Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль два месяцы ў Беларусь не імпартуецца алькаголь.


На паліцах крамаў засталося тое, што завезьлі ў краіну летась і цягам першага кварталу 2008 году. Дэфіцыт, які адчуваецца ўсё больш, спараджае імклівы рост цэнаў. Так, каньякі і віскі, паводле розных падлікаў, у параўнаньні зь мінулым годам ужо падаражэлі на 80%. Аналягічная сытуацыя зь вінамі. Прычына такога становішча ў тым, што створаная згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Андрэя Кабякова мелася назваць імпартэраў вінна-гарэлачнай прадукцыі да 15 красавіка. Аднак яны дагэтуль не вызначаныя.

Конкурс на вызначэньне юрыдычных асобаў, якія атрымаюць выключнае права на ўвоз алькаголю, быў абвешчаны 1 красавіка. Ад таго часу імпарт алькагольных напояў у Беларусь прыпынены. Прыём заявак скончыўся праз тыдзень, і плянавалася, што вынікі будуць абвешчаныя 15 красавіка. Аднак пазьней гэта адклалі на няпэўны час.

Начальніца ўпраўленьня арганізацыі спажывецкага гандлю Міністэрства гандлю Любоў Язэпчык толькі паведаміла, што міжведамасная камісія яшчэ працуе. Калі будуць названыя пераможцы конкурсу, чыноўніца ня ведае. З усімі пытаньнямі яна параіла зьвяртацца да віцэ-прэм'ера Кабякова.

Імпартэраў алькаголю распалавінілі?

Дагэтуль увозам імпартнага алькаголю ў Беларусь займаліся 30 кампаній. Колькі іх застанецца ў выніку — пакуль невядома. Але чыноўнікі ў прыватных размовах кажуць: нібыта ўжо вызначана 14 фірмаў, якія будуць пастаўляць прадукцыю з-за мяжы. Тым часам як суб'ектаў гаспадараньня, якія падалі дакумэнты на конкурс -- 31.

Адзін з магчымых пастаўшчыкоў імпартнага алькаголю — менскі гарэлачны завод “Крышталь”. Якім чынам “Крышталь” будзе імпартаваць гарэлку? Спрабую гэта высьветліць у аддзеле зьнешнеэканамічнай дзейнасьці прадпрыемства:

“Прабачце, але я на гэтую тэму размаўляць з вамі не ўпаўнаважаная. І ўвогуле ня ведаю, хто ў нас возьмецца ацэньваць эканамічную сытуацыю па краіне — на руку гэта мясцовым вытворцам алькаголю ці не”.

Эканамісты не выключаюць, што ў выніку можа дакладна паўтарыцца сытуацыя з тытунёвым рынкам. Цяпер толькі адна гандлёвая фірма — “Беларусьгандаль”, падначаленая Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта, а таксама два вытворцы цыгарэтаў у Беларусі могуць завозіць цыгарэты з-за мяжы. Заявы астатніх канкурсантаў не задаволілі.

Сяргей Дайнэка, дырэктар прадпрыемства «БелПі», якое вырабляе, сярод іншага, і настойку “Крамбамбуля”, так ацэньвае цяперашні стан алькагольнага рынку:

“Калі гэта тычыцца такіх напояў, як гарэлка белая, то ня так шмат яе завозілі. Хіба гэта тычыцца толькі такіх вядомых брэндаў, як “Абсалют”, “Фінляндыя”. А што да віна, каньяку, то, безумоўна, спажыўцы ўжо ўбачылі: замежнае віно невысокага кошту зьнікла. Зараз на паліцах што стаіць? Па 30 тысяч рублёў за бутэльку і болей. Калі раней можна было набыць яшчэ і кіпрскае віно ў літровых пакетах за 10 тысяч рублёў, то зараз засталося найдаражэйшае — францускае, італьянскае. Таксама і віскі, каньякі: “Хэнэсі” яшчэ стаіць, а што было таньнейшае, таго ўжо няма. На жаль, гэта тычыцца тых гатункаў, якія нашыя прадпрыемствы ўвогуле не вырабляюць. Ёсьць беларускае віно, але ж тое, што сёньня ёсьць на паліцах, насамрэч зь вінаматэрыялу чылійскага, румынскага”.

На рынку застануцца толькі дзяржаўныя кампаніі?

Чаму імпартэраў урадавыя чыноўнікі выбіраюць так доўга? Эканаміст Васіль Шлындзінкаў перакананы, што тут адна мэта — не пакінуць у сьпісе выпадковых людзей. Алькагольны бізнэс — надзвычай прыбытковы, і мець доступ да імпарту хацелі б многія. Алькаголь —высокапрыбытковы падакцызны тавар. З гэтай нагоды ў Міністэрстве гандлю неаднойчы заяўлялі, што было б рацыянальна, каб імпартэр алькаголю быў “цалкам дзяржаўным прадпрыемствам”:

“Тут ніякага сумневу няма. Уласна кажучы, краіна разьвіваецца па лацінаамэрыканскім узоры. Хто ва ўладзе ці набліжаны да ўлады — у іх і бізнэс. Усе астатнія — на пэрыфэрыі эканомікі. Гэтым — крошкі з панскага стала. Гэта тыповы лацінаамэрыканскі шлях разьвіцьця. Але мы ведаем і вынікі гэтага шляху: па ўзроўні жыцьця як былі беднымі, так і засталіся беднымі. Толькі невялікая купка багатых, усе астатнія — бедната. Атрымліваецца, што і наш лёс такі. Паціху падбіраюцца ўсе патокі, якія толькі можна падабраць, усе — пачынаючы ад нафты і сканчаючы, як у дадзеным выпадку, гарэлкай”.

Дырэктар прадпрыемства “Бел Пі” Сяргей Дайнэка перакананы: як толькі сьпіс імпартэраў будзе абвешчаны, паліцы крамаў зноў запоўняцца. Бо фірмы будуць самі зацікаўленыя зарабляць грошы:

“Ну безумоўна, калі будуць абвешчаныя сьпісы, будуць абвешчаныя квоты, яны ж пачнуць увозіць. Але пераліку яшчэ няма. І што датычыцца асартымэнту, то, безумоўна, ён робіцца сьціплейшы. Вельмі складана, бо хто меў раней набыць тут, то сёньня толькі з-за мяжы прывозіць. Цяпер жа ў крамах ёсьць толькі тое, што было завезена ў тым годзе і цягам першага кварталу 2008-га. То бок рэшткі ад лепшых часоў. Але спадзяюся, як толькі будзе зацьверджаны сьпіс гэтых фірмаў, яны павінны пачаць працаваць. Бо ўсе намагаліся атрымаць дазвол, каб дзейнічаць, правільна? Але тое, што я набываў, дык яно ўжо ў тым годзе зьнікла. Трэба пераарыентоўвацца — купляць моцнае беларускае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG