Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Мацытэлі: “Такой сытуацыі з мовай, як у Беларусі, няма нідзе ў славянскім сьвеце”


Госьця “Начной Свабоды” – студэнтка рымскага ўнівэрсытэту Лідзія Фэдэрыка Мацытэлі, якая вывучае беларускую мову.


Ганна Соўсь: Я ведаю, што Вы – адзіная студэнтка ва ўнівэрсытэце, якая вывучае беларускую мову. Скажыце, калі ласка, як узьнікла цікавасьць да беларускай мовы?

Лідзія Мацытэлі:
Калі я была на першым курсе ва ўнівэрсытэце, тады я выбрала расейскую мову, таму што мая спэцыялізацыя – славянскае мовазнаўства. Прафэсарка расейскай літаратуры нам сказала, што ў нас няма катэдры беларускай мовы, і нават толькі беларускай мовы, усе іншыя славянскія мовы ёсьць. Таму што ў самой Беларусі беларусы не размаўляюць па-беларуску, яны аддаюць перавагу расейскай мове. І тады я падумала, што гэтая мова павінна быць вельмі цікавая, і тады я вырашыла, што калі-небудзь я буду вывучаць яе.

Ганна Соўсь: І колькі часу Вы ўжо яе вывучаеце?

Лідзія Мацытэлі: Год амаль што.

Ганна Соўсь: І наколькі яна складаная для Вас у вывучэньні?

Таму што ў самой Беларусі беларусы не размаўляюць па-беларуску, яны аддаюць перавагу расейскай мове. І тады я падумала, што гэтая мова павінна быць вельмі цікавая, і тады я вырашыла, што калі-небудзь я буду вывучаць яе
Лідзія Мацытэлі:
Яна не была вельмі складаная, таму што калі я пачала вывучаць беларускую мову, я ўжо ведала расейскую і польскую. Але ўсё адно вельмі важна сказаць, што яна зусім ня як польская і расейская. У яе ёсьць свае рысы, свая асабістасьць. Проста, канечне, граматычны лад, правілы таксама лексыка мне была даволі занёмая, таму мне не было так цяжка.

Ганна Соўсь: Вы ведаеце 10 моваў – скажыце калі ласка, ці сутыкаліся Вы яшчэ з такой моўнай сытуацыяй, як у Беларусі?

Лідзія Мацытэлі: На самай справе не. У Заходняй Эўропе я такога ня ведаю, і таксама ў славянскім сьвеце мне здаецца, што толькі ў Беларусі ёсьць такая сытуацыя. Напрыклад, я вывучаю яшчэ славенскую мову. Славенцаў мала, іх толькі 2 мільёны, але напрыклад там яны вельмі паважаюць сваю мову і ўсё робяць, каб паўсталі катэдры славенскай мовы за мяжой, даюць шмат стыпэндыяў студэнтам... Я ня бачыла такой сытуацыі, як у Беларусі.

Ганна Соўсь: Скажыце, якія літаратурныя творы на беларускай мове Вы ўжо прачыталі?

Лідзія Мацытэлі: Напрыклад, я чытаю зараз "Меч князя Вячкі" Леаніда Дайнэкі, чытала Барыса Сачанку і паэта Алеся Разанава, але ні Купалы ні Коласа пакуль не чытала...

Ганна Соўсь: Лідзія, амаль усе беларусы збольшага ведаюць некалькі італьянскіх словаў – "прэга", "буон джорна", "піцца", "альфа рамэа", музычныя тэрміны... А калі італьянцаў запытацца на вуліцы, то яны ведалі б нейкія беларускія словы?

Лідзія Мацытэлі: Я, на жаль, думаю, што яны б ня ведалі нават, што ёсьць такая мова. Мне вельмі шкада гэта казаць, але ў Італіі ня вельмі ведаюць пра іншыя краіны. Мае сябры, калі я сказала ім, што паеду ў Беларусь, думалі, што гэта частка Расеі, штосьці там на Ўсходзе...

Ганна Соўсь:-А якія беларускія словы для Вас гучаць найбольш прыгожа?

Лідзія Мацытэлі:: Вось менавіта слова "прыгожа" – таму што па-італьянску “прыгожая” будзе "bella", а гэта гучыць амаль што як "белая". Калі сказаць "Белая Русь", гэта па-італійску амаль што "Прыгожая Русь" – гэтыя словы "Белая Русь" мне вельмі падабаюцца. А яшчэ слова "дзякуй".

Ганна Соўсь: Вы былі некалькі разоў у Беларусі – скажыце, што Вас найбольш уразіла ў Беларусі, што зьдзівіла?

Я таксама бачыла, што беларусы часам вельмі такія абыякавая - мне з таго сумна часам, але быў месяц люты, было вельмі холадна, я вельмі цярпела ад гэтага – можа, яны таксама, ня ведаю...
Лідзія Мацытэлі:
Уражаньняў было так шмат... Павінна сказаць, што перш за ўсё – тое, што беларусы былі мне вельмі рады, яны вельмі любяць іншаземцаў, я так думаю, таму што ўсе людзі, зь якімі я сустрэлася на вуліцы, хацелі мне дапамагаць, казалі, як цудоўна, што ты цікавісься нашай мовай, нашай культурай. І яшчэ мне спадабалася, што я магла падысьці да любога чалавека і гаварыць па-беларуску. Я была там 17 дзён, і заўсёды была вельмі рада, вельмі шчасьлівая... Я таксама бачыла, што беларусы часам вельмі такія абыякавая - мне з таго сумна часам, але быў месяц люты, было вельмі холадна, я вельмі цярпела ад гэтага – можа, яны таксама, ня ведаю...

Ганна Соўсь: У Вас зусім няма акцэнту – ці не прымалі Вас за беларуску?

Лідзія Мацытэлі:: Не. Таму што па твары адразу відаць, што я італьянка – яны так сказалі. І потым, думаю, па акцэнце таксама. Яны ў мяне пыталіся, адкуль я. Яны не маглі дакладна сказаць, што я з Італіі, але бачылі, што я не беларуска.

Ганна Соўсь: Скажыце, ці глядзіце Вы часам нейкія беларускія інтэрнэт-старонкі?

Лідзія Мацытэлі: Так, часам праглядаю старонкі Радыё Свабода, а яшчэ "Нашу Ніву", "Хартыю-97", бо там навіны па-беларуску.

Ганна Соўсь
: Вы так добра гаворыце па-беларуску – ці адчуваеце Вы ўжо розьніцу між наркамаўкай і тарашкевіцай, і калі так, то якая з гэтых вэрсіяў Вам бліжэй?

Лідзія Мацытэлі:: Я часьцей карыстаюся наркамаўкай, таму што я тарашкевіцу чытаю без праблем, але ніколі ёй не навучылася. Я, канечне, розьніцу бачу, але на маю думку, трэба было б, каб быў адзін правапіс, таму што сытуацыя беларускай мовы і так складаная... Але я магу карыстацца і той, і той.

Ганна Соўсь: Ці будзеце Вы ўжываць беларускую мову ў сваёй далейшай прафэсійнай, навуковай дзейнасьці?

Лідзія Мацытэлі: Так. Я б вельмі гэтага хацела. Я зараз пішу магістарскую працу аб беларускай мове, аб ваганьні паміж родным і вінавальным склонамі пры адмове. Потым я хацела б паступіць у асьпірантуру і хацела б займацца беларускай мовай – гутарковай беларускай мовай моладзевай. Я мела магчымасьць чытаць у ЖЖ, калі людзі пішуць на такім слэнгу, і я спачатку нічога не разумела... Але потым ужо прызвычайваесься.

Ганна Соўсь: Вы кажаце, што шараговыя італьянцы ня так шмат ведаюць пра Беларусь. А італьянскія мэдыі – ці часта пішуць пра Беларусь і ў якім кантэксьце? Можа, Вы чулі пра гісторыю зь беларускай сіратой Вікай Мароз, якая хацела застацца ў Італіі...

пра Беларусь яны, напэўна, больш ведаюць праз чарнобыльскіх дзяцей
Лідзія Мацытэлі:
: Так, менавіта пра Беларусь яны, напэўна, больш ведаюць праз чарнобыльскіх дзяцей. Калі нашыя мэдыі тады пісалі пра Беларусь, то напісалі, што гэта вельмі складаная сытуацыя з такімі дзецьмі, калі яны тут некалькі месяцаў і павінны вярнуцца ў Беларусь... Але потым усё было вырашана добра, і шчыра кажу, пасьля гэтага нашыя мэдыі зусім не гаварылі пра Беларусь. Таму нашы людзі так няшмат ведаюць.

Ганна Соўсь: Ведаючы 10 моваў, Вы, напэўна, кантактуеце ня толькі зь беларусамі – распавядзіце пра геаграфію свайго сяброўства...

Лідзія Мацытэлі: У мяне сябры ў Славеніі, Аўстрыі, Францыі, Гішпаніі, Расеі, Польшчы, Чэхіі – наагул, па ўсёй Усходняй Эўропе, у мяне шмат славянскіх сяброў.

Ганна Соўсь: Калі Вы наступным разам прыедзеце ў Беларусь?

Лідзія Мацытэлі: Вельмі спадзяюся што ўлетку.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG