Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Працаўніку ў нас цяжка. А найлягчэй - гультаям ды алькаголікам.....”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 24 траўня 2008 году


Увосень у Беларусі павінны адбыцца чарговыя парлямэнцкія выбары. Некаторыя апазыцыйныя грамадзкія рухі ўжо заявілі пра свой намер байкатаваць іх - з тае прычыны, што ня маюць ніякіх спадзеваў на сумленнасьць і празрыстасьць выбарчай кампаніі.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце на “Свабоду” спрабуе спрагназаваць, на якім грамадзкім і эканамічным тле пачнецца і будзе праходзіць восеньская кампанія і што чакае ў ёй дэмакратычную апазыцыю. Слухач піша:

“Думаю, апазыцыю напаткае поўны правал пры абсалютнай палітычнай апатыі абываталяў. А вось Лукашэнка можа даць старт першаму этапу праекта “Белая Русь”.

Найбольш актыўная і прагматычная частка дробнага бізнэсу да таго часу адаптуецца да новай формы (прыватных унітарных прадпрыемстваў) - і працягне працу. Лішнія няўдачнікі кануць у нябыт. Працягнецца продаж дзяржаўнай уласнасьці замежнаму інвэстару (накшталт зьдзелкі з Velcom'ам). Прыйдзе непатрабавальны да ўнутранай палітыкі прагматычны замежны бізнэс. Словам, няхай ня так хутка і груба, як было ў Расеі пры Ельцыне, але прыватная капіталізацыя намэнклятуры ў Беларусі працягнецца”, - піша Алесь Марціновіч з Баранавічаў. -

“Візавыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША да бунту “баяраў” не прывядуць. Большасьць чыноўнікаў выправіцца на летнія вакацыі ў турэцкую Анталію (ну, ці ў горшым выпадку - у Ялту і Сочы). Можна накіравацца і ў Пэкін - на Алімпіяду.

Я яшчэ памятаю клясычныя брэжнеўскія часы 70-х (да пачатку вайны ў Аўганістане і бунту “Салідарнасьці” ў Польшчы). Дык вось, у Беларусі і Расеі надыходзіць эпоха, падобная да тае па стабільнасьці. Толькі запасу трываласьці гэтым разам на парадак-два болей - з прычыны ўкараненьня рынкавай сыстэмы, прыватнай уласнасьці і некаторых элемэнтаў дэмакратыі”, -

- гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Можа, здарыцца, спадар Марціновіч, што якраз укараненьне рынкавай сыстэмы, прыватнай уласнасьці і элемэнтаў дэмакратыі і стане каталізатарам грамадзкіх і палітычных зьменаў. Брэжнеўская сыстэма выглядала вонкава стабільнай ды непарушнай менавіта таму, што нічога гэтага не дапускала і ўсяляк працівілася любым праявам лібэралізацыі.

Што да праекту “Белая Русь”, то на сёньня пэрспэктывы яго выглядаюць даволі цьмянымі - асабліва пасьля скептычных заўвагаў на адрас гэтай грамадзкай арганізацыі з боку прэзыдэнта Лукашэнкі.

Аўтар наступнага ліста - Мікалай Лабанаў зь вёскі Вейна Магілёўскага раёну - распавядае пра сваё шматгадовае змаганьне за справядлівасьць. Ён, як і многія іншыя жыхары сёньняшніх беларускіх вёсак, сутыкнуўся са зьявай, якая раней для сельскай мясцовасьці не была тыповай. Слухач піша:

“Нас рабуюць, абкрадаюць розныя прыхадні дзень і ноч - а ўлада амаль не рэагуе і нанесены ўрон не кампэнсуе. Вось і маё жытло (а гэта хата майго бацькі, камандзіра Чырвонай Арміі, які загінуў на вайне) абакралі на два мільёны рублёў. Міліцыя злачынна бязьдзейнічала і нікога не знайшла, хоць у сяле ўсе факты - на паверхні. Мае скаргі абышлі ўсе суды, але я не атрымаў ад міліцыі кампэнсацыі ні рубля. Наадварот, у Вярхоўным судзе зь мяне, жабрака, садралі ні за што 70 тысяч рублёў (гэта з маёй пэнсіі, якая складае 88 тысяч).

Я нарадзіўся і жыву ў гэтым раёне. У вайну за радзіму загінулі 26 чалавек маёй радні.Сам я атрымаў калецтва ў Савецкай арміі, у 1968 годзе, за бязглузды так званы “інтэрнацыяналізм”. А нармальнага жыцьця не было і няма”.

Далей у сваім лісьце Мікалай Лабанаў апісвае іншыя падобныя факты з жыцьця навакольных вёсак. Яшчэ адна цытата:

“Лес за вёскай Вейна, канавы, дарогі ў лесе ўсыпаны касьцямі, чарапамі, трыбухамі ўкрадзенага быдла. Улетку смурод - не прайсьці. Вось некалькі прыкладаў. Вёска Зімніца. Улетку з фэрмы ўкралі двух коней. Прыехала міліцыя. Рабочыя паказваюць сьляды і пытаюцца: “А дзе ваш сабака? Зь ім злодзея хутка знайшлі б”. А сьледчы адказвае, што ягоная справа - паперы, і раіць шукаць участковага, якога ніхто тыднямі ня бачыць.

Вёска Косьцінка. У пэнсіянэра Клопава ўначы вывелі карову, за хлявом забілі, мяса вывезьлі. Тое ж самае - у вёсцы Халмы ў Каралёвай Зіны. Вёска Запрудзьдзе. У Клачковай Ніны і Зайцавай Натальлі ўкралі сьвіней... І такіх фактаў - мноства. А злодзеяў ніхто не знаходзіць. Хоць усе пасады ў міліцыі заняты, усе акуратна атрымліваюць высокія заробкі, ды яшчэ і льготы маюць”, -

- напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Лабанаў зь вёскі Вейна Магілёўскага раёну.

Яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму падобныя выпадкі былі чымсьці выключным для беларускіх вёсак. Не прыпомню, каб у 70-80-я гады ў маёй роднай вёсцы на Гарадзеншчыне хоць аднаго разу здарылася нешта падобнае. Адпаведна і працы ў мясцовага ўчастковага міліцыянта было ня надта багата - нягледзячы на тое, што ён адзін павінен быў сачыць за парадкам у некалькіх дзясятках вёсак. Хіба што рэйды па навакольных лясах у пошуках самагоншчыкаў даводзілася час ад часу наладжваць.

З таго часу многае зьмянілася ў норавах вясковых жыхароў і ў крымінальных зводках сельскіх раёнаў. А штатны расклад раённай міліцыі і колькасьць участковых, відаць, засталіся нязьменнымі ці нават скараціліся. Затое цэлыя палкі міліцыі і АМАПу ў Менску і буйных гарадах сочаць за палітычнай апазыцыяй, ловяць распаўсюднікаў улётак і газэт, займаюцца разгонам пікетаў і мітынгаў. Хоць бы дзясятую частку гэтых сілаў - на дапамогу такім людзям, як Мікалай Лабанаў, Зіна Каралёва, Натальля Зайцава, якім сапраўды патрэбна дапамога міліцыі.

Пра клопаты вясковых людзей паведамляе ў сваім лісьце і наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“У былым калгасе, а цяпер СПК “Ляхаўцы”, напэўна, вырашылі давесьці людзей да таго, каб у другой частцы сяла Асавая (Мысьлячы) канчаткова пазбавіліся ад кароў. Бо інакш чаму перааралі ўсе сенажаці? У Асавой засталіся толькі чатыры каровы. Хочаш сена - купляй у гаспадарцы. Ці касі на каналах, якія заараны да самага берага - ні праехаць, ні прайсьці. Як адтуль вывезеш сена, нават калі і нарыхтуеш?

Напэўна, хочуць прымусіць пэнсіянэраў прадаць апошнюю жывёлу, - піша Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. - Тады ўсе будуць жыць з крамы. А па малако трэба будзе езьдзіць за пяць кілямэтраў. Апошнюю краму ў нас плянуюць зачыніць. Падвоз харчоў - два разы на тыдзень. Добра, што тройчы на тыдзень прыходзіць аўталаўка зь Берасьця - адтуль возяць хлеб яшчэ цёплы.

Але гандляроў апошнім часам стала значна меней. Дзяржава заціскае: многія свае крамы згарнулі. Розныя зачэпкі прыдумляюць, абы зьнішчыць ініцыятыву чалавека. Працаўніку - цяжка. А найлягчэй гультаям ды алькаголікам. Не працуюць, крадуць, рабуюць. І дзяржава іх не чапае. Бо зь іх нічога не зьдзярэш. А вось сапраўдных рупліўцаў перасьледуюць, не даюць разгарнуцца. І так будзе да таго часу, пакуль застаецца гэтая ўлада”, -

- напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

На Берасьцейшчыне, асабліва ў паўднёвых раёнах, дзе жывяце вы, спадар Сац, вёскі яшчэ параўнальна шматлюдныя. Многія жыхары, у тым ліку сталага веку, пэнсіянэры, стараюцца трымаць уласных кароў. А адміністрацыя мясцовых калгасаў замест таго, каб усяляк заахвочваць гэта натуральнае людзкое жаданьне, дбае найперш пра вытворчыя паказьнікі, пра тое, чаго патрабуюць раён і вобласьць. Таму і заворваюць кожны лапік зямлі, не зважаючы на тое, як гэта адаб'ецца на людзкіх патрэбах.

Успамінаю, што гадоў дваццаць-дваццаць пяць таму гэтак жа было і ў маёй роднай вёсцы. Людзі вымушаныя былі пасьвіць свае каровы па лясах і мэліярацыйных каналах: нармальнай пашы саўгас не даваў, усё ішло пад ворыва ці саўгасныя пашы. Сёньня ў навакольлях вёскі - ніводнага разаранага саўгаснага поля, а на бліжэйшай саўгаснай фэрме - ніводнай каровы.

На заканчэньне - фрагмэнт зь вершаванага ліста нашага даўняга сябра Фэлікса Шкірманкова са Слаўгарада. Ён, як заўсёды, адгукнуўся публіцыстычным словам на апошнія грамадзкія акцыі апазыцыі. Слухач у сваім вершы піша:

“Ты хлусіш сам сабе заўжды,
Калі гаворыш - не кранае
Цябе, што мірных грамадзян
АМАП дубінкамі зьбівае.
Але аднойчы думак рой
Ня дасьць табе ад іх схіліцца.
Ты мусіш ўрэшце выбар свой
Зрабіць бяз права памыліцца”, -

- гэта былі радкі зь вершаванага ліста Фэлікса Шкірманкова са Слаўгараду.

Дзякуй, спадар Шкірманкоў, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас
zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG