Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір перадачы "Дом літаратара" за 17 траўня

АЎТАР І ТВОР

ІРЫНА ЖАРНАСЕК: “ПАЭТКАЙ Я СТАЛА ДЗЯКУЮЧЫ РАДЫЁ СВАБОДА”

Да гэтай пары Ірыну Жарнасек чытачы ведалі як празаіка – аўтара кніг апавяданьняў “Гульні над студняй”, “Гадара”, раману “Будзь воля Твая”. Таму для многіх стаўся неспадзяванкай паэтычны зборнік пісьменьніцы “Шукаю Цябе”, які нядаўна пабачыў сьвет у менскім выдавецтве “Про-Хрысто”. А сама Ірына Жарнасек жыве ў Наваполацку, дзе рэдагуе дзіцячы каталіцкі часопіс “Маленькі рыцар Беззаганнай”. З аўтаркай “нечаканай” кнігі сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарыня Ірына, звычайна, адбываецца наадварот – паэты з гадамі пераходзяць на прозу. А як вы з празаіка перакваліфікаваліся ў паэтку?”

Ірына Жарнасек: “Нічога я, спадар Міхась, у гэтым не разумею. Сьвядома я не перакваліфікоўвалася. Чаму я пачала пісаць вершы? Дальбог, ня ведаю. Дарэчы, я вельмі доўга баялася іх паказваць на людзі. І першы мой верш пад назвай “Шукаю Цябе” (які й даў назву кнізе) прагучаў, дарэчы, на Радыё Свабода ў праграме “Верш на Свабоду”. Я вельмі саромелася, і таму верш у эфіры гучаў і ўвайшоў у аднайменную кнігу пад маім дзявочым прозьвішчам – Ірына Балобан. Атрымліваецца, што гэта ваша радыё абудзіла ўва мне паэтку”.

Скобла: “Я чытаў ваш зборнік і не знаходзіў, з кім параўнаць паэтку Ірыну Жарнасек. Вольныя вершы на хрысьціянскія тэмы ў нас, здаецца, ніхто не пісаў. Найбліжэйшая фігура, якая прыгадваецца, – польскі ксёндз-паэт Ян Твардоўскі. Ці правільна я вызначыў ваш паэтычны радавод?”

Жарнасек: “Збоку, мабыць, лепей відаць. Я ня ведаю, з кім мяне можна параўнаць, і ці трэба параўноўваць. Я таксама ня ведаю, ці буду я далей пісаць вершы. Яны проста сказаліся, вылецелі з душы”.

Скобла: “А ці чыталі вы паэзію Яна Твардоўскага ў беларускіх перакладах вашай каляжанкі Хрысьціны Лялько?”

Жарнасек: “Вядома, чытала. Нават лячылася ягонымі вершамі. Аднойчы, калі я моцна ўзімку прастудзілася і хварэла, мой сябра ксёндз Аляксандар Чайкоўскі, які працуе ў нашым горадзе сьвятаром, чытаў мне вершы Яна Твардоўскага па тэлефоне, праводзіў вершатэрапію. А потым, калі быў у Польшчы, выпадкова спаткаўся зь Янам Твардоўскім і расказаў яму гэтую гісторыю. Аўтар вершаў быў вельмі задаволены й спрэзэнтаваў мне сваю кнігу. Мне вельмі падабаецца ягоная паэзія. Але ці паўплываў ён на мяне – я ня ведаю. Мне падабаюцца хрысьціянскія вершы Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш – яна для мяне ўзор паводзінаў у літаратуры і ў грамадзкім жыцьці. Але, зноў жа, пра ўплывы іхнія я гаварыць не асьмелюся”.

Скобла: “Вы па адукацыі – бібліятэкар. Памятаю, Янка Брыль паказваў мне сваю кніжную “шафу Найлепшых”. А якія кнігі на самым пачэсным месцы ў вашай хатняй бібліятэцы?”

Жарнасек: “З гонарам і радасьцю прызнаюся: на самай пашанотнай паліцы стаяць кнігі таго ж Янкі Брыля, якога вы так шчасьліва для мяне прыгадалі. Я вельмі люблю гэтага пісьменьніка, вельмі ганарылася знаёмствам зь ім. Заўсёды радавалася кожнай сустрэчы зь ім, кожнай тэлефоннай размове й размове зь ягонымі кнігамі, якая пачалася для мяне са “Жмені сонечных промняў”. Хто яшчэ на той маёй паліцы? Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева, Максім Багдановіч. У мяне ў маладосьці была такая гульня-забаўка. Я вершы мерала на кілямэтры. У школу хадзіць было далёка, сем кілямэтраў, і вось я ішла і чытала дарогаю вершы. У мяне гэта было “сем кілямэтраў паэзіі!”

Скобла: “Адзін мой знаёмец з Ваўкавыску, які належыць да суполкі хрысьціянаў веры Эвангельскай, пасьля таго, як стаў шчырым вернікам, страціў цікавасьць да сьвецкай літаратуры. Чатыры вашы апошнія кнігі – на хрысьціянскія тэмы. Ці не азначае гэта, што й вас іншыя тэмы перасталі цікавіць?”

Жарнасек: “Ні ў якім разе! Я не закрылася, я не пайшла ў кляштар, я жыву нармальным жыцьцём. Тут іншая рэч. Калі зьявілася магчымасьць гаварыць пра Бога людзям і выказаць сябе ў гэтай тэме, то гэта запатрабавала часу, запатрабавала знаёмства з сур’ёзнай літаратурай, запатрабавала ўзіраньня ў сябе. Таму што хрысьціянская тэма – складаная і вялікая, і рыхтавацца да яе трэба гадамі. І я проста паглыбілася ў яе. Але я не адышла ад сьвецкага жыцьця, яно мяне па-ранейшаму вельмі цікавіць. Абы толькі хапала часу і здароўя на ўсё. Франц Сіўко часам кажа: “Ірына Жарнасек шчасьліва знайшла сваю нішу”. Ведаеце, ніякай нішы я сабе не шукала. Можа, яна мяне знайшла”.

Скобла: “Я ведаю, што вы аб’ехалі многія беларускія гарады, ладзячы прэзэнтацыі свайго раману “Будзь воля Твая”. Сёньня айчынны кнігагандаль з такой неахвотай распаўсюджвае беларускія кнігі! Дык, можа, гэта і ёсьць самы эфэктыўны шлях да чытача? Напісаў пісьменьнік кнігу і – выпраўляйся ў ваяж па краіне…”

Жарнасек: “Мы часам проста вымушаныя гэтым займацца. Іншая сытуацыя была з прыгаданай кнігай. Тут былі шматлікія запрашэньні ад сьвятароў, ад парафіянаў, была зацікаўленасьць айцоў-марыянаў, да якіх належалі героі майго раману – айцы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Сучасныя айцы-марыяне зацікаўленыя, каб пашыраўся іхні культ, і таму яны былі зацікаўленыя ў прэзэнтацыях раману “Будзь воля Твая”. Ці гэта выйсьце для нас, пісьменьнікаў? З аднаго боку – так, выйсьце, але з маральнага боку яно няпростае. Напісаў кнігу – у торбу і едзь, прасі людзей, каб набылі? Усё ж пісьменьнік продажам і распаўсюдам сваіх кніг не павінен займацца”.

Скобла: “Кніга “Будзь воля Твая” была падараваная Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ. Гэтая акалічнасьць для вас істотная?”

Жарнасек: “Вядома ж, істотная. Айцы-марыяне зрабілі мне такі сюрпрыз. На прэзэнтацыі кнігі “Будзь воля Твая” ў Менску яны нечакана падаравалі мне здымак, на якім генэрал ордэну айцоў марыянаў Ян Рокаш дорыць маю кнігу Яну Паўлу ІІ. Для мяне гэта была абсалютная неспадзяванка! Я ня цешу сябе надзеяй, што Ян Павал ІІ прачытаў кнігу – ішоў апошні год ягонага жыцьця. Але для мяне гэта ўсё радасна і сымбалічна. Я вельмі паважала гэтага чалавека, чытаю і перачытваю ягоную спадчыну. Гэты здымак вісіць у маёй кватэры на пачэсным месцы”.

Скобла: “Вы прайшлі праз наваполацкае літаб’яднаньне “Крыніцы”. А дзе сёньня пачаткоўцу на Віцебшчыне могуць падказаць, як трэба і як ня трэба пісаць?”

Жарнасек: “Складана сёньня з гэтым. А тут яшчэ адбыўся падзел пісьменьнікаў на два саюзы, настала разьяднаньне пісьменьнікаў у абласных цэнтрах. Усё гэта вельмі балюча… Дзе сёньня пачаткоўцаў вучаць? Летась Лера Сом ладзіла ў Полацку сэмінар для маладых літаратараў. Вольга Іпатава зь Менску прыяжджала, былі мы з Францам Сіўко. Шкада, што падобныя сэмінары здараюцца ад выпадку да выпадку, не сыстэматычна. У часопісе “Маленькі рыцар Беззаганнай” я стараюся падтрымаць кожны творчы парастак, хоць наша выданьне выходзіць рэдка, толькі чатыры разы на год, ды і, сапраўды, наш “Рыцар…” маленькі з аб’ёму”.

Скобла: “Нядаўна мне давялося сустрэцца з прафэсарам Арнольдам Макміліным – славістам зь Лёндану, які піша кнігу пра сучасную беларускую літаратуру. Дык вось, прафэсар жартам паскардзіўся, што ў пераважнай бальшыні беларускіх пісьменьнікаў звычайныя біяграфіі – вучыўся, працаваў у рэдакцыях, выдаў такія й такія кнігі. А ці павінен творца дбаць яшчэ й пра ўласную біяграфію?”

Жарнасек: “Знарок дбаць пра сваю біяграфію ня трэба. Іншая рэч, творцу трэба жыць цікавым жыцьцём, каб былі і падарожжы, і сустрэчы зь цікавымі людзьмі, каб да ўсяго меў дачыненьне, нераўнадушны быў да праяваў жыцьця. А біяграфію потым напішуць, было б пра што пісаць”.

ІРЫНА ЖАРНАСЕК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

ПРОСЬБА

Сьвяты Арханёле Міхале,

зь мячом гэткім вострым і праведным!

На варце майго народу,

людзей, што людзьмі хочуць звацца

і часта так забываюць,

што быць чалавекам няпроста,

бо сьвіньні часам пануюць рупліва,

што прынялі аднойчы ў Гадары

д’ябла ў свае чэравы...

Сьвяты Арханёле Міхале!

Калі гэткі час настане,

што ня Богу,

а д’яблу мы паклонімся зноў –

не забудзь, Арханёле Міхале,

на меч свой, востры і праведны.

РАЗМОВА З ГАСПАДАРОМ БУЛЬДОГА

«Я таксама ў Бога верыў

да трыццаць дзявятага году,

тады мне было сем гадоў», –

сказаў выпадковы

мой суразмоўца.

Недаравальна кароткаю

была тая наша размова.

Я, як заўсёды ў нядзелю,

сьпяшалася на сьвяткаваньне

Хрыстовага ўваскрасеньня,

А ён

рудога бульдога

выгульваў

блізу дарогі да храму.

Разьбегліся хутка нашы шляхі.

Было тое летась.

Дакорлівай стрэмкаю

засела

тая размова кароткая

ў памяці.

Бо верніца Хрыста Ўваскрослага

не запытала,

шыбуючы ў храм на сустрэчу,

чым

гаспадара рудога бульдога

пакрыўдзіў

у трыццаць дзявятым годзе

наш Бог?

ПЛАКАЛА МАЦІ...

Хлопцы спрачаліся:

няўжо гэткі меткі, няўжо гэткі ўдалы,

што за тры стрэлы пацэліць

у галаву Маці Божай,

па той самай фігуры, што ўпарта,

нібыта маўклівы дакор невядома каму,

засталася надоўга стаяць

на руінах старога касьцёлу?

Ён жа, удалы і сьмелы,

настойваў: пацэлю! Кажу вам — пацэлю!

І... стрэліў.

I сьсек вершаліну бярозкі,

што расла на касьцельнай сьцяне,

захінаючы Маці Божую сваёй кволай засеньню.

Стрэліў яшчэ: ад сцяны адшчапіўся камень

і з грукатам, бы валун-велікан, зрынуўся ўніз,

на друз, пад якім спачывалі мніхі,

што калісьці Імшу справавалі ў гэтым касьцёле.

За трэцім разам пацэліў.

I ад шчасьця сваёй перамогі

не заўважыў сьлязы,

што сьцякла па шчацэ Маці Божай

на пясок, які покрывам тоўстым

засыпаў Яе алтар.

Плакала Маці па дзецях,

а яны шапкі ўгору кідалі,

сьвяткуючы перамогу

над Ёй,

маўклівай і горка-журботнай.

Плакала Маці па дзецях,

аплаквала іхняе заўтра,

якое кудысьці зьнікла,

каб ужо не вярнуцца, напэўна,

да тых, што страляюць метка...

ЛІТПРАЦЭС

ВІКА ТРЭНАС: “НАЙПЕРШ Я ДУМАЮ ПРА ЭСТЭТЫЧНУЮ РОЛЮ ЛІТАРАТУРЫ”

У выдавецтве “Галіяфы” выйшла кніга Вікі Трэнас “Экзыстэнцыйны пэйзаж”. Гэта ўжо другая кніга прадстаўніцы новай хвалі беларускай паэзіі. Яе першы зборнік “Цуд канфіскаванага дзяцінства” выйшаў, калі аўтарцы споўніўся ўсяго 21 год, але яна ўжо была добра вядомая ня толькі ў айчынных літаратурных колах. Вершы Вікі Трэнас перакладаліся на нямецкую, баўгарскую і ангельскую мовы, на яе творчасьць зьвярнуў увагу прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд Макмілін. З маладой паэткай сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Вашу першую кніжку “Цуд канфіскаванага дзяцінства” паэт і літаратурны аглядальнік тыднёвіка “ЛіМ” Леанід Галубовіч назваў “атэстатам паэтычнай сталасьці”. Тое было тры гады таму. Цяпер вашу новую кнігу “Экзыстэнцыйны пэйзаж” Рыгор Барадулін назваў “дыктантам каханьня”. Кніга аздобленая абодвума гэтымі выказваньнямі вядомых творцаў. Ці азначае гэта, што вы баіцеся застацца сам-насам з чытачом і хаваецеся за аўтарытэты?”

Віка Трэнас: “Я не баюся і за імі не хаваюся. Проста для мяне важна атрымаць ня толькі станоўчае, але і адмоўнае меркаваньне пра мае вершы, увогуле, любое меркаваньне. І я ўдзячная і Рыгору Барадуліну, і Леаніду Галубовічу за тое, што яны так многа ўвагі на мяне зьвярталі”.

Аксак: “Дзіва што, на вас зьвярнулі ўвагу ўжо нават у Лёндане – я ведаю, што пра вас піша прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд Макмілін, які дасьледую сучасную беларускую літаратуру. А наогул, хто для вас бясспрэчны аўтарытэт у беларускай літаратуры?”

Трэнас: “Вельмі многія мае старэйшыя калегі, калі я маю права так іх называць, паплечнікі, яны для мяне бясспрэчныя аўтарытэты ў пляне авалоданьня філялёгіяй, вершаванай тэхнікай. Дый увогуле ў самых розных, ня толькі тэхнічных, але і ў маральных каштоўнасьцях, любы малады аўтар павінен арыентавацца на больш старэйшых, на тых людзей, якія маюць вялікі жыцьцёвы і творчы вопыт. Я нават не магу назваць канкрэтных людзей, таму што, у прынцыпе, гэты нейкі агульны інтэлектуальны багаж”.

Аксак: “А цяпер дазволю сабе некалькі цытат з вас: “У кожнай сьняжынцы – працяг нечага верша...”; “Я закідваю цябе вясельна-пахавальнымі вершамі...”; “Шкадую соцень падстрэленых вершаў...”; “Цесна вершам, нібы ў труне, ува мне...” Ваша кніжка стракаціць вершамі пра вершы. Што для вас паэзія? Гульня словаў? Ратунак ад душэўных пакутаў? Спосаб схавацца ад рэчаіснасьці? Ці нешта яшчэ?”

Трэнас: “У першую чаргу – гэта своеасаблівае сьветаўспрыманьне, гэта можа быць не зусім звыклы для шараговага чалавека погляд на самыя простыя зьявы навакольля. Калі казаць агульна, то гэта, напэўна, лад мысьленьня. Для мяне слова – гэта нейкі абсалют, мэтафізычная недасягальная вышыня, і я спрабую яго рассмакаваць, гэты абсалют”.

Аксак: “У вас ёсьць адзін-адзіны чытач, пра якога вы думаеце, калі пішаце?”

Трэнас: “Я б не сказала, што ёсьць канкрэтны чытач. Я яго не магу апісаць, я яго, па шчырасьці, ня бачу. У мяне ёсьць нейкае ўражаньне пра майго чытача менавіта як пра нейкі сацыяльны слой. Паколькі я стараюся часьцей выступаць у гімназіях, школах, унівэрсытэтах, то для мяне склаўся вобраз маіх чытачоў па выніках маіх выступленьняў. Каго я бачу сярод гледачоў у залі, тых я й лічу сваімі чытачамі”.

Аксак: “Вы ня толькі пішаце вершы. Вы яшчэ дбаеце, каб выпушчаныя на волю вершы не загінулі без нагляду. Прытым ня толькі свае. Супрацоўнічаючы з цэлым шэрагам папяровых і інтэрнэт-выданьняў вы ўсяляк прапагандуеце творы маладых беларускіх літаратараў. Цяпер вось узвалілі на сябе значную частку працы ў новым выдавецтве “Галіяфы”. Вы верыце, што ўсе гэтыя высілкі па прапагандзе беларускай паэзіі ня марныя ў сучасным прагматычным і да таго ж зрусыфікаваным беларускім грамадзтве?”

Трэнас: “Мы маглі б тут зладзіць цэлую дыскусію пра тое, наколькі патрэбная і надзённая грамадзкая роля літаратуры, беларускамоўнай літаратуры ў грамадзтве. Што датычыць майго ўдзелу ў праектах па прадстаўленьні дэбютантаў, то я паспрабую патлумачыць. Для мяне і тых людзей, якія заснавалі новае выдавецтва “Галіяфы”, літаратура – гэта нейкі абсалют. І ўвогуле, калі зьвярнуцца да разуменьня актуальнага мастацтва, то, уласна кажучы, актуальнае мастацтва – гэта такая культурная зьява, якая нараджаецца адасоблена ад грамадзкай думкі ў працэсе стварэньня. І літаратура ў ёй – як нейкі вакуум мысьленьня. Спачатку твор нараджаецца ў гэтым вакууме, і пасьля ўжо гэты твор будзе выносіцца рознымі шляхамі праз сродкі масавай інфармацыі на суд чытача. Ці працую я тут на нейкую далёкую матэрыяльную ці ідэйную пэрспэктыву? Калі шчыра сказаць, то не”.

Аксак: “Вы ня думаеце пра сацыяльную ці ідэйную ролю зробленага?”

Трэнас: “Найперш я думаю пра эстэтычную ролю літаратуры. І мне здаецца, што астатнія аспэкты, якія спрабуюць прыпісаць літаратуры і літаратарам, належаць іншым людзям – настаўнікам, журналістам, грамадзкім дзеячам. А вось місія пісьменьніка, і я ў гэтым абсалютна перакананая, – пісаць. І калі ты можаш пісаць больш-менш якасна, калі ты імкнесься да гэтай якасьці, то гэты твор сам па сабе будзе каштоўны для літаратуры ў агульным сэнсе. Ствараць якасныя тэксты – гэта, я думаю, галоўная прафэсія любога пісьменьніка”.

КРЫТЫКА

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ. АДВЕДЗЕНЫ ШЛЯХ ТРЭБА ПРАЙСЬЦІ ДА КАНЦА

Анатоль Кудравец. Разьвітаньне: Аповесьць. Дзеяслоў. 2008. №1(32).


Анатоль Сідарэвіч

Сьмяротна хворы чалавек, якога зваць Адамам, едзе на сваёй “Ніве” ў Слуцак, дзе пачыналася яго самастойнае жыцьцё, дзе ён вучыўся ў пэдагагічным вучылішчы і дзе ён першы раз пакахаў. На дарозе адбываецца аварыя, катастрофа. Не, дарожна-транспартнае здарэньне адбываецца не з Адамам. Адам пад’ехаў да таго месца, дзе яно адбылося, post factum. “Усё было проста: чалавек бег цераз шашу на другі бок дарогі. “Газік” выскачыў з-за павароту, насустрач яму ішоў “МАЗ” з прычэпам, справа на траве стаяў трактар. “Газік” мог ці ўрэзацца ў трактар, ці ў лоб “МАЗу”, ці праскочыць у шчыліну паміж імі. Ён так і пайшоў. І тут з-за трактара выскачыў гэты чалавек. Цяпер ён ляжаў распластаны, галавой на белай паласе асявой лініі”.

Увечары Адам вяртаецца са Слуцка і пад’яжджае да месца здарэньня. “Шаша была як падмеценая, і нішто не нагадвала пра тое, што тут адбылося раніцой. Толькі там, дзе ляжаў зьбіты чалавек, засталася цёмная пляма. Пройдзе дождж – ня стане і яе”.

Ведаючы, што такое мэтафара, мы скажам, што дарога сымбалізуе тут жыцьцё. Чалавек хацеў з аднаго боку дарогі перабегчы на другі і загінуў якраз пасярод яе, на асявой лініі. А можна рухацца па дарозе і ўдоўжкі. Вось раніцай Адам бачыў чалавека; вяртаючыся назад, убачыў толькі сьлед ад яго – цёмную пляму. Але хутка і гэтага сьледу не застанецца.

Адам вырашыў прайсьціся па сьцежках свайго раньняга юнацтва. Але сьцежкі ўжо ня тыя, бо мяняюцца і яны самі, мяняецца і наш зрок і погляд. І зьнікаюць людзі, якіх мы сустракалі на гэтых сьцежках. Нешта страчваецца беззваротна, не пакідаючы па сабе сьледу. Непазнавальны вакзал, ад старога ў ім засталіся толькі дзьве лаўкі зь літарамі “МПС”. Даўно няма пэдагагічнага вучылішча – ёсьць мэдыцынскае. У тым доме, дзе Адам кватараваў на пачатку сваёй вучобы, – новыя гаспадары. І там, дзе віселі патрэты цёткі Шуры і дзядзькі Грышы, вісеў партрэт маладога незнаёмага Адаму чалавека. Інтэрнат на вуліцы Вечаркевіча паўстаў перад Адамам як “нешта шэрае, недагледжанае, раскірэчанае” з пазабіванымі вокамі. Адны настаўнікі памерлі, а сустрэча зь іншымі, як з Бэртай Сямёнаўнай, ня радавала. Гледзячы на старую хворую жанчыну, якая ледзь стаяла на нагах і не пазнавала яго, Адам з горыччу думаў: “Якая ўсё-такі прырода жорсткая! Спачатку дае чалавеку ўсяго зь пераборам, а пасьля сама ж усё бязьлітасна і разбурае...”

У раскладзе ягонай разьвітальнай паездкі ў Слуцак стаяла й сустрэча зь Нінай, аднакашніцай, якую ён кахаў першым нясьмелым каханьнем.

“І што ўбачыў?” – пытаецца ў яго Ніна, пачуўшы ад Адама, дзе ён пабываў. І чуе адказ: – Ніколі ня трэба вяртацца ў сады сваёй маладосьці. Хай растуць, як расьлі некалі. Час ня робіць іх прыгажэйшымі”.

Я тут напісаў бы: “Хай растуць бяз нас”. У свой час мы пакінулі гэтыя сады, і вяртацца ў іх – адно вярэдзіць раны. Яшчэ што ці хто застаецца ў нас і для нас – гэта старыя таварышы, аднакашнікі. Зь імі трэба разьвітацца. Адам ня кажа Ніне, што прыехаў зь ёю разьвітацца назаўсёды. Ён ужывае вобраз паліта. “Сумна расставацца са старым паліто, якое доўга насіў...” – кажа ён у першыя хвіліны сустрэчы зь Нінаю. А калі пасьля адведваньня магілы выкладчыка гісторыі Ніна нагадала яму пра гэтае паліто, Адам прамовіў: “Праўда, сумна разьвітвацца. Але трэба”.

На тым зваротным шляху са Слуцка Адам збочыў з дарогі адпачыць. У “бардачку” сваёй “Нівы” ён убачыў сьцізорык у пэрлямутравых тронках, падарунак бацькі аднаго зь ягоных вучняў. Востры, як брытва, ножык. “Адам падвёў да шыі сьцізорык, націснуў на выступ. Ля вуха шчоўкнула...”

У такіх выпадках згадваюцца словы Льва Шастова: “Няма неабходнасьці жыць зь неабходнасьцю”. Словы – апраўданьне самазабойства: усё роўна чалавека чакае – як неабходнасьць – сьмерць, але чалавек – гаспадар свайго жыцьця, і ён сам мае свабоду выбраць час і спосаб адыходу з гэтага сьвету.

Што б там ні пісаў філёзаф, ніхто ня ведае свайго прызначэньня на зямлі, Боскай задумы пра кожнага з нас. Даецца ж на нешта і дзеля нечага нам жыцьцё... І мажліва, што сэнс нашага прызначэньня раскрыецца нам у самым канцы.

Сьмяротна хворы, Адам не прысьпешыў сваю сьмерць.

“Аднекуль ззаду даносіўся глухі роўны гул. То падавала голас шаша. Ня надта ж далёка ён уцёк. Трэба ехаць...”

Адам выедзе на шашу, каб прадоўжыць падарожжа. Адведзены шлях трэба праехаць, прайсьці да канца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG