаты.
Цяпер – пра самы масавы, цэнтральны сюжэт у рэпрэсіўных архівах КГБ.
Абсалютная большасьць рэпрэсаваных – сяляне. У часы хутарызацыі дваццатых гадоў яны жылі на ўласных аднаасобных гаспадарках і, як правіла, былі спраўнымі гаспадарамі. Па сёньняшніх мерках, прадпрымальнікамі. У аграрнай краіне масавы бізнэс займаўся сельскай гаспадаркай. Калі ж пачалася калектывізацыя, натуральна, што абсалютная большасьць самастойных гаспадароў не пажадала аддаць сваё нажытае майно ў калектыўны абшчак і застацца, па сутнасьці, без штаноў. Хто б сёньня на такое згадзіўся добраахвотна? І тады кожная малатарня ці кожная карова была рэальным абаротным сродкам бізнэсу сям’і. Як адабраць? Нязгодны гаспадар, зразумела, супярэчыў сваёй нязгодай лініі савецкай улады, таму за антысавецкую прапаганду ішоў у турму ці ссылку.
Вось уявіце, што да вас заўтра прыйдуць і скажуць, што рашэньнем уладаў вы павінны здаць вашу кватэру з усім майном у агульны фонд і пераехаць у барак. Ясна, вы запярэчыце, скажаце, што вы ня супраць уладаў, але так дорага вам дасталася гэтая кватэра, і ня столькі пра сябе вы думалі, калі яе будавалі, а пра дзяцей. Трэба кампэнсаваць выдаткі. Але кампэнсацыі не прадугледжаныя. Увесь народ жыве няпроста. Трэба яшчэ пяцігодку ўсім нам памучыцца, а там лягчэй будзе... Не, скажаце вы, я ня згодны. У мяне і дакумэнты на кватэру... А яны ануляваныя прэзыдэнцкім указам. Ваш пратэст нарастае і вось ужо няцяжка кваліфікаваць яго як брыдкаслоўе ці хуліганства. І вы атрымліваеце 1 год калёніі. Вядома, з канфіскацыяй. Як, напрыклад, Аляксей Іванавіч Барысавец.
... Барысавец Аляксей Іванавіч, 1889 году нараджэньня, беларус, селянін. Меў аднаасобную гаспадарку ў вёсцы Паўлаўка Слуцкага раёну. У 1931 годзе асуджаны “тройкай” за антысавецкую агітацыю на 1 год ППЛ.
... Барысавец Аляксей Іванавіч, 1889 году нараджэньня, беларус, селянін. Калгасьнік калгасу імя Куйбышава ў вёсцы Паўлаўка Слуцкага раёну. У 1935 годзе за контррэвалюцыйную агітацыю асуджаны на шэсьць гадоў катаргі ў Дзімітраўлаг НКВД СССР.
Вы заўважылі, як зьмяніўся статус Аляксея Барысаўца? Быў аднаасобны гаспадар, а праз год турмы – ужо калгасьнік. Быў чалавек з майном, а стаў -- безь нічога.
Ці вось -- Піліп Іванавіч Ляўданскі зь вёскі Юр’ева Смалявіцкага раёну, аднаасобны гаспадар, які ў сакавіку 1931 году быў асуджаны “тройкай” за антысавецкую прапаганду на адзін год катаргі.
Гэтая схема калечаньня чалавечага лёсу паўтараецца тысячы разоў. Калі браць самую сутнасьць справы – звычайны рабунак. У вас сілаю адбіраюць вашу маёмасьць. Злачынства? Злачынства.
Дапусьцім, праз год вы вяртаецеся з калёніі. Куды? Зразумела, да сябе дадому. А вашага дому больш няма. Няма ў вас больш кватэры... Вядома, людзі розныя. Нехта зьмірыцца і апусьціўшы галаву, пабрыдзе ў барак. Нехта “кінецца на амбразуру”, схопіць участковага за грудкі і зараз “загрыміць пад фанфары” на ўсе 10 гадоў катаргі, а то й пад расстрэл. Аднак большасьць, панурыўшы галаву, ішла ў барак зь перапоўненай абурэньнем душою і настройвалася чакаць, калі справядлівасьць будзе адноўленая.
Так і наш Піліп Іванавіч Ляўданскі. Пасля адбыцьця пакараньня ён ужо не аднаасобны гаспадар, а калгасьнік калгасу “Культура” ў роднай вёсцы Юр’ева Смалявіцкага раёну. Нехта з колішніх гаспадароў станавіўся рабочым на фабрыцы ці на чыгунцы ці проста – бяз пэўных заняткаў. Але найчасьцей станавіліся калгасьнікамі, як Піліп Іванавіч. Тыя, хто гэтую палітыку праводзіў, выдатна разумелі, што ня зьмірыцца грамадзянін Ляўданскі са стратай майна, што ня ўсім сэрцам ён адданы бальшавіцкай справе чалавек, ёсьць у ім “чарвяточынка”. А значыць, калі ў 1937-м арыштоўваць пачалі ўжо паводле разнарадкі, такія, як ён, былі першым аб’ектам перасьледу. І ў кастрычніку 37-га за контррэвалюцыйную прапаганду “тройка” асудзіла Піліпа Іванавіча на 10 гадоў катаргі ў Бурлаг. Бурэйскі лягер разьмяшчаўся на Далёкім Усходзе. І там 23 кастрычніка 1941 году Піліп Іванавіч памёр.
Магчыма, сярод нашых слухачоў раптам акажацца нехта з нашчадкаў аднаасобнага гаспадара Ляўданскага зь вёскі Юр’ева. Цяпер вы разумееце, чаму дагэтуль закрытыя архівы КГБ? Зразумела, працуе карпаратыўная салідарнасьць, трэба даць спакойна адысьці тым катам і карнікам, што праводзілі рэпрэсіі. Гуманны крок. Але найперш таму, што там – сьляды аднаасобнай гаспадаркі Піліпа Іванавіча і соцень тысяч іншых рэпрэсаваных сялян, продкаў цяперашніх беларусаў.
Што за гаспадарка? Вядома, не Нафтахім. Але -- гаспадарка, прадпрыемства са сваімі актывамі, запасамі, будынкамі, замлёю, абаротнымі сродкамі... Кажаце, забытая гісторыя? Ды не забытая. І грошыкі селяніна Ляўданскага паводле закону захаваньня матэрыі шмат павялічыліся і працуюць на сілу і мошч ужо чарговае ўлады. Бо адабраная маёмасьць, а яшчэ раней – зямля – нікуды ня дзелася, яна працавала, множылася, пераўвасаблялася ў іншыя формы, яна працуе і сёньня. Уявіце, калі б увесь народ пажадаў аднаўленьня справядлівасьці, гэта пацягнула б за сабой зьмену ўсёй дзяржаўнай палітыкі. І безь ніякай ідэалёгіі. Толькі -- справядлівыя кампэнсацыі за несправядліва адабранае майно.
У адной зь перадач гэтай сэрыі ішла гаворка пра суседнюю Літву, дзе пасьля абвяшчэньня незалежнасьці на пачатку 1990-х дзяржава адразу прыступіла да выплаты такіх кампэнсацыяў. У нас саму гэтую ідэю гатовыя зараз жа растаптаць перасьмешнікі з БТ ці дзяржаўных газэт. Але бог зь імі. Галоўнае, адказ на пытаньне пра тое, чаму празь 70 гадоў пасьля рэпрэсіяў па-ранейшаму закрытыя архівы КГБ, мы ведаем.
Не ідэалёгія тут галоўнае. Ці будзем мы правымі ці левымі, ці прарасейскімі ці празаходнімі – няважна. Вярнуць людзям маёмасьць – гэта і значыць даць адэкватную ацэнку сталінскіх рэпрэсіяў.
* * *
Адкрыцьцё праўды пра Курапаты стала “откровеніем”, мяжою, якая падзяліла беларускі сьвет на “да” і “потым”.
Тады ўсё раптам зьмяшалася – і прага перамен, і артыкул “Курапаты – дарога сьмерці”, і Дзяды зь міліцэйскімі вадамётамі, і ўзьлёт беларускіх музычных гуртоў... Першай прыгадваецца песьня, што пачыналася словамі “Доўгі Брод”, бо менавіта Бродам называлася мясцовасьць, якой Зянон Пазьняк даў імя Курапаты.
Доўгі Брод, завулак кветак і траў,
Не пытай мяне, дзе яны цяпер,
І не шукай...
Я нават зірнуў на год напісаньня гэтай песьні – 1988. Ну, нездарма ж яна прыйшла ў галаву. Калі здараецца “откровеніе”, яно, нібы выбух сьвятла, працінае сабою ўсё і ўся. Я спытаўся ў аўтара гэтых словаў Фэлікса Аксёнцава – ці няма тут сувязі. Пра сувязь Фэлікс абачліва прамаўчаў, заўважыў толькі, што шукаў вобраз – нешта каляровае, зь беларускім старажытным гарадзкім водарам:
“Даўгабродзкая вуліца бярэ назоў ад урочышча ці фальварку Доўгі Брод. Той факт, што гістарычная, натуральная назва была замаскаваная “вуліцай Казлова”, нам усім падабаўся. Бо радок “Доўгі Брод, Завулак Кветак і Траў” фактычна гаварыў, што Доўгі Брод -- жывы, як і кветкі з травамі. А вось “вуліца Казлова” -- фікцыя, мёртвыя пустыя словы”.
Чаму я раблю на гэтым акцэнт? Бо хачу знайсьці спосаб актуалізацыі Курапат як такіх і Курапат як сымбаля сталінскіх рэпрэсіяў у сёньняшнім і заўтрашнім дні.
Артыкул “Курапаты – дарога сьмерці” стаў водападзелам. Тое, што было пасьля яго, носіць ужо нібыта кананічны характар, гэта дасьледаваньні і ўражаньні -- у сьвятле гэтага артыкула. А ўсё, што да яго – пэўная апактыфічная частка, якая захоўвае ў сабе энэргію эпасу. Бо да артыкула кожная згадка пра Курапаты, нават паміж радкоў, была подзьвігам.
Не кажу пра навуковыя дасьледаваньні, будаўніцтва народнага мэмарыялу і ўрокі праўды, што само сабою будзе працягвацца. Кажу пра эпас Курапатаў.
У адной зь перадач гэтай сэрыі гаворка ішла пра зарок маўчаньня. Беларусы татальна маўчалі пра сталінскія рэпрэсіі аж да зьяўленьня артыкула пра Курапаты. І любая згадка ў друку, адшуканая намі ў гэтым заложным маўчаньні, – на вагу золата.
Лёд забыцьця не вакол нас і не перад намі. Ён за нашымі сьпінамі. Трэба пільней угледзецца... Калі вакол гінуць сотні тысяч людзей, а пры тым усе твае сябры і паплечнікі, ты ня можаш не пакінуць ніякага сьведчаньня пра гэта – няхай толькі намёкам ці самім табою неўсьвядомленай эмоцыяй.
Пачатак эпасу Курапатаў – у паэзіі Янкі Купалы. У самых раньніх, дарэвалюцыйных вершах, дзе тэма сталінскіх рэпрэсіяў праходзіць чырвонаю ніткай. Паэт ня зьвязвае гэтую тэму з гісторыяй альбо фактамі сучаснасьці, ён – прарочыць будучыню:
Я змогся. Ногі больш служыці
Мне не хацелі, чуць цягнуў.
І ўсеўся на курган спачыці,
І на кургане я заснуў.
…………………………..
Я сьніў. А ўсё як бы наяве
Кругом мяне жыло жыцьцём:
Той абымаў, той нож крывавіў,
Той спаў летаргу зводным сном.
Збуджэньня дух махаў крыламі,
Няпамяць свой скідала пыл,
Вякі пражыты за вякамі
Ўставалі з попелу магіл.
Далей пачынаецца ўласна прароцтва, у якім мы ў дэталях пазнаем карціны сталінскага аптымізму.
Сьпіхала ў долы праўду здрада,
За быт, за шчасьце йшла вайна,
Парад цягнуўся за парадам,
Жыла, ўмірала старана.
Купалавы сны на курганах – гэта прыпаданьне да магіл, да масавых пахаваньняў соцень тысяч землякоў, якія будуць забітыя праз два-тры дзясяткі гадоў.
Ёсьць эпізод такога сумоўя з забітымі ў біяграфіі Якуба Коласа. Яго распавёў у біяграфічнай аповесьці пра Коласа Сьцяпан Александровіч. Тут ужо распазнаецца дакладная тапаніміка апісаных Зянонам Пазьняком Курапатаў.
Кніга Сьцяпана Александровіча “Крыжавыя дарогі” пабачыла сьвет у 1985 годзе, яшчэ да таго, як пра Курапаты загаварылі шырока і калі зьявілася сама гэтая назва. Вось той эпізод:
“Пасьля сьняданьня 13 жніўня 1956 году Канстанцін Міхайлавіч папрасіў шафёра завезьці яго ў лес. Праехалі яны па Маскоўскай шашы і зьвярнулі налева, дзе на пагорку стаялі высокія сосны, а крыху ніжэй прыкідаліся купкі дужых бяроз.
Спачатку ён крыху патупаў: ці не схаваліся дзе ў зялёным моху ці пад кустом баравікі. А потым прысеў на пень. Сонца сьвяціла яшчэ па-летняму, але перагонамі налятаў халодны вецер, і ён вымушаны быў шукаць зацішак у лагчыне каля бяроз. Прылёг на сухую купіну і цяпер толькі ўбачыў побач з трыма бярозамі вялікі мурашнік… Доўга сядзеў ён, пазіраючы на мітусьню мурашак, адключыўшыся ад усяго, што дзеелася вакол. Потым моўчкі падняўся, пахадзіў вакол мурашніку і бяроз, сеў у машыну і вярнуўся дахаты. Зь цяжкасьцю падняўся ў свой рабочы пакойчык, перакусіў, і раптам стала кепска.
У трынаццаць гадзін дваццаць хвілін перастала біцца ягонае сэрца…”
Сёньня кажуць – чаго няма ў інтэрнэце, таго няма ўвогуле. У даінтэрнэтныя часы тое самае можна было сказаць пра літаратуру, фальклёр, пагалоскі. Дакананічны беларускі эпас пад назваю “Курапаты” ўжо створаны, ён ужо існуе. Яго толькі трэба адшукаць па частках, сабраць і злучыць у адно цэлае. Пакуль гэтага ня зроблена, пакуль не абвергнутыя стэрэатыпы пра тое, што “беларускія пісьменьнікі не пісалі ў стол”, або пра тое, што ніхто ніколі нічога не казаў, датуль зарок маўчаньня будзе захоўвацца і датуль нельга будзе сказаць, што Курапаты цалкам адыгралі сваю гістарычную ролю і цяпер – гэта толькі сымбаль і толькі помнік зразумелай для нас усіх і для нашых наступнікаў трагедыі.
Вядома, што сёньня вакол гэтага месца і гэтай тэмы гуртуецца толькі невялікая частка людзей. Вядома, што так і ня будуць адкрытыя архівы КГБ – да таго часу, калі іх адкрыцьцё перастане што-небудзь значыць. Інакш кажучы, тыя, хто мог бы прэтэндаваць на кампэнсацыі адабранае маёмасьці, згубленых жыцьцяў, зламаных лёсаў, і іх дзеці такіх кампэнсацыяў у Беларусі не дачакаюцца. Вядома, нарэшце, што аб’ектыўная ацэнка трагедыі ня будзе ініцыяваная ўладамі, а іншая ня зьменіць сытуацыі. Грамадзтва страціла ўнутранае жаданьне і, калі хочаце, натхненьне да перамен.
І таму мы зноў павяртаем позіркі ў бок Курапатаў. Мы адчуваем у іх вялікую крыніцу гэтага натхненьня, складзенага з тысяч асобных натхненьняў нашых продкаў, якія ня здолелі рэалізаваць сваю энергію ў жыцьці. Але гэтым разам здабыць той агонь будзе не прасьцей, чым дваццаць гадоў назад. Бо мы ня зможам пайсьці шляхам іншых народаў, нашых суседзяў, якія тады рушылі разам з намі. Цяпер мы засталіся адны і торыць свой шлях нам давядзецца ў самоце. Доўгі шлях, падобны на доўгі брод. У гэтым ёсьць як адмоўны, так і станоўчы бакі. Але тое ўжо зусім іншая гісторыя.
XS
SM
MD
LG