Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба быць незалежнымі й адначасова ня мець ніякіх межаў...”


Сёньня ў Менску адбываецца саміт кіраўнікоў урадаў краін СНД. Якая карысьць беларусам ад СНД? Апытаньне ў Горадні.


Спадар: “Папраўдзе кажучы, я нават не ўяўляю, чым яно можа быць карысным для беларусаў. Я пра яго нічога ня чую, і такое адчуваньне, што яго наагул не існуе. Калі ёсьць Эўразьвяз, то там відаць, што краіны адна адной дапамагаюць, паважаюць, падтрымліваюць. А тут... нічога не відаць, хіба акрамя таго, што змагаюцца адно з адным, кіі ў колы ставяць. Ніякай карысьці няма...”
Дзяўчына: “Абсалютна ніякай. Каб Беларусь была сапраўды незалежнай, то карысьці было б болей. І жыцьцё грамадзян, як любяць выводзіць сярэднестатыстычныя лічбы, было б на значна вышэйшым узроўні”.

Ейная сяброўка: “Беларусь павінна быць незалежнай, нармальнай краінай, з нармальным кіраўніком, з дэмакратыяй, з правамі чалавека і ўсім астатнім, што дзеля гэтага неабходна. Мы павінны быць лепшыя за ўсіх, бо мы маем рацыю й мы можам быць такімі”.

Спадарыня: “Наагул, гэтае ўтварэньне наўрад ці дае нейкую карысьць. А асабіста я наагул ніяк не адчуваю гэтага СНД”.

Спрадар: “Магчыма, і ёсьць нейкая карысьць. Да прыкладу, можам бязь візаў езьдзіць у Расею”.

Хлопец: “Я лічу, калі мы зьяўляемся былой часткай СССР, то павінны сябраваць з гэтымі краінамі. Дый ніхто пакуль не адмяняў, што расейцы наш братні народ, таксама як і ўкраінцы. Мы павінны быць разам, але лічу, што мы павінны мець адносіны і з эўрапейскімі краінамі. А наагул, добра сябраваць з усімі краінамі”.

Дзяўчына: “Я — школьніца, але зьезьдзіць у іншыя краіны СНД ня маю магчымасьці — гэта вельмі шмат каштуе. Таму й карысьці ад СНД ніякай ня бачу”.

Спадар: “Напэўна, ёсьць яшчэ нейкая карысьць: тавары нашы лягчэй прадаць на Ўсход, чым на Захад”.

Спадарыня: “Я за тое, каб наагул не было ніякіх межаў паміж краінамі. Але мне яшчэ больш падабаецца незалежнасьць краіны. Трэба быць незалежнымі й адначасова ня мець ніякіх межаў”.
XS
SM
MD
LG