Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у лідэрах па самагубствах


Паводле інфармацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь разам з Расеяй, Украінай, Эстоніяй і Літвой уваходзіць у пяцёрку краінаў з найвышэйшым узроўнем самагубстваў.


Паводле нормаў высокім лічыцца паказьнік 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. У Беларусі рэгіструюцца 41,5 выпадка на 100 тыс. чалавек, паведамляе прадстаўніцтва ААН у Беларусі. У чым прычыны самагубстваў, што штурхае чалавека на такі крок?

У першыя тры месяцы гэтага году 635 беларусаў скончылі жыцьцё самагубствам. Штодня сыходзілі з жыцьця ў сярэднім сем чалавек. У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць самагубстваў павялічылася амаль на 9%.

Дабрабыт краіны не ўплывае на колькасьць суіцыдаў

Каля 80% спробаў самагубстваў зьдзяйсьнялі людзі, якія хварэюць на дэпрэсію, кажа псыхіятар Ігар Сарокін. Прычым узровень дабрабыту ў краіне фактычна не ўплывае на колькасьць суіцыдаў. Вялікі працэнт самагубстваў у скандынаўскіх краінах:

“Увогуле да самагубстваў больш схільныя людзі паўночных шыротаў. Шмат у чым мае значэньне, наколькі людзі маюць, так бы мовіць, страх Божы. Асноўны тормаз — страх перад пакараньнем, менавіта вера ратуе ад самагубства. У краіне, дзе шмат сапраўдных вернікаў, а не “праваслаўных атэістаў”, дзе, прыкладам, моцныя мусульманскія карані, там самагубстваў нашмат меней. У краінах атэістычнага складу альбо ў краінах, дзе пераважае пратэстантызм, самагубстваў звычайна болей”.

Да суіцыдаў схільныя падлеткі і людзі, якім за 50

Нямала спробаў суіцыду зьдзяйсьняюць падлеткі, у якіх псыхіка няўстойлівая ці да канца яшчэ не сфармавалася, якія ўсе дробныя праблемы пераўтвараюць у трагедыю. Адзін малады чалавек, які падлеткам таксама расчароўваўся ў жыцьці, прызнаецца:

Хлопец: “У кожнага падлетка ёсьць такі пэрыяд (гэта як у дарослых крызіс сярэдняга ўзросту), калі падлеткам здаецца, што іх не разумеюць бацькі. Свой досьвед быў у мяне — тры спробы самагубстваў. Ну, дзіцячае глупства было, я лічу. Гэта зараз я вельмі сябе люблю, каб гэта зрабіць, зьявіўся нейкі цынізм, эгацэнтрызм”.

Псыхіятар Ігар Сарокін адзначае, што ня толькі падлеткі схільныя да суіцыдаў, але і людзі сталыя.

Нацыянальныя асаблівасьці суіцыду ў Беларусі

Да таго ж у беларусаў ёсьць свае, нацыянальныя асаблівасьці і ў гэтым:

“Увогуле, узрост да 19 гадоў — гэта ўзрост рызыкі, парасуіцыдаў ці суіцыдаў завершаных. Таксама як і пасьля 50 гадоў павялічваецца колькасьць суіцыдаў, хоць там быццам бы і мазгі ёсьць. Падлеткі менш трывалыя, па-другое, яны часьцяком робяць тое, што характэрна для групы, да якой яны далучаны, альбо арыентуюцца на куміраў. У большасьці выпадкаў у падлеткаў гэта малпаваньне.

Чаму павялічваецца колькасьць самагубстваў у пажылым веку — дык гэта пачуцьцё адзіноты, пакінутасьці, непатрэбнасьці. У іншых краінах сьвету сярод сельскага насельніцтва колькасьць самагубстваў звычайна меншая, чым сярод гарадзкога, але наша краіна ў гэтым сэнсе адрозьніваецца, у нас свой шлях. Сьпіваюцца і адчуваюць адзіноту больш сельскія жыхары”.

Псыхіятар Ігар Сарокін адзначае, што суіцыды вельмі часта зьдзяйсьняюць людзі, якія злоўжываюць алькаголем, а таксама наркаманы.

“Пасьля такіх выпадкаў нейкая прага да жыцьця зьяўляецца”

І ўсё ж такі — што рухае чалавекам, калі ён ідзе на такі адчайны крок? Малады чалавек, які падлеткам рэзаў сабе вены, лез у пятлю, распавядае пра свае перажываньні:

“Спачатку нейкія сумненьні ўзьнікалі, як бы вяроўка не парвалася, як бы хутчэй зламаць пазванкі шыйныя. Калі ўжо разумееш, што ўсё — спрацоўвае інстынкт самазахаваньня. У пятлі я зразумеў, што заўтра, магчыма, будзе лепей, хвілін пяць я ўвогуле ня дыхаў, потым гэтую вяроўку абарваў і вылез зь пятлі. Твае рукі самі цягнуцца да вузла, разьвязваюць, абрываюць вяроўку, бо жыць хочацца, не як сьвядомасьці, а як арганізму. Як казаў Ніцшэ, тое, што не забівае мяне, робіць мяне мацнейшым”.

Пасьля такіх выпадкаў нейкая прага да жыцьця зьяўляецца, нейкія новыя фарбы ў гэтым сьвеце знаходзіш, сапраўды ўсё па-іншаму пасьля такіх спроб”.

Беларусы – самыя няшчасныя ў сьвеце?

Колькасьць насельніцтва Беларусі скарацілася за тры месяцы на 8 800 чалавек. Беларусаў зараз 9 мільёнаў 681 тысячы. У 1994 годзе колькасьць насельніцтва краіны складала 10 мільёнаў 243,5 тысячы чалавек, за 14 гадоў яна паменшылася на 562,5 тысячы чалавек.

Інтэрнэт-партал World Database of Happiness (Сусьветная база зьвестак пра шчасьце) выклаў вынікі дасьледаваньняў, у якіх назваў самыя шчасьлівыя і няшчасныя краіны сьвету. Сярод самых няшчасных сярод 95 краінаў першымі сталі Беларусь і Малдова. Першыя пазыцыі ў хіт-парадзе шчасьлівых краінаў займаюць Швэйцарыя і Данія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG