Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбіляр Міхаіл Чыгір: “Безумоўна, жыцьцё ўдалося"


Сёньня спаўняецца 60 гадоў Міхаілу Чыгіру. Гэта першы і адзіны прэм’ер-міністар Беларусі, які пайшоў у адстаўку на ўласнае жаданьне, на знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму.


Міхаіл Чыгір нарадзіўся 24 траўня 1948 годзе ў пасёлку Брацкі Капыльскага раёну ў сялянскай сям’і. У жыцьці Міхаіла Чыгіра было ўсё: імклівы кар’ерны рост і зьняволеньне.

У 25 гадоў ён ужо ачольваў Клецкае раённае аддзяленьне Дзяржбанку. Працаваў у ЦК КПБ, але зразумеў, што партыйная праца – гэта не ягоная справа. Вярнуўся ў банкаўскую сфэру.

Міхаіла Чыгіра тройчы запрашалі на вельмі прэстыжны факультэт Маскоўскага фінансавага інстытуту. У Маскве давалі кватэру, але Чыгір абраў Менск, не хацеў зьяжджаць зь Беларусі, ня мог кінуць бацькоў.

На пачатку 1990-х кіраваў “Белаграпрамбанкам”, тады адной з самых магутных фінансавых структур Беларусі. Калі прэзыдэнтам стаў Лукашэнка, той прапанаваў Чыгіру крэсла кіраўніка ўраду. Але ў лістападзе 1996-га сумленны і непадкупны прэм’ер Чыгір падаў у адстаўку…

У 1999 годзе ўдзельнічаў у альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах, якія праводзіліся пасьля заканчэньня дэ-юрэ першага тэрміна кіраваньня Лукашэнкі. За гэта ўлады адпомсьцілі Міхаілу Мікалаевічу – 9 месяцаў ён прабыў у СІЗА…

Зараз Міхаіл Чыгір працуе ў Маскве. На юбілей прыехаў на радзіму. Сёньня ў гасьцінным доме Чыгіроў шмат гасьцей, але хвілінку для Радыё Свабода юбіляр знайшоў:

Карэспандэнтка: “Міхаіл Мікалаевіч, шчыра віншуем зь юбілеем. Можаце сказаць, што жыцьцё ўдалося? Што самае цікавае ў вашым жыцьці было?”

Чыгір: “Безумоўна, жыцьцё ўдалося. Ды ўсё цікавае ў маім жыцьці было – ад першага дня да сёньняшняга. Думаю, наперадзе яшчэ шмат чаго цікавага будзе”.

Карэспандэнтка: “Калі ў Беларусі нешта зьменіцца, гатовыя вярнуцца, жыць і працаваць тут і вывесьці гэтую краіну на эўрапейскі ўзровень?”

Чыгір: “Вядома ж, без сумненьня!”

Карэспандэнтка: “Зараз вы працуеце ў Маскве, на Беларусь звонку глядзіце. Ці ёсьць будучыня ў гэтай краіны?”

Чыгір: “Безумоўна, ёсьць. Усё ў нас ёсьць!”

Карэспандэнтка: “А чаго не хапае?”

Чыгір: “Хаценьня. У большасьці народу. Але трэба дачакацца зьменаў. Думаю, чакаць засталося нядоўга. Спадзяюся…”

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч у 1994-м літаральна ўгаварыў Міхаіла Чыгіра стаць прэм’ерам, бо бачыў, што гэты чалавек здольны быў вывесьці краіну з крызысу:

“Гэта надзвычай сумленны чалавек, я яго ведаю яшчэ па банкаўскай сфэры. Ведаў яго як прэм’ер-міністра, ведаю, што ён спрабаваў нешта зрабіць для пераводу эканомікі на эфэктыўныя рынкавыя рэйкі. Ён падаў у адстаўку на знак нязгоды з правядзеньнем так званага рэфэрэндуму. Ведаю, як ён праявіў мужнасьць і сышоў на знак пратэсту. Гэта вельмі сумленны, годны, добры чалавек”.

Аляксандар Сасноў працаваў ва ўрадзе Чыгіра міністрам працы. Вось што ён сказаў пра Міхаіла Мікалаевіча:

“Гэта вельмі сумленны чалавек, які здолее кіраваць ня толькі такой маленькай краінай, як Беларусь, але пацягнуў бы і большую. Тое, што ён тады ня змог застацца ва ўладзе, калі пабачыў, што робіцца канстытуцыйны пераварот і сышоў – гэта толькі плюс яму. Але ён здолеў вытрымаць, да таго ж, ён мужны чалавек. Я віншую яго і лічу, каб такіх людзей было болей, лепш жыцьцё было б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG