Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хвалюе як выжыць на невысокія заробкі?"


Агляд недзяржаўнага друку за 23 траўня: “Народная воля”, “Рэгіянальная газета” (Маладэчна), “Інфа-кур’ер” (Слуцк).


Журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш гаворыць: яе выданьне ўсё больш увага надае выбарам у Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ўвосень:

“Я рабіла бліц-апытаньне пра тое, ці прызнае эўрапейская супольнасьць будучы беларускі парлямэнт легітымным, калі ў выбарчыя камісіі ня будуць уключаны прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці? На гэтае пытаньне самыя розныя людзі: ад плястычнага хірурга да выхавацелькі дзіцячага садку, не кажучы ўжо пра нашых палітыкаў?”

“І да чаго схіляецца бальшыня?”

“Неяк так атрымалася, што 50 на 50. Нехта кажа, што яго наагул не хвалюе пытаньне палітыкі. А хвалюе як выжыць на невысокія заробкі?, як пракарміць сям’ю і дзяцей?, як выгадаваць унукаў. А вось некаторыя палітыкі маюць спадзяваньне – а раптам чыноўнікі зразумеюць, што інтэграцыя ў эўрапейскую прастору пойдзе на карысьць ня толькі ўсяму беларускаму народу, але і ім самім”.

Сяргей Зянько – супрацоўнік “Рэгіянальнай газеты”, гаворыць, што на першай старонцы сьвежага нумару выданьня разьмешчаны матэрыял пра славутага земляка:

“Матэрыял “Сустрэў юбілей на Радзіме”. У Вілейцы сустрэў 70-гадовы юбілей народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага аркестру імя Жыновіча прафэсар Міхаіл Казінец. Гэта ў нас на першай старонцы, а фотарэпартаж з канцэрту -- на сямнаццатай”.

Памятаюць пра сваіх землякоў і ў Слуцку. Гэта выцякае з паведамленьня журналіста газэты “Інфа-кур’ер” Алеся Дастанкі:

“Прайшлі першыя травеньскія віткаўскія чытаньні. Яны адбыліся ў той дзень, калі нарадзіўся вядомы пісьменьнік Васіль Вітка – паэт, празаік, драматург. Ён быў першым рэдактарам часопіса “Вясёлка”. Гэта чалавек, які ўключаны ў сьпіс лепшых казачнікаў сьвету. Гэта былі першыя чытаньні. А плянуецца, што яны стануць штогадовымі і будуць адзначацца ў Слуцку 16-га траўня”.

XS
SM
MD
LG