Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя пацыенты Віцебскага сухотнага шпіталю, які знаходзіцца ў мястэчку Багушэўск Сеньненскага раёну, зьвярнуліся да ўладаў з пратэстам у сувязі з кепскімі ўмовамі ўтрыманьня ў лячэбнай установе.

Натальля і Валер Драбышэўскія, абое інваліды другой групы, штогод праходзяць курсы лячэньня ў Багушэўскім шпіталі для сухотнікаў. Яны цьвердзяць, што ўмовы там год ад году пагаршаюцца: пацыенты скардзяцца на адсутнасьць гарачай вады, няякаснае харчаваньне і антысанітарыю ў перапоўненых палатах — замест 340 хворых, як прадугледжана аддзелам аховы здароўя, тут знаходзяцца каля 500 чалавек.


Паводле Натальлі Драбышэўскай, празь некалькі дзён каля ста хворых меркавалі распачаць галадоўку пратэсту. Аднак пасьля таго, як учора іх —сямейную пару арганізатараў — тэрмінова выпісалі са шпіталя, людзі баяцца адкрыта адстойваць свае інтарэсы.

“У асноўным абураліся хворыя з другога, трэцяга і чацьвёртага аддзяленьняў, — кажа Натальля Драбышэўская. — Шостае аддзяленьне — гэта дзе хворыя праходзяць прымусовае лячэньне — падтрымала б нас поўнасьцю. Аднак учора мне тэлефанавалі і з маёй былой палаты, і знаёмыя мужа — людзі баяцца”.

Натальля Драбышэўская ня пэўная, што галадоўка адбудзецца, аднак яны з мужам вырашылі змагацца за правы хворых іншым шляхам: напісаць заяву пра парушэньні ў пракуратуру і санітарныя службы. У Аршанскай гарадзкой пракуратуры адмовіліся прыняць іхную скаргу, спаслаўшыся на тое, што горад Багушэўск знаходзіцца ў Сеньненскім раёне, а не ў Аршанскім. Драбышэўскія ж лічаць такое рашэньне няправільным, бо самі яны — жыхары Воршы. Праз пошту яны накіравалі скаргі ў пракуратуры Воршы і Сянна, а таксама ў Віцебскі абласны аддзел аховы здароўя.

Павел Грэбель, загадчык арганізацыйна-мэтадычнага кабінэта Віцебскага абласнога супрацьсухотнага дыспансэра лічыць скаргі пацыентаў Багушэўскага шпіталя беспадстаўнымі.

“Я ня ведаю, чым яны незадаволеныя. Ну, шпіталь крыху перапоўнены — дык для нас гэта звыклая зьява, — кажа спадар Грэбель. — Разумееце, шмат што залежыць і ад фінансаваньня, на жаль. Мы ня вельмі багатыя. А так штотыдзень наша адміністрацыя туды езьдзіць, але ж вы разумееце: калі людзям кажуць “Зьвяртайцеся!”, арганізуюць розныя “гарачыя лініі”, дык ахвотных паскардзіцца вельмі шмат. Даступнасьць, бясплатнасьць — усё гэта трохі разбэшчвае...”

У студзені 2008 году Натальля Драбышэўская знаходзілася ў сухотным шпіталі ў Наваельні Дзятлаўскага раёну і брала ўдзел у галадоўцы пацыентаў з патрабаваньнем належных ўмоваў ўтрыманьня. Яна кажа, што ў Багушэўску ўмовы непараўнальна горшыя. Ейны муж Валер Драбышэўскі зьняў на відэа інтэр’еры палат і месцаў агульнага карыстаньня, а таксама са згоды хворых зрабіў колькі фотаздымкаў. Усё гэта Драбышэўскія таксама мяркуюць даслаць у пракуратуру ды санстанцыю, каб пацьвердзіць свае словы.



Натальля таксама распавяла, што галоўны лекар Багушэўскага шпіталя Натальля Лясная назвала яе апазыцыянэркай — толькі за тое, што яна распавяла аб праблемах журналістам, а суседзям па палаце прапанавала пачытаць газэту “Товарищ”.

Праваабаронца Васіль Леўчанкаў, Натальля і Валер Драбышэўскія

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG