Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер-міністар Літвы на беларускай "Свабодзе"


Прэм'ер-міністар Літоўскай Рэспублікі Гядзімінас Кіркілас, які знаходзіцца зь візытам у Чэхіі, у чацьвер быў госьцем Беларускай службы Радыё Свабода.

Спадар Кіркілас падчас свайго наведаньня Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа правёў паўгадзіны ў Беларускай службе і адказаў на пытаньні “Свабоды”:

Шупа: Што для Вас як для літоўца значыць Беларусь?

Кіркілас: Беларусь – наша суседка, мне самому ня раз даводзілася там быць. Гэта гістарычна нам вельмі прыязная дзяржава, Літве ніколі ня мела ніякіх спрэчак зь Беларусьсю. І цяпер Літва вельмі перажывае за Беларусь, за яе будучыню, за агульную сытуацыю, і мы дапамагаем чым можам. Мы ня толькі маем агульную вялікую гісторыю, мы маем шмат агульных дзеячоў культуры, з самой Беларусі паходзіць шмат мастакоў. Мы ведаем адны адных, перакладзена шмат літаратурных твораў. Сёньня для нас Беларусь – гэта суседка, якой мы хацелі б дапамагчы.

Шупа: А зараз самае балючае пытаньне – пра візы для грамадзянаў Беларусі. Паміж Літвой і Беларусьсю апошнім часам вырасла мяжа, якой яшчэ не было ў гісторыі гэтых дзьвюх краінаў. Ці Літва можа і ці плянуе нешта зрабіць, каб дапамагчы беларусам у гэтай праблеме і зьнізіць кошты візаў?

Гядзімінас Кіркілас і Аляксандар Лукашук

Кіркілас
: Сапраўды так, і гэта нас вельмі непакоіць. Літва ўвесь час узьнімае гэтае пытаньне і ў Эўракамісіі і ўнутры Эўразьвязу. Гэта пытаньне, якое не зьнікае з майго парадку дня. Мы ставім пытаньне так: ці мы цяпер мусім адгарадзіць Беларусь ад Эўропы 60-эўравай мяжой, або мы можам мець аблегчаны візавы рэжым? І першае, што мы робім – мы зьбіраемся аблегчыць візавы рэжым паасобным групам, перадусім жыхарам памежжа, нашым суседзям, асабліва тым, хто мае ў Літве родных, а таксама студэнтам. І, вядома, разам з тым мы хочам, каб цана была зьніжаная. Бо, на мой погляд, віза – гэта толькі дакумэнт, які кантралюе ўезд людзей у Шэнгенскую зону і выезд зь яе – Літва цяпер у Шэнгенскай зоне, і мы мусім трымацца агульных правілаў. Я веру, што мы здолеем пераканаць Эўракамісію і ўсе шэнгенскія краіны – бо яны цяпер, на пачатку, даволі падазрона глядзяць на новых удзельнікаў Шэнгенскай зоны – пераканаць іх, што віза павінна каштаваць не 60 эўра, а, скажам, 5 эўра, проста каб фіксаваць, што такія дакумэнты выдаюцца і што яны ёсьць. У будучыні, калі зьменіцца сытуацыя ў Беларусі, ясна, будзе бязьвізавы рэжым – я ў гэтым не сумняваюся. Але на сёньня наш урад прагматычна імкнецца, па-першае, спрасьціць візавы рэжым для некаторых групаў, атрымаць дазвол на выдачы доўгатэрміновых візаў большай колькасьці людзей, і, па-трэцяе, прынцыпова зрабіць візы таньнейшымі.

Шупа: Шмат літоўцаў выяжджае працаваць за мяжу, таму ў самой Літве можа адчувацца нястача працоўнай сілы. Ці не плянуецца для вырашэньня гэтай праблемы адчыніць дзьверы для легальнай працоўнай міграцыі зь Беларусі?

Кіркілас: У нас ужо не хапае працоўнай сілы – з розных прычынаў, ня толькі таму, што людзі выяжджаюць, але й таму, што вельмі хутка разьвіваецца эканоміка – вось яшчэ адна прычына. Наша, напрыклад, Канфэдэрацыя прамыслоўцаў, нашыя прадпрымальнікі просяць гэта зрабіць. Зусім нядаўна наш урад прыняў закон, які мы ўжо паслалі ў Сойм, якраз у справе вырашэньня гэтага пытаньня – каб беларусы маглі даўжэйшы час легальна працаваць у Літве. Я думаю, што й нашы прадпрымальнікі вельмі пазытыўна глядзяць на гэта, бо беларусы – людзі кваліфікаваныя, працуюць вельмі добра – я ўжо бачыў некалькі такіх групаў у Клайпедзе, мы сустракаліся, і ўсе прадпрымальнікі, што там былі, сказалі, што сапраўды хацелі б, і, дарэчы, перадусім – бо гаворка ідзе і пра іншыя краіны – перадусім казалі пра Беларусь. Так што ў інтарэсах нашага ўраду – максымальна спрасьціць і жыцьцё і ўсю візавую сыстэму для тых беларускіх людзей, якія хацелі б прыехаць у Літву папрацаваць

Шупа: У Беларусі прынята рашэньне аб пабудове атамнай электрастанцыі. І гэтага шмат хто ў Беларусі баіцца. Тым часам Літва плянуе збудаваць новую АЭС побач зь цяперашняй Ігналінскай. Чым Вы аргумэнтуеце такі энэргетычны выбар Літвы і як бы Вы маглі супакоіць жыхароў Беларусі – бо на мяжы ўзьнікне яшчэ адна АЭС?


Кіркілас
: Ну, усё залежыць ад тэхналёгіі. На сёньня Літва рыхтуецца пабудаваць тэхналягічна новую АЭС, якая будзе нашмат больш бясьпечная, чым папярэдняя гэтак званага “чарнобыльскага тыпу”. Я ня ведаю, якога тыпу АЭС рыхтуецца будаваць Беларусь – калі будзе нагода, я бліжэйшым часам сустрэнуся зь беларускім кіраўніцтвам, пра гэта мы ўжо гаварылі зь імі і летась. Супакоіць можна тым, што мы якраз цяпер робім ацэнку ўзьдзеяньня на прыроду і, вядома, дзелімся гэтай інфармацыяй зь Беларусьсю – Беларусь будзе мець найпаўнейшую інфармацыю, дзеля гэтага мне давядзецца сустрэцца і зь беларускім прэм'ерам. Мы будуем паводле значна больш бясьпечнай тэхналёгіі, якая практычна ня можа мець такіх наступстваў, як некалі было ў Чарнобылі, ад чаго вельмі пацярпела Беларусь. Гэта для нас неабходна, бо Літва мае зачыніць старыя рэактары і гэта плюс і для Беларусі таксама, а новыя рэактары будуць зусім іншага тыпу, яны будуць бясьпечныя, і я думаю – некаторыя вашы кіраўнікі і палітыкі ўжо ўзьнімалі гэтае пытаньне – што можа нават і беларускія грамадзяне маглі б удзельнічаць у пабудове нашай АЭС. І тут ня толькі Літва, бо вы ведаеце, што Латвія і Польшча таксама будуюць – нам трэба будзе вырашаць разам і ў найбліжэйшым часе мы вырашым каго запрасіць, бо, ясна, пабудова запатрабуе шмат працоўнай сілы, ёсьць прапановы зь іншых краінаў, але я думаю, што найперш у нашых інтарэсах было б супрацоўнічаць у гэтай галіне зь Беларусьсю.

Шупа: Ці мае Літва адмысловы рэцэпт у справе аслабленьня напружанасьці паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам?


Кіркілас
: Ну, найперш трэба адкрыцца. Трэба больш адкрыцца, трэба не баяцца кантактаў з рознымі інстытуцыямі Эўразьвязу – я ня думаю, што яны маюць за мэту ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Адкрыцца проста неабходна. Не дзеля палітыкі – сёньня ніякая краіна, ніякая эканоміка ня можа выжыць, не адкрыўшыся перад іншымі краінамі. Уся эканоміка глябалізуецца, калі не сказаць, што яна ўжо глябалізаваная, тая самая энэргетыка, пра якую мы гаварылі. Без супрацоўніцтва, без адкрытасьці ніхто ня зможа выжыць. Так што гэта – асноўны рэцэпт – як мага больш адкрыцца перад Эўропай, найперш перад сваімі суседзямі, асабліва перад Літвой. Ёсьць і прапановы ад розных арганізацыяў, розных міжнародных інстытуцыяў – я ня раз чуў прапановы іх кіраўнікоў на адрас Беларусі. На мой погляд, яны вельмі памяркоўныя і ахапляюць толькі правы чалавека і некаторыя іншыя тэмы. Таму я думаю, што калі б гэтыя крокі былі зробленыя, гэта пайшло б на карысьць перш за ўсё беларускаму грамадзтву і беларускаму народу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG