Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў.


Сяргея Парсюкевіча гэтак і не перавялі ў калёнію з Жодзінскага сьледчага ізалятару. Вязень прасіў пераводу, спасылаючыся на неабходнасьць апэрацыі ў турэмным шпіталі, а туды патрапіць магчыма толькі з калёніі.

Вось цытата з ліста вязьня на волю: “Уся сыстэма турэмнага жыцьця накіраваная на прыніжэньне чалавека, які сюды патрапіў. Жодзіна ў гэтым сэнсе мае “найлепшыя” вынікі. Да асобы ставяцца горш, чым да быдла. Я асабіста гэтак не магу да нікога ставіцца. Усё гэта на маіх вачах, і я нічога не магу з гэтым зрабіць”, – піша Сяргей Парсюкевіч у лісьце з Жодзінскага ізалятару.

Што да пабытовых умоваў, Сяргей Парсюкевіч паведамляе: “На 12 месцаў – 20 чалавек. Бывае, ноч сядзіш ў цемры, легчы няма куды”, – піша палітвязень.

Жонка Сяргея Парсюкевіча Натальля спадзяецца яшчэ да разгляду ягонай касацыйнай скаргі пабачыцца зь ім ў ізалятары. Жанчына накіравала ў суд адпаведную заяву. З ліста мужа Натальля Парсюкевіч можа уявіць, у якіх умовах будзе праходзіць гэтае спатканьне.

“Ён напісаў, якое там спатканьне. Вязьні, які прыходзяць са спатканьняў, распавядаюць. Там , у Жодзінскім ізалятары, пакой падзелены вялікім шклом. Размаўляеш праз тэлефон, а побач сядзіць ахоўнік, які ўсё слухае”.

Нагадаю, Сяргей Парсюкевіч пасьля мітынгу прадпрымальнікаў быў асуджаны на 2,5 года зьняволеньня. Сваёй віны актывіст прадпрымальніцкага руху не прызнаў. Скаргу Сяргей Парсюкевіча на прысуд Менскі гарадзкі суд разгледзіць 30-га траўня.

Андрэя Кіма зь Менскага сьледчага ізалятару перавялі ў Бабруйскую калёнію. Між тым касацыйная скарга актывіста на прысуд таксама не разгледжана. Што распавядаюць пра гэтую калёнію дасьведчаныя людзі? Паводле былога палітвязьня Цімафея Дранчука, у Бабруйскай калёніі дагэтуль была нядрэнная рэпутацыя.

“Зараз там умовы крыху пагоршыліся, але ўсё роўна, у параўнаньні, напрыклад, з калёніяй №1, зь “Віцьбай”, там больш бытавых магчымасьцяў. Адтуль нават можна патэлефанаваць, неафіцыйна канешне. І рэжыму такога, як у калёніі №1, няма. Там у маральным пляне ўсё ж прасьцей”.

Маці актывіста Тацяна Кім гэтак і не змагла перадаць сыну летнюю вопратку.

“Цяпер буду прасіць спатканьня і павязу рэчы ў Бабруйск. Толькі б далі спатканьне”.

Нагадаю, Андрэя Кіма нібыта за напад на міліцыянта асудзілі на паўтара года зьняволеньня.

Наведаць Аляксандра Казуліна ў калёніі зьбіраецца ягоны адвакат Зьміцер Гарачка. Сустрэча плянуецца на наступны тыдзень. Адвакат зьбіраецца абмеркаваць з падабаронным магчымасьці далейшай юрыдычнай барацьбы за ягонае вызваленьне. Аляксандр Казулін адбыў за кратамі болей за два года зь пяці з паловай, на якія яго пакараў Маскоўскі суд Менска. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што яго перасьледуюць як экс-кандыдата на прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG