Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Травень – апошні месяц для грамадзкіх арганізацыяў?


Ужо ў гэтым месяцы шмат якія грамадзкія аб’яднаньні Беларусі апынуцца перад пагрозай ліквідацыі.

24 красавіка набыў сілу ўказ Аляксандра Лукашэнкі, у адпаведнасьці зь якім падчас аплаты арэнды скасаваны паніжальны каэфіцыент 0,1 для арганізацыяў, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю. Фактычна кошт арэнды павысіўся ў 10 разоў, бо да нядаўняга часу стандартная стаўка складала 10 эўра за 1 квадратны мэтар, ільготная – 1 эўра. Радыкальнае падаражэньне квадратнага мэтра нерухомасьці можа прывесьці да ліквідацыі сотняў аб'яднаньняў грамадзянскай супольнасьці па ўсёй краіне.

Старшыня сталічнага Саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін расказвае, што ў адпаведнасьці з новымі правіламі аплаты арэнды, якія былі прынятыя тры месяцы таму, арандадаўца павінен патрабаваць грошай ад “кватарантаў” наперад. Таму вырашальным для многіх грамадзкіх арганізацыяў стане менавіта травень, калі недзяржаўныя арганізацыі будуць вымушаныя плаціць за чэрвень. Як што дагэтуль сярэдняя сума арандаванага пакою складала ў сярэднім 80 – 100 эўра на месяц, то цяпер яе давядзецца памнажаць у 10 разоў. А заплаціць тысячу эўра арганізацыя, якая займаецца гуманітарнай ці адукацыйнай дзейнасьцю, наўрад ці здольная:
З рэгіёнаў ідуць тэлефанаваньні, лісты


“Сытуацыя вельмі сур’ёзная, вельмі складаная. З усіх рэгіёнаў ідуць тэлефанаваньні, лісты, людзі намагаюцца высьветліць сытуацыю. Мы прыпынілі набор людзей, то бок калі хтосьці звальняецца, новых не набіраем. Скарачаем свае выдаткі, адмаўляемся ад некаторых відаў дзейнасьці. Дагэтуль была льгота для грамадзкіх аб’яднаньняў, яна ўжывалася да 75 мэтраў на арандаваную плошчу ў адпаведнасьці зь пералікам ва ўказе прэзыдэнта. То бок палёгка распаўсюджвалася толькі на гэтыя 75 мэтраў, тады як на астатнія мэтры аплата была звычайная. А цяпер скасаваная й гэтая льгота, якая давала магчымасьць некамэрцыйным грамадзкім аб’яднаньням ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць”.

У якасьці вырашэньня праблемы кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў прапануюць пакінуць ім хоць бы 75 ільготных квадратных мэтраў. Указам Лукашэнкі ад 2002 году, нагадваюць яны ў калектыўным лісьце на імя прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, льготная плошча для аб'яднаньняў была вызначаная менавіта ў памеры да 75 “квадратаў”. Палажэньне служыла істотнай падтрымкай недзяржаўным структурам, прычым без асаблівых стратаў для бюджэту. З уступленьнем у сілу новага ўказу грамадзкія арганізацыі гэтую падтрымку страцілі.

Старшыня праўленьня грамадзкага аб'яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслаў Кобаса лічыць, што кампанія на “ураўноўваньне” ў фінансавых правах гуманітарных арганізацыяў з камэрцыйнымі структурамі перасьледуе цалкам відавочную мэту:
Нас ударылі, а мы, як мышы пад венікам, сядзім ціхенька


“Гэтае падвышэньне аплаты – вельмі балючае пытаньне, якое ўдарыць па шмат якіх арганізацыях. Проста многія будуць ня здольныя гэта асіліць. Для грамадзкай арганізацыі гэта вялізныя сродкі. Вельмі цяжка, бо гэта на парадак вышэй і цяжка сабе ўявіць – што і як? Тут выйсьце такое: або набіраць шмат праектаў, душыцца імі, дняваць і начаваць, каб гэтыя праекты зрабіць і неяк выходзіць з сытуацыі... У іншым выпадку я ня ведаю як.

Разам з тым мы тут не найлепшым чынам адзначыліся. Нас ударылі, а мы, як мышы пад венікам, сядзім ціхенька. Ніхто асабліва не пратэстуе. Хоць зразумела, што – крычы не крычы – тут мала што дапаможа. Патрэбныя нейкія іншыя рэчы, каб гэта паправіць. Тым ня меней гэта вельмі і вельмі сур’ёзнае пытаньне для грамадзкіх арганізацыяў. Для сапраўдных грамадзкіх арганізацыяў, а ня створаных пад тую ці іншую праблему той жа дзяржавай. Так іх будзе яшчэ меней. Але, мабыць, на гэта і разьлік быў”.

Паказальна, што за грамадзкімі аб’яднаньнямі, створанымі пад эгідай дзяржавы, палёгкі ў аплаце арэнды памяшканьняў пакінутыя. Перадусім гэта тычыцца прафсаюзных арганізацыяў, якія ўваходзяць у склад афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама структурных падразьдзяленьняў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Асобна ў сьпісе значацца творчыя саюзы, якім для разьмяшчэньня майстэрняў, галерэяў, салёнаў плошчай да 100 квадратных мэтраў фармальна пакінутыя льготныя расцэнкі. Аднак на практыцы чыноўнікі ўжо трансфармавалі ўказ на свой манер, даючы на ўвесь саюз адну квоту на 100 квадратных мэтраў.

Для вырашэньня спрэчак на загад Савету міністраў заснавана экспэртная камісія, якая засядае раз на два тыдні і разглядае шматлікія скаргі і апэляцыі нязгодных з новымі тарыфамі. Учора ўвечары адбылося першае паседжаньне. Наступнае – на пачатку лета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG