Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сёньня пачаўся беларуска-літоўскі ўрадавы эканамічны форум, чацьверты па ліку. “У нас зь Літвой ідзе двухбаковы стваральны працэс. І аснова з асноваў у ім — эканоміка,” — сказаў журналістам перад пачаткам форуму беларускі амбасадар у Літве Ўладзімер Дражын. А кіраўнік літоўскай дэлегацыі, віцэ-міністар гаспадаркі Вітаўтас Наўдужас, сьцьвердзіў, што эканамічныя дачыненьні паміж абедзьвюма краінамі могуць дапамагчы пабудаваць мост паміж Захадам і СНД.

Абодва ўрадоўцы адмовіліся гаварыць пра палітыку, у прыватнасьці, пра амэрыканскія эканамічныя санкцыі супроць Беларусі, якія апошнім часам спарадзілі востры дыпляматычны канфлікт між Менскам і Вашынгтонам. Тым ня менш, палітычны падтэкст правядзеньня такога форуму напрошваецца сам сабою, прынамсі ў якасьці тэмы для камэнтару. Тым больш, што Літва зьяўляецца сябрам Эўрапейскага Зьвязу, а ў дачыненьні больш чым да трох дзясяткаў вышэйшых службоўцаў Беларусі дзейнічае забарона на ўезд у краіны ЭЗ.

Ці за пашыраным эканамічным супрацоўніцтвам Беларусі з адным зь сяброў Эўрапейскага Зьвязу ня можа наступіць і палітычнае пацяпленьне? Гэта зусім ня выключана, калі мець на ўвазе пазыцыю ЭЗ ў адносінах да яшчэ аднаго парушальніка правоў чалавека і нормаў эўрапейскага палітычнага жыцьця — Узбэкістану.

Пасьля расстрэлу ўзбэцкіх дэманстрантаў урадавымі сіламі ў Андыжане ў траўні 2005 г. Эўразьвяз увёў санкцыі супроць Узбэкістану — забараніў краінам ЭЗ гандляваць зброяй з Ташкентам і наклаў забарону на выдачу візаў некаторым узбэцкім урадоўцам. Адным з асноўных эўрапейскіх дамаганьняў ад Ташкенту было правядзеньне незалежнага расьсьледаваньня андыжанскай трагедыі. І вось у мінулым месяцы Брусэль ужо другі раз прыпыніў дзеяньне гэтых санкцыяў на шэсьць месяцаў.

Паводле Эндру Строўлайна зь Міжнароднай антыкрызыснай групы, які працаваў нейкі час ва Ўзбэкістане, у кастрычніку эўрапейскія санкцыі супроць Ташкенту ўвогуле перастануць дзейнічаць. Строўлайн лічыць, што Брусэль прыпыніў санкцыі ўсяго за абяцаньні Ташкента палепшыць сытуацыю з правамі чалавека, а не за сапраўдны прагрэс. Ніякага незалежнага расьсьледаваньня разьні ў Андыжане рэжым прэзыдэнта Іслама Карымава і не зьбіраўся праводзіць – напісаў Строўлайн у “Wall Street Journal” за 20 траўня.

Строўлайн таксама зьвяртае ўвагу, што Нямеччына была той краінай, якая наймацней лабіравала прыпыненьне санкцыяў супроць Узбэкістану. Дзеля гэтага, паясьняе ён, у Бэрліна былі дзьве прычыны: а) нямецкая вайсковая база ва ўзбэцкім горадзе Тэрмэзе; б) спадзяваньне, што Ўзбэкістан дапаможа Эўропе дывэрсыфікаваць газавы імпарт, пастаўляючы свой газ у абыход Расеі.

У сувязі з гэтым прыгадваецца ангажаванасьць Нямеччыны ў наладжваньне дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем у лютым і сакавіку, калі Менск даў зразумець Эўропе, што можа вызваліць палітычных вязьняў у абмен за паляпшэньне стасункаў.

Дарэчы, Строўлайн у сваім артыкуле у “Wall Street Journal” згадвае і беларускі аспэкт рашэньня ЭЗ прыпыніць санкцыі супроць Ташкента:

“Манэўры Бэрліна ў падтрымку рэжыму Карымава моцна дыскрэдытавалі ЭЗ. Пасыл, які з гэтага эпізоду могуць прачытаць іншыя аўтарытарныя краіны, такія як Беларусь, Бірма ці Зімбабвэ, больш чым ясны: ня трэба выконваць ніякіх умоваў, каб дамагчыся зьняцьця эўрапейскіх санкцыяў. Дастаткова пачакаць. ЭЗ сам адступіцца даволі хутка”.

Ці так будзе і ў стасунках Брусэлю зь Менскам?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG