Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай “Сябрыне” ў Вільні – 20 гадоў

  • Тацяна Поклад

Першая беларуская грамадзкая арганізацыя ў паваеннай Літве – клюб “Сябрына” – адзначае сваё 20-годзьдзе. Юбілей будзе ўрачыста адзначацца сёньня 24 траўня ў віленскай гарадзкой ратушы.


Клюб беларускай культуры “Сябрына” зьявіўся ў Вільні напрыканцы траўня 1988 году з ініцыятывы літоўскага аматара беларушчыны, вядомага ў Літве эспэрантыста Валдаса Банайціса і маладых мясцовых беларусаў разам з тымі старэйшымі беларусамі, якія жылі ў той час у Вільні – дзяячкі нашаніўскай пары Зоські Верас, выпускнікоў Віленскай беларускай гімназіі, прадстаўнікоў старой віленскай беларускай інтэлігенцыі.

Першы кіраўнік і арганізатар “Сябрыны” Валянцін Стэх прыгадвае, што “Сябрына” была б зарэгістраваная на год раней, калі б не ўмяшалася беларускае КГБ, напалоханае імёнамі братоў Лявона і Юркі Луцкевіча, сыноў Антона Луцкевіча. Але і Луцкевічы, і многія іншыя старэйшыя беларусы – “віленскія недабіткі”, як яны самі сьмеючыся сябе называлі, узялі ўдзел у стварэньні і дзейнасьці клюбу “Сябрына”:

“Найперш я б назваў Валдаса Банайціса, пачынальніка, безь якога гэтага руху і не было б, пэўна... Пасьля – Юры Зімніцкі, Янка Багдановіч, Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік, Зоська Верас, Аляксей Анішчык, Павал Каруза... На жаль, іх цяпер няма сярод жывых. Таксама і Мікола Матач, Сяргей Карабач, Марыя Маслоўская, Ніна Ляшковіч, Вера Шостак, з маладзейшых – Леакадзія Мілаш, Галіна Альшэўская, Людвіка Кардзіс, Янка Мятлеўскі – немагчыма усіх пералічыць, хай даруюць, каго так адразу не назваў, не ўзгадаў”.

На штотыднёвыя вечары, а то і часьцей, зьбіраліся па 20-30 чалавек, а на вялікія імпрэзы – і па сотні чалавек, прыгадвае Валянцін Стэх.

Што зьмянілася ў “Сябрыне” за 20 гадоў? Валянцін Стэх:

“Тады мы ўсё гэта пачыналі і рабілі самі. І хор, і гурткі, і штотыднёвыя сустрэчы, усё ў нас было. “Сябрына” была першай, але 6 лютага 1989 году зьявілася і Таварыства беларускай культуры, заснаванае пры Літоўскім фондзе культуры, і мы ўсё рабілі разам, не дзялілі, хто што зрабіў і ў чый актыў залічыць”.

Цяперашні кіраўнік клюбу “Сябрына” Раман Вайніцкі:

“Шаноўныя сябры! Мы запрашаем усіх на гэтае вялікае сьвята ў віленскую Ратушу ў суботу 24 траўня, пачатак а 16-ай гадзіне”.
XS
SM
MD
LG