Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За чатыры месяцы гэтага года прадукты падаражэлі на 5,1%. Урад адмаўляецца стрымліваць рост цэнаў на харчы.Тэма дня.


Гарадзенец Раман Юргель вельмі заклапочаны апошнім ростам цэнаў на харчы, зарабляе ён няшмат, пасьля ўсіх выплатаў застаецца яшчэ менш грошай.

Юргель: “І атрымліваецца трыста сорак тысяч на рукі ўсяго. І як пражыць за такія грошы? А ў краму ходзіш па хлеб, малако празь дзень, то глядзіш: новыя кошты, новыя цэньнікі — на сто рублёў, на пяцьдзясят, а што — на дзьвесьце. Але пра гэта нідзе не гаворыцца, пра гэта ня піша “Гродзенская праўда”, іншыя газэты — што цэны кожны тыдзень-два ўверх падымаюцца. Да людзей гэтая інфармацыя не даводзіцца ўладамі, каб людзі не бянтэжыліся і не хадзілі пад аблвыканкам з плякатамі — падвысіць заробкі і панізіць цэны”.

Карэспандэнт: “А калі цэны на харчовыя прадукты напраўду адпусьцяць на свабоду?”

Юргель: “Якое адчуваньне? Людзі ў Беларусі талерантныя і памяркоўныя, яны на плошчу ня выйдуць, як у тым Варонежы. Ні бабулькі, ні дзядулі — ніхто ня выйдзе. Людзі будуць выжываць, як усе беларусы: паедуць на вёску, возьмуць дзьве лішнія соткі, бульбу пасадзяць”.

А вось што думае на конт падвышэньня кошту харчоў адзін з гарадзенскіх пэнсіянэраў:

Пэнсыянэр: “Гэта вельмі хваравіта адбіваецца і на псыхалёгіі, а больш за ўсё — на кішэні. Вядома, што пэнсіі нашы ня так растуць, як цэны ў магазыне. Я не ў захапленьні ад гэтага, але крычаць, што ўсё, галадуха, — мы ж так ня скажам. Усё, лапкі складаць? Можа, усё яшчэ ўладкуецца? Вось ільготы хоць на дачу далі трошкі, а то праехаць нельга было, хто на аўтобусе. Бо выкладай, разумееш, добры кавалак грошай”.

Ці будуць прадугледжаныя нейкія кампэнсацыі для маламаёмных грамадзянаў з увагі на магчымы новы рост цэнаў? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся ў цэнтар сацыяльнай абароны насельніцтва Ленінскага раёну Горадні.

Спадарыня: “Цераз нас яшчэ пакуль ніякія гэтыя пытаньні не вырашаліся і даручэньняў ніякіх не давалася. У нас ужо толькі тое, што рэальна ёсьць: адрасная сацыяльная дапамога, ёсьць дапамога ў выглядзе дзіцячага бясплатнага харчаваньня дзецям да двух гадоў”.

Хто рэальна можа разьлічваць на такую дапамогу?

Спадарыня: “На гэта можа разьлічваць любы чалавек, у сям’і якога даходы не перавышаюць бюджэту пражытковага мінімуму на кожнага чалавека. Сёньня бюджэт пражытковага мінімуму, па-мойму, 209 тысяч 680 рублёў. Усе катэгорыі грамадзянаў, у якіх даходы не адпавядаюць гэтай суме, могуць зьвярнуцца ва ўпраўленьне сацыяльнай абароны дзеля прызначэньня адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі”.

"Нашы прадукты значна даражэйшыя, чым у Літве ці Польшчы"

Цяпер беларускія вытворцы актыўна шукаюць магчымасьці выхаду на расейскі рынак. У абыход жорсткіх адміністратыўных нормаў туды намагаюцца скіраваць перадусім “малочныя рэкі” і мясную прадукцыю. Аднак, як кажа Аляксандар Ярашук, былы першы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму, які шмат гадоў адпрацаваў у аграпрамысловым комплексе, такія высілкі ня маюць асаблівага плёну. А спробы паставіць прадуктовы асартымэнт пад дзяржаўны кантроль тлумачыць так: дарагую беларускую прадукцыю немагчыма прадаць дзесьці яшчэ, апроч як у Беларусі:

“Сёньня нашае масла, нашыя сыры проста неканкурэнтаздольныя. Для таго, каб яны знаходзілі сабе месца на паліцах, трэба вытворчасьць датаваць. Вось і ўвесь адказ на пытаньне – каму найперш выгодна, каб прадавалі мясцовую прадукцыю? І калі размова такім чынам вядзецца, што зараз шалёныя кошты на ўсясьветных рынках, дык яны і ў нас шалёныя. Як быццам у нас тут нейкі аазыс, ледзьве не бясплатна ўсё атрымліваеца. Мы ж цудоўна ведаем: зараз наша малочная прадукцыя, і асабліва мясныя прадукты, значна даражэйшыя, чым у той жа Літве ці Польшчы. Таму разважаць пра тое, што ёсьць магчымасьць усё замяніць мясцовым асартымэнтам, нават не выпадае.

Гэта як рака, якая заўсёды цячэ туды, дзе ніжэй. Так і тут: дзе лепш, туды і імкнуцца гэтыя патокі, той жа малочнай і мясной прадукцыі. Але калі гаворку весьці пра прадукты, якія вырабляюцца з малочнай, зь мясной сыравіны, то вялікае яшчэ пытаньне – рэнтабэльны ў маштабах дзяржавы расейскі вэктар, выгодна гэта для нас ці не? Бо ў нас прадукцыя сельскагаспадарчая і прадукцыя сельскагаспадарчай перапрацоўкі вельмі сур’ёзна датуецца. Можна гаварыць у гэтым выпадку, што за кошт нашага бюджэту, за кошт нашага грамадзтва ў канчатковым выніку ўсё гэта субсідзіруецца для расейскіх спажыўцоў. Таму тыя 2 мільярды даляраў, якія апошнімі гадамі атрымлівалі сельгасвытворцы і ў цэлым АПК, яны ў канчатковым выпадку пераразьмяркоўваюцца, калі гаворка ідзе пра тое, што мы прадукцыю ўжо перапрацаваную, малочную, прадаём на расейскія рынкі”.

А.Кабякоў "У нас тавары таньней, чым у суседзяў"

Віце-прэм’ер ураду Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што ўрад будзе кампэнсаваць інфляцыю падвышэньнем заробку.

Учора ён так патлумачыў журналістам палітыку ўраду ў справе барацьбы з інфляцыяй:

“У нас зь інфляцыяй было б ўсё нармальна. Але справа ў тым, што мы ня можам проста назіраць за тым, што адбываецца вакол нас. Калі мы зробім цэнавы аазіс на тэрыторыі нашай дзяржавы, дык мы можам атрымаць у адказ дэфіцытны рынак па цэлай катэгорыі тавараў. Яны ў нас ужо каштуюць у 2—2,5 разы таньней, чым у нашых суседзяў”.

У Беларусі працягваецца рост цэнаў на харчовыя тавары.

Паводле міністэрства статыстыкі і аналізу, індэкс коштаў на харчовыя тавары ў студзені-красавіку параўнальна са сьнежнем 2007 года ўзрос на 5,1%.

У красавіку гэтага года параўнальна з сакавіком кошты на харчовыя тавары ў целым павялічыліся на 1,8%.

Найбольш падняліся цэны на гародніну: ажно на 20%. Пры гэтым морква стала даражэй на 30,8%, а буракі на 34,2%. Садавіна падаражэла на 5,3%. Да прыкладу, цана на яблыкі паднялася на 6%, а на цытрусавыя на 6,9%.

Макаронныя вырабы падаражэлі на 4,1%, сьвініна на 2,1%.

Паводле Менскага гарадзкога ўпраўленьня статыстыкі, цэны на харчовыя тавары ў Менску за студзень-красавік 2008 года павялічыліся ў сярэднім на 18,2% параўнальна з такім жа пэрыядам 2007 года. Да прыкладу цэны на алей падняліся на 88,8%, на макаронныя вырабы — на 30,2%, на сьметанковае масла — на 30,1%, на малако і молочныя прадукты — на 28,7%, на сыры — на 23,1%. Падаражэлі таксама й іншыя харчы – крупы, пшанічная мука, каўбасы, куры і яйкі. Стала даражэйшай нават бульба - на 5,5%. Садавіна ў Менску падаражэла на 45%.

Таксама растуць цэны і на нехарчовыя тавары. У Менску за студзень-красавік 2008 года, параўнальна з аналягічным пэрыядам мінулага года, яны падаражэлі на 6,3%. Да прыкладу, бэнзін стаў даражэй на на 14,5%.

Вырасьлі й цэны на платныя паслугі, а таксама на прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG