Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магдэбурская Гародня” трапіла да чытачоў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ўвечары ў Горадні адбылася прэзэнтацыя кнігі “Магдэбурская Гародня”. Яе напісаў Юры Гардзееў — доктар гісторыі, ад’юнкт Інстытуту Расеі і Ўсходняй Эўропы Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. На прэзэнтацыю прыйшлі некалькі дзясяткаў чытачоў, некаторыя куплялі адразу па некалькі кніг. “Магдэбурская Гародня” мае 383 старонкі павялічанага фармату, ёю запачаткавана “Гарадзенская бібліятэка”, якую заснаваў рух “За свабоду”.


Карэспандэнт: “На прэзэнтацыі выступіў кіраўнік Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, пад патранатам якога выйшла кніга”.

Мілінкевіч: “Я многа ежджу па краіне цяпер, і людзі пытаюцца — а вы адкуль? І калі пачуюць, што з Горадні, паўсюдна — павага. Так ёсьць. Я лічу, што без такіх кніжак, без такой інфармацыі наступныя пакаленьні ня змогуць ніколі так любіць гэты цудоўны горад …”

Карэспандэнт: “Пытаньне да аўтара — Юрыя Гардзеева: я думаю, што Вашая кніга —мара для многіх сёньняшніх гарадзенцаў. Вам удалося высьветліць —хто для гарадзенцаў калісьці пёк хлеб, хто варыў піва, хто рабіў каўбасы або лавіў рыбу. Што вы адчувалі, калі знайшлі імёны гэтых людзей, прозьвішчы і — дзе і калі яны жылі?”

Гардзееў: “Я адчуваў, што і мы жывем такім самым жыцьцём — кожны з нас нешта робіць, як вы сказалі, нехта варыць піва, хтосьці пячэ тыя самыя булкі, хтосьці зьяўляецца настаўнікам ці доктарам. Я адчуваў, што горад калісьці жыў і што наш горад папросту напаўзабыты”.

Карэспандэнт: “Калі Вы знайшлі зьвесткі пра ўражаньні падарожнікаў, якія спыняліся ў Горадні, і якія напісалі пра брудныя корчмы, заезды, вуліцы, яшчэ каралева Бона заўважыла, што крыніцу на цэнтральным пляцы загадзілі, крыўдна было?”

Гардзееў: “Крыўдна не было. Такой была рэчаіснасьць усіх эўрапейскіх гарадоў. Калі я размаўляў, напрыклад, з гісторыкамі ў Польшчы, яны казалі, што такая сытуацыя таксама была і там. І ў 16-м, і ў 17-м, і ў 18-м стагодзьдзях: небрукаваныя вуліцы, сьмецьце, драўляная хаатычная забудова. Гэта была ўласьцівасьць ня толькі нашага гораду і нашай краіны, а ўсёй Эўропы”.

Карэспандэнт: “Вы павялічылі гравюры, разгледзелі ўсё, што там было з лупай, нават знайшлі шыбеніцу. Ці не ўзьнікла тады мары апынуцца ў тым сярэдневечным горадзе, дзе былі няісныя сёньня камяніцы, ратуша з гадзіньнікам?”

Гардзееў: “Вы трапілі ў дзясятку, таму што кожны гісторык, які піша, ён хоча трапіць у атмасфэру тых часоў. Я проста сабе уяўляў, як гэта магло выглядаць: горад падчас соймаў, кірмашоў, штодзённае жыцьцё гараджанаў, канечне, гэта вельмі цікава. Мы павінны праводзіць рэканструкцыю нашай гісторыі, каб наблізіць нас менавіта да сваёй гісторыі”.

На здымках: Юры Гардзееў; Аляксандар Мілінкевіч гаворыць уступнае слова



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG