Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хведарука завочна пакаралі арыштам і штрафам


Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука за ўдзел у акцыі 1 траўня завочна пакаралі арыштам на 10 сутак і штрафам на 30 базавых велічыняў (1 мільён 50 тысяч беларускіх рублёў).


Зьмітра затрымалі разам зь іншымі ўдзельнікамі сьвяткаваньня 1 траўня каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі. Міколу Статкевіча міліцыянты пакінулі да суду ў турме на вуліцы Акрэсьціна, а зь некалькіх моладзевых актывістаў узялі падпіску аб тым, што яны прыйдуць у суд на першае ж патрабаваньне.

Зьміцер Хведарук, аднак, позвы не атрымаў. Пра тое, што прысуд яму вынесьлі яшчэ 12 траўня, ён даведаўся толькі сёньня. Днямі пра завочныя прысуды даведаліся таксама ягоныя паплечнікі Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч.

У дадатак да арышту, Зьмітра Хведарука пакаралі штрафам за нібыта непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Заканадаўчыя нормы забараняюць завочна выносіць прысуды паводле артыкулаў закону аб масавых мерапрыемствах, калі абвінавачанага нават не запрашаюць прыйсьці ў суд.
XS
SM
MD
LG