Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне кіраўнікоў урадаў краінаў, якія ўваходзяць у СНД. Перад тым як пачаць сваю сустрэчу, яны выслухалі прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.


Упершыню за ўсю гісторыю СНД сярод прэм’ераў — дзьве жанчыны: Юлія Цімашэнка з Украіны і Зінаіда Грэчану з Малдовы.

Спадарыня Цімашэнка, дарэчы, і кіравала сёньняшняй сустрэчай. Яна заклікала сваіх калегаў падтрымаць украінскую ініцыятыву. Летась, калі Ўкраіне даручылі цягам году старшыняваць на ўзроўні ўрадаў Садружнасьці, яна склала праграму дзеяньняў на гэты час.

Сёньня Юлія Цімашэнка заявіла: гэта трэба зрабіць традыцыяй. “Яна робіць краіну-старшыню генэратарам, дынамічнай сілай дасягненьня пастаўленых задач”.

Такі падыход прынцыпова разыходзіцца з тым, як бачыць сытуацыю прэзыдэнт Беларусі. Лукашэнка ролю лякаматыва інтэграцыі СНД адназначна аддаў Расеі і заклікаў прыдаць Садружнасьці “другое дыханьне”:

“Ад нашага ўменьня слухаць адзін аднаго, знаходзіць шляхі рашэньня складаных пытаньняў, ад гатоўнасьці ўвасабляць словы ў канкрэтныя справы залежыць, ці атрымае СНД “другое дыханьне”, рэальны дадатковы імпульс для далейшага руху.

Менавіта ад пазыцыі Расеі зь яе чалавечым, тэрытарыяльным, рэсурсным і эканамічным патэнцыялам залежыць рэалізацыя многіх задач і праектаў, якія скіраваныя на ўмацаваньне эканомік нашых краінаў, падвышэньне роўню жыцьця простых людзей”.

Аляксандар Лукашэнка таксама сказаў, што СНД спазьняецца з рухам наперад:

“На жаль, нэгатыўныя тэндэнцыі, якія намеціліся як у сьвеце, так і на прасторы нашай Садружнасьці, пацьвярджаюць, што рашучыя крокі насустрач адзін аднаму нам патрэбна было зрабіць яшчэ ўчора”.

Шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна так пракамэнтавала для “Свабоды” гэтыя выказваньні:

“Я думаю, што мёртванароджанаму дзіцяці, на жаль, ні другое, ні трэцяе дыханьне надаць нельга. Сваю гістарычную місію СНД, напэўна, ужо выканала. І зараз яна можа разьвівацца толькі як саюз раўнапраўных дзяржаваў, якія ўтварыліся на тэрыторыі былога СССР.

Калі Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму лічыць, што нехта можа быць лякаматывам у гэтым (ці Расея, ці Украіна, ці Беларусь, ці нехта іншы), дык, на мой погляд, ён проста не разумее, наколькі гістарычна зьмянілася сытуацыя на былой савецкай тэрыторыі. Зараз даволі пасьпяхова разьвіваюцца дачыненьні паміж дзяржавамі на двух-, трохбаковых узроўнях. І мне думаецца, што менавіта ў гэтым кірунку будзе разьвівацца сытуацыя далей”.

Галоўным пытаньнем саміту стала падрыхтоўка праекту стратэгіі эканамічнага разьвіцьця СНД. Аляксандар Лукашэнка заклікаў зрабіць прастору СНД зонай магутнага эканамічнага росту — найперш праз стварэньне тут зоны свабоднага гандлю.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў успрымае такія заклікі скептычна:

“Такое ўражаньне, што ўсе ўжо даўно расчараваліся ў гэтых размовах. Інтэграцыйнага аб’яднаньня не атрымліваецца нават паміж дзьвюма — Беларусьсю і Расеяй. Напрыклад, квоты на беларускі цукар, якія ўвяла Расея, яны немагчымыя ў прынцыпе ў зоне свабоднага гандлю. Не пабудавалі дагэтуль самы мінімальны ўзровень інтэграцыйнага аб’яднаньня — зону свабоднага гандлю — нават такія, здаецца, цесныя партнэры, як Расея і Беларусь”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG