Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Марачкін: гэта вобраз пакутаў і плачу <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Мастак Аляксей Марачкін аднавіў абраз Маці Божай Курапацкай на каплічцы ў Курапацкім лесе, які быў пашкоджаны вандаламі.


Сёньня ўвечары Аляксей Марачкін прыехаў у Курапацкі лес разам з сынам Ігарам. Яны зьнялі дошку з каплічкі, да якой быў прымацаваны пашкоджаны вандаламі абраз маці Божай Курапацкай і на яе месца прымацавалі новую рэпрадукцыю. Спадар Марачкін сказаў, што забірае пашкоджаную выяву абраза для музэю вандалізму.

Арыгінал абраза Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных, напісаны мастаком каля пяці гадоў таму, знаходзіцца ў Чырвоным касьцёле. Рэстаўрацыяй рэпрадукцыі абраза на каплічцы ў Курапацкім лесе спадар Марачкін займаецца ўжо трэці раз.

“Ужо трэці раз мы займаемся тым, каб неяк аднавіць гэтую каплічку. Тое, што зрабілі вандалы, гэта, канечне, уражвае настолькі. І мы думаем з маім сынам Ігарам зрабіць плякат, якраз прысьвечаны Курапатам. Бо вандалы, калі абрывалі гэтую выяву, то нейкім чынам засталося вока Маці Божай і сьлёзы. Гэта так сымбалічна. Гэта вобраз пакутаў і вобраз плачу. Але сёньня мы знаходзімся ў Курапатах і мы адновім гэтую каплічку і будзем спадзявацца, што, можа, усё ж такі ў тых, хто робіць такую чорную справу прачнецца сумленьне. Бо для нас Курапаты, як для палякаў Катынь. Гэта месца нявінна расстраляных”.

Пра тое, што абраз Маці Божай на каплічцы ў Курапацкім лесе быў пашкоджаны вандаламі, стала вядома на пачатку траўня. Якраз у гэты час мастак знаходзіўся ў вёсцы Барсукі. Пасьля вяртаньня ў Менск ён наведаў Курапацкі лес.

“Я проста ўражаны. У гэтага вандала рука, відаць, можа і нічога ня стрымлівала. Але ва ўсякім разе частка ліка, вока са сьлязой засталося. Гэта нібыта пакутніцкая сьляза ў Курапатах. Гэта вось сёньняшні стан зьдзеку над гэтым пакутным месцам ”.

Каплічка ўсталяваная побач зь Крыжам Пакуты на ўваходзе ў Курапацкі лес. На ёй выява абраза маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Яна была ўсталяваная на Дзяды ў 2003 годзе. У сьнежні 2005 году на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі. 5 кастрычніка 2007 года А.Марачкін абнавіў каплічку.



– Адноўлены абраз маці Божай Курапацкай





– Аляксей Марачкін забраў з сабой пашкоджаны абраз. Ён сказаў: “Для музэю вандалізму”




– Аляксей і Ігар Марачкіны каля адноўленай каплічкі





Так выглядаў абраз пасьля апаганьваньня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG