Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Спэцназаўцы пагражалі маёй адвакатцы"


З турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшлі карэспандэнт незалежнага тыднёвіка “Наша Ніва” Яраслаў Сьцешык і актывіст кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Глеб Курцоў.


Яны адседзелі па 5 сутак арышту паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве. 15 траўня спэцназаўцы міліцыі затрымалі хлопцаў на праспэкце Пераможцаў пад час моладзевага пэрформансу. Глеб быў удзельнікам акцыі, а Яраслаў здымаў усё на відэакамэру.

Увечары 20 траўня Яраслава Сьцешыка і Глеба Курцова прыехалі сустракаць сябры і паплечнікі зь іншых моладзевых арганізацый. Праз нейкі час высьветлілася, што Глеба адпусьцілі на дзьве, а Яраслава на адну гадзіну раней.

Калі Глеб упершыню трапіў у турму на вуліцы Акрэсьціна, то Яраслаў трапіў за краты трэці раз. Першы раз ён адседзеў трое сутак за ўдзел у акцыі “Канчатковы дыягназ”, якую ладзілі актывісты незарэгістраванага руху “Зубр” у дзень псыхічнага здароўя ў 2000 годзе. Потым, у 2002 годзе, ён атрымаў 10 сутак за ўдзел у акцыі “Так жыць нельга”.

Яраслаў трапіў за краты ўжо як карэспандэнт газэты “Наша Ніва”. Ён апавёў пра сваё затрыманьне:

“Здымаў момант затрыманьня Глеба. Да мяне падбег спэцназавец Навічонак і сказаў, што здымаць нельга. Ён казаў, што паколькі я журналіст, то мяне потым адпусьцяць і прапанаваў пайсьці зь ім у аўтобус. А там быў гэта “старлей” Дзіма. Які ўвесь час хаваў ад нас свой бэджык, каб мы, крый Божа, ня ўбачылі ягонае прозьвішча. Ён пачаў вар’яцець, крычаць. Адабраў камэру, адабраў мабільнік. Кажу: “Давайце так – калі вам не падабаецца, што мы вас здымаем на відэа, я касэту перапішу і пайду дадому”. А ён кажа: “А ў мяне іншая прапанова – мы цябе адвязем у РУУС і потым пасадзім на суткі”. Кажу: “За што?”. Кажа: “Знойдзем за што... лаяўся матам”.

Яраслаў Сьцешык трапіў у тую ж камэру № 17, у якой калісь адбываў арышт.

“Там я ў свой час намаляваў, надрапаў зубраня ў 2002 годзе. Ён там застаўся непафарбаваны”.

Яраслаў Сьцешык абураны паводзінамі спэцназаўцаў, якія давалі паказаньні ў судзе.

“За нецэнзурную лаянку саджаюць ня толькі апазыцыянэраў, мастакоў. Цяпер ужо саджаюць журналістаў. Справа ў тым, што гэтыя спэцназаўцы пагражалі маёй адвакатцы. Яны сказалі ёй: “Ты сядзеш наступная”. Гэта пагроза ня толькі адвакату. Гэта пагроза ўсяму грамадзтву. Я ня ведаю ніводнага выпадку, калі міліцыянта прыцягнулі да адказнасьці за ілжэсьведчаньне. Гэта стала сыстэмаў і ў выніку яны зрабіліся беспакараным органам улады”.

Паводле інфармацыі сяброў Глеба Курцова, ён пакінуў тэрыторыю Беларусі і вернецца праз некалькі месяцаў.

Нягледзячы на тое, што хлопцы адседзелі вызначаны тэрмін пакараньня, адвакаты Глеба і Яраслава будуць падаваць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі і дабівацца, каб прысуд прызналі незаконным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG