Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Хамайда: “Пабілі брата — хацелі адпомсьціць мне”


Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда паведаміў, што на ягонага брата Вячаслава быў зьдзейсьнены напад. Ён не выключае, што такім чынам рэалізавалі свае даўнія пагрозы прыхільнікі прафашыстоўскай арганізацыі “Русское Национальное Единство”.


Паводле апісаньня Вячаслава Хамайды, малады хлапец гадоў пад дваццаць напаў на яго па дарозе зь лецішча: зьбіваў нагамі, да крыві разьбіў твар, і ўсё гэта моўчкі, безь ніякіх тлумачэньняў. У аддзеле міліцыі Віцебскага раёну паводле гэтага факту ўзбуджаная крымінальная справа.

Барыс Хамайда згадаў, што ўвосень мінулага году невядомыя хуліганы падобным чынам зьбілі 18-гадовага сына віцебскага сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава. Напярэдадні той падзеі спадары Хамайда і Дзяржаўцаў, а таксама яшчэ двое сябраў КХП БНФ Ян Таўпыга і Сяргей Каваленка атрымалі ліст з пагрозамі ад імя віцебскай філіі “РНЕ”.

Пасьля таго Барыс Хамайда атрымаў яшчэ адзін ліст з пагрозамі, дзе ад імя віцебскай філіі “РНЕ” яго абяцалі пакараць за распаўсюд незалежнай газэты “Курьер из Витебска”. Спадар Хамайда лічыць верагодным, што зьбіцьцё брата — гэта рэалізацыя пагрозаў або спроба запалохаць яго самога за апазыцыйную дзейнасьць.

Лісты ад імя “РНЕ” дасылаліся віцебскім актывістам неаднаразова. Звароты ў міліцыю і КДБ нічога не далі: у пісьмовых адказах з праваахоўных органаў ім пісалі, што “РНЕ” — не зарэгістраваная ў Рэспубліцы Беларусь арганізацыя, і таму знайсьці яе сяброў ці прыхільнікаў немагчыма.

Радыё Свабода, Віцебск

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG