Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілавідзкая перамога


Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі Эфір 22 траўня 2008 году



“На досьвітку расейскія жаўнеры асьцярожна займалі баявыя пазыцыі. Карнікі меркавалі зьнянацку разграміць бунтароў і ўжо адвячоркам з трыюмфам вярнуцца ў горад. Але за падрыхтоўкай да штурму пільна сачылі камандзіры паўстанцаў і адпаведна рыхтаваліся да сустрэчы.

Разьмешчаныя воддаль гарматы нечаканым залпам абвясьцілі пачатак штурму. Рэхам па лесе разьнеслася грознае "ўра!" І як толькі карнікі наблізіліся да пазыцыяў паўстанцаў на дыстанцыю стрэлу з ружжа, грымнуў магутны залп у адказ, які прымусіў маскоўцаў адступіць. Распрацаваны падпалкоўнікам Булгарыным плян лёгкай перамогі ламаўся. Праз колькі часу ён паўтарыў спробу штурму. І зноў безвынікова.

Лес, балаціны былі на баку паўстанцаў і станавіліся перашкодай для карнікаў. У ход пайшлі пісталеты і косы. І прагучала каманда "назад!"
Карнікі, адступаючы, падбіралі забітых і параненых. Тут жа на полі бітвы была выкапана яма, у якой знайшлі спачын 10 забітых жаўнераў. А каля 40 параненых на фурманках у калёне зьнясіленых боем расейцаў вярталіся ў Слонім.

Раніца 22 траўня 1863 году, Мілавіды, Слонімскі павет”.



Вячаслаў Ракіцкі: “Роўна праз 145 гадоў пасьля Мілавідзкай бітвы мы называем яе выключна важнай ня толькі для хады антырасейскага паўстаньня ў Беларусі, Польшчы і Літве пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а і для хады беларускай гісторыі. А яна ж, паводле сёньняшняга разуменьня, пасьля шматлікіх войнаў 20-га і ўжо 21-га стагодзьдзя выглядае зусім не крывавай, і ня надта маштабнай. Дык у чым яе вялікасьць?”

Сяргей Харэўскі: “Гэта была тая рэдкая бітва, дзе паўстанцы атрымалі насамрэч перамогу. Тутака былі згуртаваныя блізу тысячы паўстанцаў пад агульным кіраўніцтвам палкоўніка Ляндэра (Аляксандра Лянкевіча). Акрамя аб'яднанага слонімскага аддзелу на чале з Францішкам Юндзіным (каля 300 чалавек), у лягеры месьціліся й наваградзкі аддзел Міладоўскага, ваўкавыскі — Млотака, пружанскі — Владэка. То бок, гэтая бітва мела міжрэгіянальны характар. Таму перамога пад Мілавідамі і мела шырачэзны розгалас па ўсім краі. І ўскалыхнула новую хвалю супраціву, да якога далучаліся і праваслаўныя сяляне. Паўстанцы, калі скончылі бітву сваёй перамогай -- і тактычнай, і маральнай -- дапісалі ў гісторыю барацьбы за волю слаўную старонку”.

Ракіцкі: “Як на той час, гэта была вельмі маштабная бітва? Колькі людзей у ёй бралі ўдзел?”


Харэўскі: “Толькі з нашага боку ў ім удзельнічалі каля 800 паўстанцаў, а з другога – 5 ротаў салдатаў, якія мелі 4 гарматы. 22 траўня 1863 году каля сяла Мілавіды Слонімскага павету і грымнула бітва. Разам гарадзенскія, ваўкавыскія, слонімскія і наваградзкія паўстанцы разьбілі расейскія аддзелы. Карнікі не змаглі ўзяць лагер паўстанцаў і з вялікімі стратамі адыйшлі. Бітва , у якой агулам загінулі 52 расейскія жаўнеры і 18 паўстанцаў, цягнулася ўвесь дзень. Аднак і паўстанцы ноччу пакінулі лягер. Калі на дапамогу расейскім войскам прыйшлі тры батальёны з Нясьвіжа, ім заставалася толькі пахаваць палеглых у дзьве магілы”.

Ракіцкі: “І колькасна, і якасна расейскія войскі мелі перавагу над паўстанцамі. Дык як так магло стацца, што пад Мілавідамі перамаглі паўстанцы?”

Харэўскі: “У іх былі маральная перавага і сапраўдны баявы ўздым. Сабраліся паўстанцы з розных паветаў, розных сацыяльных станаў і розных веравызнаньняў. 20 траўня паўстанцкі лягер адведваў сам Кастусь Каліноўскі, які, напэўна, змог сваёй харызмаю натхніць паўстанцаў. Хоць у расейскіх карнікаў была значная перавага ў колькасьці і ў зброі, яны былі разьбітыя і змушаныя адступіць”.

Ракіцкі: “Наколькі актыўна ўвогуле адбывалася паўстаньне пад кіраўніцтвам Каліноўскага? Ці характэрнымі былі для яго масавыя сечы кшталту Мілавідзкай?”

Харэўскі: “З Мілавідзкай мала што можа зраўняцца. Але тым ня меней. Усяго на сучаснай тэрыторыі Беларусі зь лютага па жнівень 1863 году зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з расейскімі войскамі. У той самы дзень 22 траўня беларускія паўстанцы атрымалі буйную перамогу ў бітве ля Лісінай гары, каля вёскі Кадыш, пад Горадняй. За дзень да таго -- пад Тараканаўкай на Лагойшчыне. Адбыўся жорсткі бой 9 траўня пад Юравічамі, што на Чэрвеньшчыне, таксама прыкметнымі былі баі пад Азярцамі на Случчыне, 21 красавіка пад Пятровічамі (у Смалявіцкім раёне), пад Лядамі Старадароскага раёну, пад Падбярэзьзем на Барысаўшчыне, пад Іжай на Вілейшчыне 24 траўня 1863 году. Апошні партызанскі батальён ксяндза Станіслава Бжоскі, які дзейнічаў на Падляшшы, быў разьбіты толькі вясною 1865 году. Так што ёсьць куды занесьці кветкі гэтымі днямі”.

Ракіцкі: “Наколькі гэты сюжэт характэрны для нашага мастацтва?”

Сяргей Харэўскі: “Так, паўстаньне 1863 году вельмі рана, фактычна адразу, знайшло сваё адлюстраваньне ў выяўленчым мастацтве. Гравюры з выяваю сечы пад Мілавідамі адразу зьявіліся ў тагачасным эўрапейскім друку. Падзеі паўстаньня сталі галоўнай тэмай Міхала Андрыёлі, які зрабіў на эміграцыі вялікую графічную сэрыю. Шмат твораў, прысьвечаных паўстаньню 1863 году ў Беларусі, зрабіў выдатны польскі мастак родам з Украіны Артур Гротгер. З 1920-х гадоў тэма паўстаньня 1863 году стала адной з самых значных у беларускім мастацтве. Да яе зьвярталіся скульптары Грубэ і Азгур, жывапісцы Волкаў, Гугель і Кудрэвіч, графікі Герус і Гембіцкі. Нізку палотнаў, прысьвечаных паўстанцам і іх правадырам, Каліноўскаму і Ўрублеўскаму, стварыў у Вільні Пётра Сергіевіч. Пасьля вайны ўжо была створана цэлая галерэя карцінаў Шчамялёвым, Дударонкам, Стальмашонкам, Марачкіным, Янушкевічам. Былі графічныя сэрыі Драчова, Купавы, Куліка. Ды ўсіх не зьлічыць! Тэма паўстаньня 1863 году шырока прадстаўлена таксама ў польскім і ў літоўскім мастацтве”.

Вячаслаў Ракіцкі: “І ва ўсіх гэтых творах, калі ня патасна, дык падкрэсьлена аптымістычна, адлюстраваны гераізм паўстанцаў. Але ж… Вядома, што паўстаньне атрымала паразу, а за паразаю пацягнуліся рэпрэсіі. Катавалі ж, ссылалі і каралі сьмерцю лепшых сыноў Бацькаўшчыны. Паводле царскага указу 1863 году маёнткі, рухомая маёмасьць і капіталы асобаў, якія мелі дачыненьне да "бунту", падлягалі канфіскацыі. Пасьля задушэньня паўстаньня царскі ўрад пачаў яшчэ больш жорстка выкарчоўваць усе праявы нацыянальнай сьвядомасьці, нацыянальнай годнасьці. Узмацнялася русыфікацыя. Дык адкуль патас, чаму аптымізм у творах, прысьвечаных паўстаньню?”

Сяргей Харэўскі: “Гэта так. Але хто сказаў што да паўстаньня не было палітычных рэпрэсіяў і гвалтоўнага абмаскальваньня? Паўстаньне і было рэакцыяй, натуральнай рэакцыяй, на тое, што выраблялі ў нашым краі расейскія чыноўнікі. Жорсткімі рэпрэсіямі былі зьнішчаныя тыя парасткі нацыянальна-культурнага адраджэньня, што паўставалі ў 1840 -- 50-я гады, і выкараненыя ўсе праявы нацыянальнай дзейнасьці і беларусаў, і літоўцаў. Вынікі паўстаньня былі куды большыя і глыбокія, чым гэта зазвычай прамаўляюць хуткамоўна. Сяляне Беларусі атрымалі ад расейскага ўраду істотныя саступкі ў часе рэалізацыі зямельнай рэформы, што палегчылі іх становішча. Сялянам зьнізілі на 20 % выкупныя плацяжы, адразу ж дазволілі заключаць выкупныя акты на набыцьцё надзелаў, адведзеных пасьля рэформы. Ім былі часткова вернутыя землі, абрэзаныя перад паўстаньнем. Беларусь стала суб’ектам новай гісторыі, дзякуючы выданьням па-беларуску паўстанцкай публіцыстыкі, праклямацыяў і “Мужыцкай праўды”. Упершыню менавіта да палітычнай і нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў зьвярнуліся палітыкі. І ня толькі Кастусь Каліноўскі. Напрыклад, Аляксандар Аскерка, адзін зь лідэраў правага, “белага” крыла паўстаньня, яшчэ ў 1862 годзе ў Варшаве выдаў беларускі буквар-катэхізіс «Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў». Палітычны сэнс такога выданьня быў відавочны. У сваю чаргу і расейскія чыноўнікі спрабавалі праз свае праклямацыі і брашуркі зьвяртацца да нашага народу па-беларуску. Вось у гэтай супярэчнасьці і паўстала Беларусь”.

Вячаслаў Ракіцкі: “Вы хочаце сказаць, што паўстаньне, жорстка задушанае расейскім войскам, прысьпешвала народзіны беларускай самасьвядомасьці. Але ж, як кажуць, і сёньня гэтая думка, вельмі часта гучыць на афіцыйным узроўні, што мовай ня будзеш сыты…”

Сяргей Харэўскі: “Тут і мова, і культура, і эканоміка цесна ўзаемазьвязаныя. Паўстаньне прысьпешыла мадэрнізацыю Беларусі ва ўсіх адносінах. Расея пачала ліхаманкава пракладаць праз наш край чыгункі. Ужо ў 1902 годзе вайсковы міністар Расеі Дзьмітры Мілюцін пісаў наўпрост: “Каб не была пабудаваная Пецярбуска-Варшаўскага чыгунка, паўстаньне не было б падаўленае і паўстанцы здолелі б разыграць ролю ваюючай краіны…”. Але чыгунка адкрыла беларусам і шырокі сьвет. Менавіта пры чыгунцы і сфармавалася нашая першая нацыянальная інтэлігенцыя. Янка Лучына, Максім Багдановіч, Альберт Паўловіч, Карусь Каганец, Уладзіслаў Галубок працавалі на ёй. Чыгунка злучыла розныя канцы нашага краю. Разам зь сялянскай рэформай яна дала магутны штуршок фармаваньню нашай нацыі. А памяць пра герояў паўстаньня 1863 году, многія зь якіх былі бацькамі дзеячаў нашага абуджэньня ў пачатку ХХ стагодзьдзя, давала веру і цьвяліла пачуцьцё годнасьці. Дазволю сабе лягічна прыпусьціць, што тое паўстаньне і яго вынікі, улучна з замахам Ігната Грынявіцкага на Аляксандра ІІ, сталі пачаткам канца Расейскай імпэрыі, якой ня стала на мапе сьвету праз пяць дзесяткаў гадоў пасьля задушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага. І ніхто ня кінуўся яе ратаваць – ні літоўцы, ні палякі, ні беларусы.

Вячаслаў Ракіцкі: “Пасьля бітвы пад Мілавідамі загіблых пахавалі ў дзьвюх магілах – у адной паўстанцаў, у другой расейцаў. Ці зьберагліся гэтыя магілы?”

Харэўскі: “Так, адразу падпалкоўнік Булгарын загадаў пахаваць паўстанцаў і “русских богатырей” у розных магілах і нават па розныя бакі дарогі. Месца пахаваньня расейцаў адразу ж было ўшанаванае чыгунным крыжам і агароджаю. Крыж захаваўся і да сёньняшніх дзён, нягледзячы ні на што. Нават за польскім часам, што б там ні казалі пра польскі шавінізм. А над магілай беларускіх паўстанцаў толькі ў 1933 годзе была пастаўленая і высьвечана прыгожая капліца ў стылі нэаклясыцызму. І да сёньня яна застаецца месцам паломніцтва патрыётаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG