Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія выданьні сярод ляўрэатаў прэміі фонду “Цайт”


Гэта інтэрнэт-газэта “Ежедневник” і грамадзка-палітычная “Газета Слонімская”. Уручэньне прэміі адбылося 19 траўня ў ратушы Гамбурга (Нямеччына).

“Газета Слонімская” прызнана найлепшай за асьвятленьне падзеяў у рэгіёне, а “Ежедневник” — за новы для Беларусі фармат: выданьне рыхтуецца як звычайная газэта, але рассылаецца падпісчыкам па электроннай пошце.

Прэмія фонду “Цайт” — штогадовая ўзнагарода. Яе прысуджаюць паводле вынікаў конкурсу сярод журналістаў і СМІ з Расеі, Беларусі, Украіны, Грузіі й Паўночнага Каўказу, якія ў сваёй працы выступаюць за свабоду слова й лібэральную грамадзянскую супольнасьць. Прэмія заснавана ў 2000 годзе ў гонар юрыста, журналіста й выдаўца Герда Буцэрыюса.

Нагадаю, што “Газета Слонімская” надалей знаходзіцца пад пагрозай закрыцьця. Рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня, а знайсьці новае, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.

Па вусным загадзе мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, а рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі). У лісьце зьмешчана пагроза ануляваць ліцэнзію.

Усё гэта ў дадатак да таго, што вось ужо цягам двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, бо дамову не працягнулі.
XS
SM
MD
LG