Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэю Кіму дазволілі спатканьне зь сяброўкай


Заўтра Андрэя Кіма перавядуць у Бабруйскую калёнію -- пра гэта “Свабодзе” паведаміла маці палітвязьня Тацяна Кім.


Днямі яшчэ ў Менскім сьледчым ізалятары яго наведала сяброўка Люба Цітова. Вось што дзяўчына распавяла пра Андрэя для “Свабоды”:

“Час прайшоў вельмі хутка, здаецца, і мала пагаварылі. Выглядае нядрэнна. З вачыма ўжо ўсё добра, пачырваненьняў няма, але ён казаў, што пачаліся праблемы з зубамі. А збольшага настрой добры”.

Месяц таму Андрэя Кіма зьмясьцілі на лячэньне ў рэспубліканскі турэмны шпіталь з запаленьнем вачэй. Падчас знаходжаньня ў шпіталі зь ім сустрэлася маці Тацяна Кім. Паводле маці актывіста, ён скардзіўся на перанаселенасьць у камэры, адсутнасьць сьвежага паветра.

Нагадаем, Цэнтральны суд Менску асудзіў Андрэя Кіма на 1,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў нападзе на міліцыянта падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Андрэй Кім з прысудам ня згодны і падаў на яго скаргу.

Тэрмін разгляду скаргі ў Менскім гарадзкім судзе яшчэ ня вызначаны. “Андрэй падаў заўвагі на пратакол судовага паседжаньня, у якім знайшоў шэраг недакладнасьцяў у паказаньнях сьведак”, — патлумачыла Тацяна Кім.

Паводле маці Андрэя Кіма, ён спадзяецца, што касацыйны суд зьменіць прысуд са зьняволеньня на абмежаваньне волі. “На гэты выпадак ён заклапочаны, каб знайсьці працу. Ён былы студэнт гістфаку, можа працаваць і гукаапэратарам, і проста рабочым. Андрэй зьвяртаецца па дапамогу да людзей, якія яму спачуваюць”, — кажа Тацяна Кім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG