Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзкія рэдактары чарговага тыдня – Ірына і Леанід Каткоўскія, бацькі нашага калегі-свабодаўца Ўладзімера Каткоўскага.


Год таму, 25 траўня, ён трагічна пакінуў жыцьцё. Уладзімер – адзін з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі, стваральнік сайтаў www.pravapis.org, www.martyralog.org.

Уладзімер быў адным з найбольш вядомых беларускіх інтэрнэтчыкаў. Сёлета, два месяцы таму, пры падвядзеньні парталам TUT.BY шостага штогадовага конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў ўпершыню ўручалася спэцыяльная прэмія імя Ўладзімера Каткоўскага “За беларускасьць”, заснаваная ягонымі бацькамі.

Ірына і Леанід аднакурсьнікі, у 1974 годзе закончылі фізфак БДУ.

Спадар Леанід – доктар фізыка-матэматычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту прыкладных фізычных праблемаў.

Спадарыня Ірына – галоўны бухгальтар адной са сталічных фірмаў, а ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка займаецца ацэнкай інтэлектуальнай уласнасьці.

Малодшая дачка, сястра Ўладзі Дар’я – юрыст па адукацыі, выхоўвае паўтарагадовага сына Алеся, распаўсюджвае на грамадзкіх пачатках газэту “Наша Ніва”, вядзе свой дзёньнік у “ЖЖ”.

Ірына й Леанід замовілі свабодаўцам падрыхтаваць перадачу на тэму “Ці можа інтэрнэт стаць сродкам аб’яднаньня нацыі?”

Інтэрнэт разьнявольвае людзей, надае ім сьмеласьці

Ці зьяўляецца інтэрнэт месцам, дзе чалавек адчувае сябе вольным, можа гаварыць і думаць, не азіраючыся ні на што?

Пытаньне аб ступені свабоды, якую могуць адчуваць сучасныя беларускія карыстальнікі інтэрнэту, мы адрасавалі гарадзенскаму журналісту Міколу Маркевічу.

Маркевіч: “Я мяркую, што інтэрнэт не зьяўляецца адзіным месцам, дзе чалавек можа пачуваць сябе вольна, нязмушана. Але гэта адно з тых месцаў, дзе ёсьць спрыяльныя ўмовы для гэтага. Безумоўна, калі глядзець на беларускія рэаліі, рэчаіснасьць, то інтэрнэт-свабода зьяўляецца ў значнай меры абмежаванай праз удзел дзяржавы ў рэгуляваньні інтэрнэту”.

Мікола Маркевіч прадстаўляе Радыё Рацыя, якое вяшчае з Польшчы. Што ён думае пра польскі інтэрнэт?

Маркевіч: “Калі параўноўваць польскі і беларускі інтэрнэт, то ступень свабоды, безумоўна, вышэйшая ў польскага. І калі гаварыць пра кошты, то кошты якраз спрыяюць у Польшчы гэтай свабодзе, бо яны ў некалькі разоў больш танныя, чым у Беларусі. І хацелася б проста зьвярнуць увагу на тое, што зьдзівіла асабіста мяне, гэта – актыўны ўдзел палякаў у форумах, у абмеркаваньні артыкулаў, якія ўзьнімаюць грамадзкія праблемы. Палякі ў гэтым сэнсе больш разьняволеныя, нязмушаныя, больш, я б нават сказаў, катэгарычныя і радыкальныя іншы раз у сваіх выказваньнях. Так звычайна паводзіць сябе чалавек, які разумее, што за ягоную думку, за ягоныя словы яго ня кінуць у турму”.

Якія пэрспэктывы беларускага інтэрнэту?

Маркевіч: “Проста сытуацыя сёньня такая, што да ўлады прыйшлі людзі, якія вырашылі кантраляваць усё і ўся… Якія вырашылі нейкія сярэднявечныя законы ўвесьці і карыстацца імі і, фактычна, паставілі народ на калені”.

Тым ня менш, Мікола Маркевіч настроены на будучыню дастаткова аптымістычна, хаця сам нядаўна пацярпеў: людзі ў цывільным пакінулі без кампутарнай тэхнікі інтэрнэт-выданьне “Пагоня”.

Маркевіч: “У якасьці прыкладу можна прывесьці тое, як дзяржава абышлася з сайтам pahonia.org, які зьўляецца спадкаемцам газэт “Пагоня” і “День”. Прыйшлі людзі, паводле надуманай падставы забралі тэхніку. І што гэта? Гэта, акрамя таго, што звычайны бандытызм, я так гэта кваліфікую, гэта таксама спроба так званага рэгуляваньня інтэрнэцкай свабоды”.

Інтэрнэт-выданьню стварылі перашкоды, але яны былі пераадоленыя.

Маркевіч: “У той самы час, калі канфіскавалі нашыя кампутары, з дапамогай якіх рабіўся сайт, то літаральна празь пятнаццаць-дваццаць хвілін у інтэрнэце на сайце “Пагоні” зьявілася інфармацыя пра тое, што ў рэдакцыі праводзіцца ператрус, што канфіскавалі тэхніку. Гэта зьяўляецца ня толькі прыкладам грубага ўмяшальніцтва ўлады ў журналісцкую дзейнасьць, гэта яшчэ і прыклад таго, што намаганьні гэтай улады па зьнішчэньні свабоды інтэрнэт-прасторы, у прынцыпе, марныя. Зь сёньняшнімі тэхнічнымі сродкамі ўсё гэта можна пераадольваць”.

Андрэй Пачобут працуе для “Газэты выборчай”, раней рэдагаваў польскамоўны часопіс.

Пачобут: “Мне падаецца, што сапраўды інтэрнэт і камэнтары, якія часам зьяўляюцца ў інтэрнэце, яны больш разьняволеныя, чымсьці тады, калі чалавек выказваецца пэрсанальна. Таму што інтэрнэт стварае пэўную ананімнасьць. Ёсьць людзі, якія б ніколі на вострыя палітычныя ці грамадзкія тэмы не выказваліся б, скажам, перад журналістамі, але хаваючыся за ананімнасьцю яны дастаткова ахвотна розныя праблемы абмяркоўваюць у інтэрнэце. Чаму так адбываецца? Мне падаецца, што ён стварае магчымасьць ананімнасьці, ты ніколі ня ведаеш – хто на другім канцы, хто з табой размаўляе, хто піша, хто камэнтуе ў інтэрнэце.

А калі параўноўваць беларускі інтэрнэт з польскім?

Пачобут: “Я думаю, гэта таксама тычыцца і Польшчы. Адзіная розьніца: усё ж-такі там нікому ў галаву не прыходзіць, каб адсочваць інтэрнэт, кантраляваць. Дастаткова шмат там фірмаў, якія аказваюць інтэрнэт-паслугі. А ў нас пакуль што яшчэ ўсё трымае ў сваіх руках манапаліст. На жаль, здараюцца такія рэчы, як блякаваньне доступу да непажаданых уладам інтэрнэт-старонак палітычных, калі ў краіне нешта адбываецца. Ну, і таксама хакерскія атакі, якія зьдзяйсьняюцца час ад часу, дастаткова моцная нядаўна была на сайт “Свабоды”.

Апошняе пытаньне: ці давярае Андрэй Пачобут інтэрнэту, у прыватнасьці, пошце?

Пачобут: “На жаль, я абслютна не давяраю інтэрнэт-пошце, не спадзяюся, што можна выслаць па ёй канфідэнцыйную інфармацыю. Гэта тое самае, што размаўляць праз мабільны тэлефон, якія дастаткова лёгка праслухоўваюцца. Я ў свой час спрабаваў высьветліць, ці ў дачыненьні да мяне праводзяцца апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, а яны відавочна праводзіліся, таму што я бачыў сачэньне. Але адказ быў такі, што гэта “дзяржаўная тайна”.

Камэнтуе Ірына Каткоўская:

Нядаўна Александар Казулін сказаў прыкладна так: ён пачувае сябе нашмат больш свабодным, чым многія з тых, хто сапраўды знаходзяцца на волі. І мы можам толькі ганарыцца гэтым мужным і сьмелым чалавекам, пажадаць усім такога ж стану душы і моцнага характару. Але да такой унутранай свабоды павінна дадавацца вонкавая, якая ўплывае на стан усяго грамадзтва і адносіны паміж людзьмі – такая свабода гарантуецца законамі дэмакратычнай супольнасьці.

Аднойчы ў інтэрвію, разважаючы пра інтэрнэт, Уладзя сказаў, што “...сеціва – гэта сродак камунікацыі, які можа зьвязваць, а можа разьдяляць. Як ён злучае, гэта зразумела ўсім, хто бываў у інэце. А як разлучае і дзеліць? Па першае, гэта кібэрвойны і хакінг. Па-другое, прыгадайма майстэрства флэйму. У рэале ён проста немагчымы! Па трэцяе, успомнім пра сямейныя сваркі, калі адзін з партнэраў “падсажваецца” на Інэт...”

Мяне вельмі непакояць ДОС-атакі на незалежныя сайты, таксама як і пэрыядычныя заклікі асобных чыноўнікаў рэгуляваць Інтэрнет і ўводзіць у ім цэнзуру, даводзіць, што Інэт – сродак масавай інфармацыі. Можа некаторыя сайты і можна лічыць за СМІ, але гэта вельмі спэцыфічныя СМІ.

Часам ад інтэрнэтчыкаў можна пачуць, што сеціва ня проста вольнае асяродзьдзе, што яго прынцыпова немагчыма закрыць, абмежаваць, зарэгуляваць і г.д. Але паколькі Інэт – гэта тэхнічны сродак, дык яго можна скарыстаць па-рознаму (ужо ёсць прыклады Кітая і Паўночнай Карэі).

Як сказаў адзін з расейскіх дзеячаў, Інтэрнэт як тэхналёгію можна выкарыстаць і дзеля дасягненьня свабоды, і дзеля ўстаталяваньня таталітарызму – з гэтым цяжка не пагадзіцца.


Субкультура Сеціва дапамагае чалавеку раскрыцца

Паводле ААНаўскага «Дакладу аб інфармацыйнай эканоміцы», колькасьць Інтэрнэт-карыстальнікаў ў Беларусі на пачатак 2006 года складала 3,39 мільёнаў чалавек. “Белтэлеком”, у сваю чаргу, паведаміў, што суткавая аўдыторыя карыстальнікаў інтэрнэту ў 2007 годзе вырасла амаль на 30% узроўню 2006-га, а ўсяго іх стала тры з паловай мільёна.

Інфармацыя для параўнаньня: колькасьць усіх карыстальнікаў у сьвеце зараз перавышае адзін мільярд чалавек. Сярод краінаў СНД Беларусь займала трэцяе месца па ўзроўню карыстаньня Інтэрнэт-сэткай. Наперадзе Расея – 39,6 мільёнаў чалавек, і Ўкраіна – 4,5 мільёнаў чалавек. Ну а сусьветны рэйтынг ачольваюць краіны з інфармацыйным грамадзтвам, а менавіта ЗША і Японія, а таксама Кітай.

Ці дазваляе гэткая масавасьць у спалучэньні з практыкай нік-нэймаў (адмысловыя мянушкі), іншымі магчымасьцямі ананімнай прысутнасьці ў сеціве забясьпечыць больш вольны характар і зьмест Інтэрнэту?

Калі вы хочаце прыйсьці паўдзельнічаць у ток-шоў на тэлевізіі, вам трэба прынамсі добра апрануцца, каб зрабіць прыемнае ўражаньне. Калі вы патэлефанавалі на радыё, вам варта падумаць, наколькі ў вас прыемны голас. Калі вам хочацца выказацца на старонках папяровага выданьня, вам трэба валодаць словам. Інтэрнэт здымае ўсе гэтыя абмежаваньні. Вам можна не паказваць свой твар і не называць сваё імя.

Кіраўнік праекту “Акавіта” Фёдар Караленка карыстаецца інтэрнэтам з 1997 году. За гэты час у яго склалася ўстойлівае меркаваньне: у глябальным сеціве, хаваючыся пад нікнэймам, чалавек раскрываецца значна болей.

Караленка: “Які-небудзь абсалютна забіты чалавек, які ў рэальным жыцьці не ідзе на кантакт ні з кім, які можа цяжка камунікаваць зь людзьмі, у інтэрнэце не адчувае ніякага ціску. Ён тут раскрываецца цалкам і піша такія рэчы, якія ніколі б не сказаў. Ён можа і аблаяць кагосьці, ён можа быць наадварот вясёлым і што заўгодна”.

Часам пытаньне ўласнай бясьпекі сапраўды робіцца вырашальным для карыстальнікаў сеціва, асабліва ў беларускіх палітычных рэаліях. Ня кожны чалавек адважыцца пісаць пад сваім імем у ЖЖ-суполку, на інтэрнэт-форум ці ў гасьцявую кнігу сайту, дзе крытыкуюць прадстаўнікоў улады і кіраўніка краіны.

Абсалютную ананімнасьць у беларускім сеціве захаваць цяжка, альбо нават немагчыма. Са словаў Фёдара Караленкі, ёсьць шмат тэхнічных спосабаў вылічыць чалавека, нават калі ён карыстаецца гэтак званымі ананімайзэрамі. Гэта такія сайты, празь якія можна загрузіць адрас патрэбнага сайту ці форуму, і тады IP-адрас візытэра будзе скажоны: не беларускі, а, напрыклад, амэрыканскі. Аўтарства крамольнага постынгу ў гасьцявой кнізе ці на форуме вызначыць будзе практычна немагчыма. Зрэшты, ня кожны форум альбо чат пусьціць вас у сыстэму, калі вы спрабуеце зайсьці туды праз ананімайзэр. Працягвае Фёдар Караленка:

Караленка: “Вельмі шмат нюансаў, і неспэцыялісты ўсё адно наробяць памылак і неяк засьвецяцца. Таму гэта ня мае асаблівага сэнсу. Так ці іначай чалавек пакідае сьляды ў інтэрнэце – ня тут, дык у іншым месцы. Задаўшыся мэтай, можна нешта вылічыць”.

Вядомая пэрсона ў беларускім інтэрнэце, П’ер Безухер, глядзіць на праблему ананімнасьці іначай – ён ні ад каго не хаваецца, проста сеціва дыктуе свае правілы гульні:

П’ер Безухер: “Вядома, я не падпісваюся сваім сапраўдным прозьвішчам не таму, што я баюся яго выстаўляць ці што, але ўсё ж такі інтэрнэт – гэта нейкая субкультура, і таму калі туды заходзіш, вымушаны прымаць правілы гэтай субкультуры. Калі мае інтэрнэтаўскія сябры ведаюць мяне па ніках, адказваюць мне па ніках і я ім таксама, – гэта іншае, зусім іншае кола стасункаў. Хаця некаторыя зь іх ведаюць мяне і ў рэале, і нічога такога тут няма”.

Псыхоляг Марына Літошык лічыць, што прыходзячы ў інтэрнэт чалавек хоча выявіць пэўныя рысы сваёй асобы, якія ён лічыць патрэбнымі выяўляць. Глябальнае сеціва – гэта іншая рэальнасьць, і было б дзіўным, калі б інтэрнэт рабіўся поўнай копіяй жыцьця.

Літошык: “У жыцьці людзі таксама выкарыстоўваюць мянушкі – “коцік”, “зайчык”, “рыбка”. Гэта не зусім чужое для чалавека – прыдумляць нейкія нікі. Можа быць яны нават больш гаваркія, чым рэальныя імёны. Бо мы ня бачым чалавека й свой твар не паказваем”.

Камэнтуе Ірына Каткоўская:

Аднойчы я прачытала на форуме, што “Ананімнасьць – галоўны фактар свабоды слова”.

Але ўсё ж здаецца, што немагчымасьць у тым ліку і з-за боязі выказваць свае погляды адкрыта – гэта прыкмета несвабоды ў грамадзтве. Свабодным можна адчуваць сябе тады, калі ты ведаеш, што знаходзісься пад абаронай закону, перад якім усе роўныя.

І канешне, выкарыстаньне нік-нэймаў – гэта толькі ўяўнае сховішча.


Добры сайт мусіць пастаянна зьдзіўляць наведвальнікаў

Рост колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі ператварае яго ў важны сродак масавай інфармацыі і камунікацыі. Найбольшую цікавасьць у Байнэце пакуль выклікаюць навінныя сайты. Аднак імкліва расьце цікавасьць і да аналітычных, грамадзка-палітычных праектаў. У тым ліку й беларускамоўных – “Нашай Нівы”, “Свабоды”, “Пагоні”, сайту Аляксандра Мілінкевіча й іншых.

У сайта Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры www.radzima.org 70% наведнікаў – палякі. Антон Астаповіч з горыччу кажа, што палякам больш цікавая наша гісторыя і культура, чымсьці беларусам. І сеціва – самая вяршыня праблемы. Пакуль беларуская мова ня стане дамінуючай у грамадзтве, пакуль самі беларусы не ўсьвядомяць, што беларускасьць – гэта крута, нічога не атрымаецца, перакананы Антон Астаповіч:

“Тут няма грунту, на які можна прышчапляць дэмакратычныя каштоўнасьці. Эўрапейскія каштоўнасьці высьпелі на нацыянальна-культурных грунтах. І пакуль у нас не сасьпее нацыянальна-культурны грунт, нармальны, беларускі, нічога тут добрага ня будзе. А для гэтага патрэбна чарнавая праца зь людзьмі, трэба як мага больш людзей ўцягваць у працэс менавіта культурніцкі. Гэта асьвета, гэта прапаганда нацыянальнай культурнай спадчыны. Нам трэба ўсім сказаць, што беларускасьць – гэта крута, наша спадчына, наша культура – гэта крута. Што мы ніякі не ўскраек Эўропы, што сапраўды мы вялікая краіна. Пакуль ня будзе такога пасылу, не дапамогуць ні інтэрнэт-сайты, ні друкаваныя выданьні”.

Уладзя Давыдоўскі – стваральнік сайту “Вялікае Княства”. Сайт ён прэзэнтуе як беларускі культурніцкі on-line часопіс. Адрас у сеціве – www.3force.info. Сайт уключае разьдзелы “Публіцыстыка”, “Літаратура”, “Мастацтва”, “Музыка”, “Вялікае Княства”, “Факты”, “Гістарычныя досьледы” іншыя.

Уладзя Давыдоўскі ганарыцца, што ў мінулым месяцы ў сайту было больш за тры тысячы наведнікаў. Уладзя – эстэт, па адукацыі мастак, музыка, адзін з заснавальнікаў гурту “Мроя”, працуе радыёжурналістам. Перакананы, што па вопратцы сустракаюць:

“Таму першае патрабаваньне да сайту – ён павінен быць вонкава прывабным, не адштурхоўваць ад сябе. Гэта вельмі важна асабліва для жаночай аўдыторыі. Сайт не павінен быць падобным да іншых, людзей трэба ўвесь час нечым зьдзіўляць. Натуральна, такая праца патрабуе прафэсійных ведаў і веданьня ўсіх тых інфармацыйных тэхналёгій, якія ўжываюцца ў сучаснай прэсе. Гэта зазвычай вялікі сьпіс прыёмаў, і зазвычай зьяўляецца прафэсійнай тайнай. Але адназначна, што гэтым павінен займацца журналіст-прафэсіянал. То бок сайт павінен служыць людзям, а не для самамілаваньня і не для ўласнага піяру.

На мой погляд, самае галоўнае – гэтай справай трэба жыць, прычым, жыць штодня. Тады і выданьне будзе жывым”.

Яднаньне праз інтэрнэт – добра. Аднак лепш кантактаваць непасрэдна…

Колькасьць наведвальнікаў Інтэрнэту ў Беларусі складае 41 чалавек на 100 жыхароў. Разнайстайныя сацыялягічныя дасьледаваньні выявілі, што сярод гарадзкога насельніцтва сецівам карыстаецца 38% апытаных, сярод сельскага – 15. Часьцей за ўсё ў Інтэрнэт выходзяць менчукі (62%), а таксама жыхары Менскай (37%), Гарадзенскай (33%) і Гомельскай (31%) абласьцей. Большасьць наведвальнікаў зьяўляюцца маладымі людзьмі ва ўзросьце да 30. Што тычыцца ўплыву палітычных перакананьняў колькасьць наведваньняў сеціва, то прыхільнікі дэмакратычнага лягеру карыстаюцца ім нашмат болей і больш давяраюць атрыманай адтуль інфармацыі, чым іхныя апанэнты. Дзеля чаго шарагоўцы заходзяць у інтэрнэт? Што найперш шукаюць у ім? Вось вынікі апытаньня на магілёўскіх вуліцах:

Спадар: “Штодня, карыстаюся шмат. Звычайна гэта электронная пошта, прагляд адмысловых спэцыялізаваных сайтаў. Я ўжо даўно існую ў прасторы Live Journal. Прынамсі аб’яднаць эліту ён ня толькі можа, ён па сутнасьці зьяўляецца адным са сродкаў камунікацыі між групамі беларускай эліты”.

Юначка: “Апошнім часам ня так часта. Па вучобе ў асноўным”.

Карэспандэнт: “Ці можа стаць інтэрнэт сродкам яднаньня беларусаў як нацыі?”

Юначка: “Не. Гэта было б задужа банальна й проста, праз інтэрнэт аб’яднаць народ. Хаця спробы ёсьць і гэта, думаю, правільна”.

Спадар: “Для мяне інтэрнэт – сродак сувязі са сьветам. Для Беларусі – гэта знаходка. Таму што незалежная прэса, наколькі я ведаю, вынішчана амаль цалкам. Безумоўна, інтэрнэт можа быць сродкам яднаньня нацыі. Асабліва моладзі. Ніводнага месца няма ў цэнтры, у кампутарных клюбах. Для моладзі – гэта і ёсьць яднаньне”.

Спадарыня: “Апошнім часам часта, амаль штодня. У асноўным я лістуюся са сваімі сябрамі, бо я сама не адсюль, з Расеі. Яшчэ навіны гляджу, цікава ведаць што адбываецца ў сьвеце”.

Карэспандэнт: “Інтэрнэт, ці можа стаць сродкам яднаньня беларусаў?”

Спадарыня: “Нешта ёсьць такое. Аднак лепш кантактаваць па магчымасьці непасрэдна”.

Спадар: “Я проста інфармацыю шукаю, якая мяне цікавіць. Пра якую-небудзь тэхніку, якую зьбіраюся набыць бліжэйшым часам”.

Карэспандэнт: “Інтэрнэт, ці мог бы стаць сродкам яднаньня беларусаў як нацыі?”

Спадар: “За інтэрнэтам будучыня – гэта зразумела. Хутка ўсе толькі праз інтэрнэт і будуць кантактаваць. Інтэрнэт заменіць і пошту, і любыя астатнія сродкі ўзаемінаў. Таму ён стане ім”.

Спадар: “Я кожны дзень карыстаюся інтэрнэтам, бо гэта мая праца, гэта маё навучаньне. Усё, што толькі можна, я там шукаю – вучэбныя матэрыялы, матэрыялы для таго, каб я каго вучыў”.

Карэспандэнт: “Ці можа інтэрнэт стаць сродкам яднаньня беларускай нацыі?”

Спадар: “Канечне, не. Гэта інтэрактыўна. Людзі ня бачаць адзін аднаго. Людзі ня могуць перадаваць эмоцыі. Ня могуць перадаць свае ўражаньні вельмі дакладна”.

Спадар: “Кожны дзень карыстаюся. Шукаю навіны. У мяне сваякі жывуць за мяжой, дык праз інтэрнэт лёгка кантактаваць. Па-першае танна, амаль дарма, і сувязь добрая”.

Карэспандэнт: “Інтэрнэт, ці можа стаць сродкам яднаньня беларусаў?”

Спадар: “Ён добры для ўзаемінаў на далёкія адлегласьці. Мы можам на вуліцу выйсьці пагаварыць. Наагул, ён рэч карысна й зручная”.

Спадар: “Інтэрнэт для мяне, перадусім, пошук неабходнай мне інфармацыі. Музыка, матэрыял, які не будзь па вучобе”.

Карэспандэнт: “Ці мог бы інтэрнэт стаць сродкам яднаньня беларускай нацыі?”

Спадар: “Канечне, зможа. Мне здаецца, ён яшчэ ў нас ня так разьвіты як на Захадзе. Калі ён знойдзе дастатковае распаўсюджаньне, ён будзе добрым сродкам для яднаньня людзей”.

Юначка: “Гэта спосаб узаемінаў з маімі сябрамі. Я шмат пераяжджала. Кантактую цяпер зь людзьмі, якія жывуць у Расеі, у іншых краінах. Для мяне інтэрнэт – самы танны спосаб узаемінаў зь імі. Я стараюся глядзець нейкія інфармацыйныя сайты. Эканамічнымі цікаўлюся ў большай ступені, бо вучуся на эканаміста. Розныя аналітычныя сайты. У будучыні спатрэбіцца”.

Камэнтуе Леанід Каткоўскі:

Чым выклікаць зацікаўленасьць шарагоўцаў сецівам? Што патрэбна дзеля гэтага? Акцэнтаваць увагу наведвальнікаў на навінах і палітыцы? Ці ў такім разе ён патрэбен толькі людзям разумовай працы?

Думаю, ня толькі. Бо далей праз інтэрнэт будуць рабіцца і ўжо робяцца шмат якія рэчы, неабходныя ўсім. Па першае, гэта розная даведачная інфармацыя, заказы розных квіткоў і паслуг, Інтэрнет-шопінг, інтэрактыўнае тэлебачаньне, мультымэдыйныя СМІ і г.д.

Таму, сябры, купляйце кампутары і падлучайтеся да сеціва!


«Інтэрнэт-залежнасьць ня горшая, скажам, за залежнасьць ад кнігі»

Імклівы рост цікавасьці да сеціва нарадзіў панятак інтэрнэт-залежнасьці. Ён зьявіўся ў 1994 годзе. Такая залежнасьць афіцыйна вызначаецца як навязьлівае жаданьне ўвайсьці ў інтэрнэт і няздольнасьць зь яго выйсьці. Міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, напрыклад, што ў Фінляндыі юнакоў прызыўнога веку не бяруць у войска, калі яны празьмерна захапляюцца інтэрнэтам. У ЗША на дапамогу інтэрнэт-залежным прыходзіць мэдыцына і грамадзкасьць. А ці існуе праблема інтэрнэт-залежнасьці ў Беларусі і як яна вырашаецца?

Сьвятлана Зайко кажа, што патрапіць у інтэрнэт-залежнасьць магчыма і надзвычай проста. Некалькі гадоў таму яна сама ледзьве ня стала ахвярай інтэрнэту:

“Калі гэта ўсё толькі распачыналася, мне паказалі сайт, патлумачылі як зайсьці, зарэгістравацца. Зайшла, зарэгістравалася. І пачалося знаёмства: размаўлялі пра палітыку, пра культуру, пра ўсё. Было вельмі цікава, але адначасна і страшна. Бо не адседзіш каля кампутара дзьве гадзіны – ня сыдзеш”.

Урач Рэспубліканскага клінічнага псыхіятрычнага шпіталю ў Навінках, які не пажадаў назваць сваё імя, кажа, што такая праблема сапраўды існуе. Але пра мэтавае скіраваньне лекаваньня казаць, пакуль, не даводзіцца:

“У гэтым кірунку, канечне, у пэрспэктыве штосьці давядзецца думаць. Але пакуль не такія маштабы праблемы, каб у рэспубліканскім шпіталі адкрываць спэцыялізаваныя аддзяленьні альбо ложкі. І лекары павінныя свой прафэсійны ўзровень у гэтым кірунку падвышаць, бо перадусім там павінны працаваць спэцыялісты. Павінны штатны расклад быць, грошы, прафіляктычная праца. У пэрспэктыве гэта будзе, канечне ж”.

Дырэктар аднаго зь менскіх інтэрнэт-клюбаў Уладзімер Галавач трымаецца свайго погляду на праблему:

“Тэма модная, але, па праўдзе кажучы, я, як прафэсіянал у гэтай галіне, ня бачу, чым яна адрозьніваецца ад многіх іншых залежнасьцяў у людзей, якія ёсьць. А чаму ў нас не адкрытыя цэнтры для людзей, якія залежаць ад кніг, ад тэатраў, ад кіно? Давайце ад тэлебачаньня адчынім – ды яны перапоўненыя будуць кліентамі, якія ня могуць адарвацца ад тэлебачаньня і ад сэрыялаў”.

Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя паведаміў, што ў Беларусі не сыстэматызуецца інфармацыя пра колькасьць інтэрнэт-залежных людзей і іхнае лекаваньне. Але такія прыклады ёсьць. Што думаюць пра інтэрнэт-залежнасьць патэнцыйныя карыстальнікі сусьветнай павуціны? Цікаўлюся ў моладзі на вуліцах Менску:

Карэспандэнтка: “Ці не баіцеся вы інтэрнэт-залежнасьці?”

Юначка: “Не. За сябе не баюся, а за іншых не магу казаць”.

Юначка: “У маім жыцьці былі пэрыяды, калі нельга было пражыць і дня, каб не зайсьці ў інтэрнэт. Але баяцца гэтага ня трэба, проста гэта трэба перажыць. І пасьля зразумець, што жыцьцё ёсьць і па-за інтэрнэтам, прычым нашмат цікавейшае”.

Юнак: “Я баюся залежнасьці ад інфармацыі, ад маіх захапленьняў: рыбалка, відэамантаж”.

Юнак: “Не, залежнасьці не баюся. Канечне, гэта цікавы занятак. Але калі напрыканцы месяца прыходзіць рахунак за тэлефон, то разумееш, што трэба менш сядзець у інтэрнэце”.

У адзьдзяленьні псыхасаматыкі 10-га клінічнага шпіталю Менску цягам апошніх двух год лекавалі дваіх хворых на інтэрнэт-залежнасьць. Наколькі гэта небясьпечна ў параўнаньні з такімі хваробамі, як тытунь, алькаголь і наркаманія, гаворыць урач гэтага адзьдзяленьня Вольга Асмолава:

“Калі чалавек цалкам паглыбляецца ў інтэрнэт і застаецца там гадзінамі, калі ён ня есьць, ня п’е і ня сьпіць, ні з кім не кантактуе і амаль нідзе не працуе, то гэта даволі цяжкі выпадак. Але для гэтага ёсьць яшчэ некалькі праблем, і ў прыватнасьці асаблівасьці асобы. А калі чалавек захоўвае сваю сацыяльную актыўнасьць, і пры гэтым можа досыць часта наведваць інтэрнэт, то гэта ня страшны варыянт, не патрабуе адмысловага лячэньня. Хіба што самому чалавеку не падабаецца, што ён наведвае інтэрнэт”.

Камэнтуе Леанід Каткоўскі:

Інтэрнэт-залежнасьць вымяраецца – адпаведныя тэст-праграмы выкладзеныя ў сеціве. І Ўладзя аднойчы скарыстаўся імі. На пытаньне “Колькасьць часу, штодня праводзімага ў нэце”, адказаў: “Больш чым 12 гадзінаў”. А на пытаньне “Ці лічыце вы, што цяпло і сьвятло кампутара больш камфортныя для вас, чымсьці сябры?” ён адказаў: “Так”. І тады яму зрабілася неяк страшна за сябе, бо меў інтэрнэт-залежнасьць на 65 працэнтаў…

Аднак давайце адрозьніваць. Калі чалавек бавіць час у інтэрнэце за гульнямі, напрыклад, гэта адно. А калі ён фактычна працуе там, робіць дзякуючы сеціву шмат карыснай справы, тут нічога асабліва страшнага я ня бачу.

…На падсумаваньне перадачы ў цэлым заўважу адно: калі на паляпшэньне нашага жыцьця не спрацуюць іншыя рычагі, то ўрэшце рэшт на гэта абавязкова спрацуе інтэрнэт”.


Грамадзкім рэдактарам наступнага тыдня будзе Тацяна Процька, якая днямі склала зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту. Журналістам “Свабоды” яна замовіла падрыхтаваць перадачу на тэму “Роля спэцслужбаў у беларускім грамадзтве”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG