Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Урад з прэзыдэнтам робяць выгляд, што кіруюць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 23 траўня, пятніцу.


Урад Беларусі заяўляе, што ня будзе стрымліваць рост цэнаў на харчаваньне. За чатыры месяцы гэтага году прадукты ў краіне падаражэлі больш як на 5%. Тэлефанаваньні на гэтую тэму.

Спадар: “Цэны на ежу, садавіну і іншыя прадукты ў нас і ў Эўропе аднолькавыя. А якія заробкі і пэнсіі ў нас і ў іх? Сярэдняя ў беларуса 110 эўра пэнсія. Супраць 1200 эўра ў немцаў ці эўрапейцаў. Які тут сказ? У нас жа меней у дзесяць разоў. Заробак у беларуса 230 эўра ў месяц складае, а немец 2300 эўра цяпер зарабляе. У беларусаў ёсьць усё: палі, лясы, нават калійныя солі. Няма толькі аднаго – лепшай долі”.

“Вiтаю, Беларусь! Свабода, дзякуй!!! Вы як глыток паветра ў Маскве. Прыём файнейшы, чым у Рэспубліцы Беларусь. Жыве Беларусь!”, – СМС такога зьместу мы атрымалі ад нашага слухача Віталя са Смаргоні, які зараз працуе будаўніком у Маскве. Працягваем праграму выказваньнямі на адрас улады і апазыцыі:

Спадар Віктар: “Хачу выказаць меркаваньне. Урад з прэзыдэнтам робяць выгляд, што кіруюць. А прадпрыемствы і жыхары рэспублікі выжываюць самі, хто як можа. Гэта мне нагадвае фільм “Вясельле ў Малінаўцы”, калі неадукаваны дзед, пастаўлены бальшавікамі кіраваць, паказваў, што яму толькі плюнуць на пячатку і паставіць крыжык, нават расьпісацца ня ўмее. Ну як можа кіраваць краінай настаўнік фізкультуры ці ўзначальваць эканамічны інстытут вэтэрынар?! І гэтак далей. Працуюць не па спэцыяльнасьці, не па прафэсіі, якой навучаліся, а як каго ўпёрлі па сувязях. Вось і маем тое, што маем”.

Спадар Рыбакоў: “Хачу выказацца наконт нашай апазыцыі. Пачытайце вы байку Крылова “Лебедзь, Рак і Шчупак”. Адзін нешта цягне некуды ўверх, другі пяціцца назад, трэці невядома куды. А яшчэ пачытайце байку “Квартэт”, вы бярыце сабе Фінбэрга дырыжорам. Ён добры рэжысэр. Можа, і зробіць нешта адно. Будзе адзін рэжысэр – будзе сэнс. А не, дык не”.

Выказваньне камэнтуе адзін з сустаршыняў кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Ляўковіч:

“Гэта вельмі правільны падыход, што ў адзінстве наша сіла і наша моц. Адказныя палітыкі добра разумеюць, што толькі разам мы можам змагацца з гэтым рэжымам. Ёсьць і не адказныя палітыкі, а яшчэ ёсьць праца дзяржаўных структур, спэцслужбаў. Да прыкладу, падчас аналягічных працэсаў у Чэхіі прадстаўнікі дэмакратычнага руху казалі, што ў іх кожны чацьвёрты быў так званы “сексот”. Пэўна, гэта ёсьць і ў нас. Гэта трэба ўлічваць і трэба разумець, што жыцьцё, практыка – яны больш складаная рэальнасьць, чым агучаная ідэя. Я за ідэю, і я за практыку адзінства. У кожным разе сёньня аб'яднаная дэмакратычная кааліцыя дэманструе адзінства. Канечне, не на 100%. Такое адзінства толькі на могілках. А тут ёсьць супярэчнасьці, але адказныя палітыкі гэта разумеюць і робяць усё, каб мы былі аб'яднаныя і моцныя”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG